"Крыж жыцця" Друк
Дні моладзі 2012
фото 090У парафіі Гродна-Дзевятоўка ўжо некалькі гадоў дзейнічае тэатр імя Яна Паўла II пад кіраўніцтвам спадарыні Марыны. Моладзь, якая прымае актыўны ўдзел у жыцці гэтага тэатру прадставіла інсцэніроўку пад назвай “Крыж жыцця”.

Маладыя людзі запрасілі ўсіх да удзелу ў падарожжы на цягніку па жыцці чалавека і па розных непрадбачаных сітуацыях, якія яго на гэтай дарозе чакаюць. Мы ўбачылі асобныя станцыі, якія адлюстроўвалі крытычныя, але вельмі рэальныя сітуацыі, з якімі чалавеку неаднойчы прыходзіцца сутыкнуцца ў жыцці.

Так, моладзь з Дзевятоўкі завяла нас на станцыі: “несправядлівага асуджэння”, “выпрабавання”, “упадку”, “падтрымкі”, “дапамогі”, “адвагі”, “здрады”, “слёз”, “жорсткасці”, “сораму”, “болю”, “сапраўднай любові”, “развітання”, “прытулку”, “надзеі”.

Там усе маглі ўбачыць, як чалавек змагаецца са сваім жыццём, а таксама як Езус і Яго Крыж з’яўляюцца неаспрачальнай і адзінай дапамогай і збаўленнем для беднага і грэшнага чалавека. Бо дарога да сапраўднага жыцця вядзе толькі праз крыж, боль, слёзы, цярпенне, выпрабаванні і інш. Другой дарогі проста няма. Жыццё – гэта крыж, а крыж – гэта жыццё.

Прыгожы спеў, жывая гульня акцёраў спрыяла цудоўнаму перажыванню, за што моладзь з Дзевятоўкі была ўзнагароджана гарачымі апладысментамі і найлепшымі пажаданнямі ад гледачоў.