Парафія 1

Друк
Пробашч а. др. Юзаф Макарчык OFMConv
Св. Імша  у нядзелю і святы 8.00, 9.30, 11.00, 12.30,19.00, (20.00 летам)
у звычайныя дні 8.00, 8.30, 19.00
  • Адрас2: 230011 Гродна вул.Цітова, 11а
  • Адпуст: 2 жніўня - Маці Божай Анельскай
  • Тэлефон:: (0152) 52-48-42
  • Адрас пробашча: 230011, г. Гродна, ул. Краснопартизанская 1-2 Тэл. (01522) 52-13-52


З жыцця парафіі:

    1903 – 1905 гг. – пробашчам парафіі з’яўляецца ксёндз Юзаф Фордон.
    1915 г. – а. Мельхіёр Фордон ратуе ад смерці 13 пажарных з Гродна.
    1919 г. – вяртанне францішканаў у Гродна, а. Фордон з’яўляецца іх першым гвардыянам.
    1922 – 1927 гг. – пры парафіі працуе св. Максімільян Кольбэ.
    1988 – 1989 гг. – пробашчам парафіі з’яўляецца ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч, першы біскуп Беларусі.
У 1635 г. у Гродна з дапамогай упіцкага старасты Яўстафа Курча і яго жонкі Сузанны з рода Тышкевічаў прыбылі меншыя канвентуальныя браты (францішкане). Яўстафій Курч выклікаў манахаў у Занёманскае прадмесце, ахвяруючы ім для жылля вялікі абсталяваны мураваны дом, размешчаны ў горадзе па вуліцы Маставой. Манахі жылі ў ім да пары ўзвядзення драўлянага кляштара ў прадмесці, пасля чаго яны прадалі яго ў 1651 г. У 1635 г. паўстаў невялікі драўляны касцёлік Анельскай Божай Маці. У 1659 г. падчас вайны касцёл быў знішчаны. У 1660 г. было пачата будаўніцтва трохнефнай базылікі з дабудаванай з левага боку (ад нартэкса) званіцы з гадзіннікам і мураванага кляштарнага будынка. З 1697 г. новая святыня стала парафіяльным касцёлам. †
Двухпавярховы кляштарны корпус быў узведзены ў форме падковы і разам з касцёлам утвараў замкнуты дзядзінец з унутраным дваром. Сцены былі ўпрыгожаны пілястрамі і карнізамі. У кляштары былі 24 манаскія келлі. Цяпер тут размяшчаецца шпіталь. Збераглася таксама частка кляштарнай агароджы з барочнай двухяруснай брамай.
    22 лістапада 1744 г. дапаможны біскуп Юзаф Пузына з Вільні кансэкраваў касцёл Анельскай Божай Маці. У 1759 г. была праведзена перабудова – зняты вялікі купал з-над галоўнага нефа, паднята вежа на 4 метры і накрыта малым шлемам у стылі ракако. Касцёл быў перабудаваны, дзякуючы падтрымцы мсціслаўскай каштэляншы Канстанцыі Лазовай з Юндзілаў, якая дала грошы і на арганы. Пад пліткавай падлогай касцёла знаходзіліся тры грабніцы: Юндзілаў, аа. францішканаў і князя Агінскага, які быў прывезены са Свіслачы.
    Драўляны двухярусны галоўны алтар быў выкананы ў першай палове XVIII ст. У цэнтры яго была размешчана драўляная кампазіцыя “Каранацыя НПМ” – у першым ярусе і “Стыгматызацыя св. Францішка” – у другім. Увагі заслугоўвае амбона ў стылі ракако, аздобленая скульптурамі чатырох евангелістаў, з балдахінам, увенчаным фігурай св. Міхала-Арханёла.
    За галоўным алтаром і па баках быў размешчаны манаскі хор з аздобленымі лавамі. Заканчэннем прэзбітэрыя з боку нефаў была паўкруглая дубовая балюстрада, што выконвала функцыю “камунійнага стала” для вернікаў. Увесь прэзбітэрый быў абкружаны драўлянымі кратамі, шчодра аздобленымі, што аддзялялі манахаў ў манаскім хоры ад вернікаў, тым самым запэўніваючы ім атмасферу для малітвы.
