Дзень другі. Катэхезы: разважанні над умовамі добрай споведзі Друк
Дні моладзі 2012
Другі дзень Дыяцэзіяльных дзён моладзі распачаўся з ранішняй малітвы.

Гучала адна з самых прыгожых малітваў – малітва аб духу любові св. Францішка:
Учыні мяне, Пане, прыладаю Твайго спакою,
каб нёс любоў туды, дзе пануе нянавісць,
каб прабачаў там, дзе абражаюць…”

Моладзь малілася да Маці Божай, каб Яна вяла найпростай дарогай да Пана Езуса:

“Пакажы любоў і радасць жыцця з Богам”.

Пасля ранішніх малітваў удзельнікі сустрэчы размеркаваліся па 5 групах для разважанняў аб 5 умовах добрай споведзі.

Моладдзю першай групы кіравала ў разважаннях с. Аліцыя з Ваўкавыска. Хлопцы і дзяўчаты падзяліліся на меншыя групы, каб паразмаўляць на тэму рахунку сумлення паводле 10 Божых запаведзей. Кіраўнікам груп даводзілася добра выкладацца, каб разварушыць хлопцаў і дзяўчат зранку ды пад гарачым сонцам. С. Аліцыя падрыхтавала кожнай падгрупе заданні, якія моладзь выконвала падчас катэхезы.

Над жалем за грахі разважалі ўдзельнікі другой групы, катэхезу ў якой праводзіў а. Павел з Гудагая.

Удзельнікаў трэцяй групы запальваў а. Сяргей з Геранёнаў, разважаючы на тэму “Моцная пастанова выправіцца”.

- Задайце сабе пытанне перад споведдзю: чаму я так зрабіў? Якія прычыны такога майго ўчынка? Адказы на гэтыя пытанні павінны нам паказаць нашыя ўнутраныя матывы, што намі кіруе, якія унутраныя механізмы прыводзяць да граху. Таксама важнае пытанне – якія наступствы майго дрэннага ўчынка? Як інтэлігентная асоба, чалавек можа апраўдаць любы свой учынак. А ў шчырай размове з сабой трэба паспрабаваць знайсці існасць зла ў сваім сэрцы, каб паказаць яго Богу, а таксама прасіць даравання і сіл змагацца з ім, каб паспрабаваць выправіць прычыну граху.

У чацвёртай групе на тэму шчырай споведзі з моладдзю працаваў кс. Ян з Ваўкавыска:

- Вельмі важна быць шчырымі на споведзі. Гэта як у жыцці: нам прасцей камунікаваць у жыцці з людзьмі, якія адкрыты і шчырыя з намі, нават калі яны не ідэальныя. І значна цяжэй знайсці супольную мову з тымі, хто носіць маску. На споведзі Хрыстос чакае ад вас праўдзівага аповеду пра вашыя грахі, заганы, раны, да якіх Ён мог бы дакрануцца і вылечыць.

Кс. Уладыслаў з парафіі Гродна-Паўднёвы размаўляў з моладдзю на тэму “Выкананне прызначанай пакуты”:

- Адзін з самых важных момантаў споведзі – знайсці добрага спаведніка, які адпавядаў бы духоўным патрабаванням веруючага. Такім добрым спаведнікам будзе сталы духоўны кіраўнік, які будзе добра ведаць вас. Святар падобны да лекара, – працягваў кс. Уладыслаў. – Часам здараецца, што святар нам даў недастатковую пакуту, адсюль з’яўляюцца жарты пра 154 стацыі Крыжовага шляху. Аднак святар лепш ведае, якога духоўнага леку вы патрабуеце. Таксама кс. Уладыслаў звярнуў увагу моладзі, што калі вернік не ведае нейкай малітвы, якую прызначыў у якасці пакуты святар, варта пра гэта сказаць адразу ў канфесінале і папрасіць іншую.

Пасля працы на катэхезе кожна група прадставіла вынікі супольных разважанняў.