Дзеці намалююць Біблію

. Дзень Дзіцяці
У межах падрыхтоўкі да ІІ Дыяцэзіяльнага Дня Дзіцяці абвяшчаецца другі конкурс: малюем біблійныя сцэны з Новага Запавету. Трэба намаляваць сюжэт, сцэну, падзею, сітуацыю з Бібліі (Новага Запавету), якая найбольш закранула, запомнілася ці зрабіла ўражанне.

Умовы ўдзелу:
- фармат малюнка – А4
- праца павінна намалявацца самім дзіцём
- узрост удзельнікаў – 4-14 гадоў

Працы на конкурс трэба даслаць да 15 мая па адрасе: 230025, Гродна, вул. К. Маркса, 4, з надпісам на канверце: ІІ Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці.

Пазней гэтыя малюнкі будуць укладзеныя да Бібліі, перапісанай дзецьмі з усёй дыяцэзіі і Беларусі. За ўдзел у конкурсе кожны хлопчык і дзяўчынка атрымае сюрпрыз.

Нагадваем, што зараз ідзе падрыхтоўка да ІІ Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, які адбудзецца 1 чэрвеня у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне. Да ўдзелу ў свяце запрашаюцца дзеці з дыяцэзіі і з усёй Беларусі.

Каб дапамагчы дзецям адкрыць і пазнаць Хрыста, быў абвешчаны першы конкурс - заданне, заснаванае на перапісванні Новага Запавету. Арганізатары ІІ Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці звяртаюцца з вялікай просьбай да духоўных і свецкіх катэхетаў стварыць магчымасць паўдзельнічаць у гэтым конкурсе дзецям на лекцыях па рэлігіі, тлумачачы ім пры гэтым сэнс Святога Пісання. Перапісваць тэкст можна на любой мове, пасля чаго даслаць на адрас: 230025, Гродна, вул. К. Маркса, 4, з надпісам на канверце: ІІ Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці.

Да ўдзелу ў конкурсе, як і ва ўсім мерапрыемстве, запрашаюцца дзеці з усёй Беларусі. Усіх удзельнікаў чакае сюрпрыз. Перапісаны тэкст будзе прынесены да алтара падчас урачыстай святой Імшы 1 чэрвеня ў Гродне.

Каб атрымаць фрагмент тэксту для ўдзелу ў конкурсе і пачуць падрабязную інфармацыю пра ІІ Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці, неабходна напісаць на электронную пошту або пазваніць па тэлефонах: sakralna@op.pl, +375 29 784 05 72, +375 44 460 61 40

Па словах арганізатараў, у конкурс па перапісванні Бібліі заангажавалася ўжо шмат дзяцей. Першымі перапісалі і даслалі свае працы дзеці з пар. Св. Апостала Андрэя з Нарачы (Мінска-Магілёўская дыяцэзія).
Запрашаем усіх дзяцей актыўна прымаць удзел у конкурсах!

Кс. Юры Марціновіч, адказны за ІІ Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.