    У бакавых нефах было ўстаноўлена 8 алтароў. І яны былі прысвечаны Анельскай Божай Маці, Укрыжаванаму Езусу (барэльеф), св. Бонавэнтуру, св. Францішку, св. Антонію, св. Юзафу, Узлюбленаму НПМ; Балеснай Божай Маці (барэльеф) і св. Міхалу-Арханёлу. Увесь касцёл быў выкладзены прыгожай мармуровай пліткай, меў скляпенне ў выглядзе калыскі з люнетамі, дзе былі размешчаны вокны. На вежы, што выконвала функцыю званіцы, у 1799 г. віселі тры званы і гадзіннік.
    Выгляд касцёла вачамі айца-правінцыяла Алаізія Карвацкага падчас візітацыі ў 1919 г.    “Галоўны алтар – гэта вялікая яго частка над сталом, разбудаваная ў архітэктурным плане і багата аздобленая, што дасягае скляпення. На першым плане размешчана скульптура каранацыі Божай Маці на Каралеву – Анельская Божая Маці – галоўная заступніца касцёла. Па баках яе стаялі дзве фігуры: св. Францішка і св. Антонія. На другім ярусе быў змешчаны барэльеф – стыгматы св. Францішка, а па баках – дзве фігуры біскупаў. На самым версе галоўнага алтара была відаць фігура Беззаганнай, што дасягала скляпення. Астатнія алтары – двухярусныя збудаванні, пераплеценыя архітэктурнымі, скульптурнымі і мастацкімі формамі. Двухярусная канструкцыя алтароў садзейнічала таму, што алтары мелі пераважна двух апекуноў. Абраз ці барэльеф, ці скульптура ў ніжнім ярусе вырашалі аб назве алтара. Алтары былі прысвечаны Чанстахоўскай Божай Маці і св. Ганне, св. Антонію, Езусу на крыжы і Хрысту, які нясе крыж; св. Францішку і св. Станіславу, біскупу і мучаніку; Езусу, знятаму з крыжа і паўсталаму з памерлых; св. Юзафу, Узлюбленаму НПМ і св. Міхалу-Арханёлу. Апрача гэтага некаторыя алтары мелі заслоны, на якіх былі прадстаўлены таксама іншыя святыя.
    На сценах касцёла вісела 12 абразоў, дзе былі намаляваны святыя францішкане, заснавальнікі, дабрадзеі касцёла і выдатныя прадаўжальнікі справы св. Францішка. Знаходзіліся тут таксама 14 вялікіх абразоў стацыі Крыжовага шляху”.
    Ля касцёла функцыянаваў драўляны прытулак для бяздомных. Падчас пажару 22 красавіка 1832 г. прытулак згарэў і не быў адбудаваны. У 1864 г. касцёл выконваў ролю расійскай турмы для польскіх ксяндзоў і манахаў. Кляштар як турма функцыянаваў да 1919 г. У 1920 г. быў расстраляны бальшэвікамі гвардыян і пробашч а. Блажэй Юстван. У 1922 – 1927 гг. працаваў пры парафіі св. Максімільян Марыя Кольбэ. У 1943 г. у Навумавічах расстралялі пробашча і гвардыяна а. Дыянісія Клімчака. У пасляваенныя гады святыня дзейнічала. Увесь час касцёл і кляштар былі адкрыты як францішканскія, з перапынкамі ў 1900 – 1918 і 1975 – 1991 гг., калі знаходзіліся пад апекай дыяцэзіяльных святароў.
    У 1991 г. францішкане вярнуліся ў Гродна, узяўшы пад душпастырскую апеку свой касцёл Анельскай Божай Маці. У 1994 г. у Гродне прайшлі міжнародныя касцёльныя ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння св. Максімільяна, якія працаваў у гэтым горадзе ў 1922 – 1927 гг. У 2005 г. адбылася каранацыя абраза Тройчы Цудоўнай Божай Маці каронамі, асвечанымі папам Янам Паўлам II.
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.