май
07

Кс. Салабуда: Вяртаецца праграма на тэлебачанне

У нашай дыяцэзіі каталіцкія СМІ ўвесь час развіваюцца. Газета “Слова Жыцця” сёлета адзначала 15-гадовы юбілей, ужо тры гады працуе інтэрнэт-партал нашай дыяцэзіі, мы маем сваю праграму на радыё – “Голас Евангелля”, а таксама каталіцкая тэлестудыя нашай дыяцэзіі робіць запісы ўсіх важнейшых падзей з жыцця мясцовага Касцёла і ўсёй Беларусі. Дыяцэзіяльныя сродкі масавай інфармацыі адыгрываюць вельмі важную ролю ў новай евангелізацыі. Чарговым важным крокам з’яўляецца арганізацыя каталіцкай праграмы “Сімвал веры”.

Адказны за развіццё СМІ ў нашай дыяцэзіі кс. Павел Салабуда адзначыў:

Нас вельмі цешыць, што на дзяржаўнае тэлебачанне вяртаецца праграма пра жыццё католікаў на Гродзеншчыне. Тут я хачу выразіць сваю ўдзячнасць ксяндзу біскупу Аляксандру за цярплівасць, а таксама старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёну Шапіры і дырэкцыі Тэлерадыёкампаніі “Гродна” ў асобе яе дырэктара Мікалая Мельячэнкі за аказаную дапамогу. Гэта будзе праграма пра рэлігійнае жыццё жыхароў Гродзенскай вобласці. Наша каталіцкая праграма будзе выходзіць па чарзе з праграмай, падрыхтаванай нашымі праваслаўнымі братамі. Каталіцкая праграма “Сімвал веры” будзе выходзіць кожны другі аўторак. Першы выпуск будзе прысвечаны Дыяцэзіяльным дням моладзі, якія адбыліся ў канцы красавіка ў Лідзе.

Праграма ствараецца каталіцкай тэлестудыяй Гродзенскай дыяцэзіі па замове РУП РТЦ Тэлерадыёкампанія «Гродна». Першы выпуск перадачы глядзіце ў аўторак 8 мая ў 15.50 на тэлеканале Беларусь-2. У сувязі з Чэмпіянатам свету па хакеі гэта не сталы час выхаду праграмы. Пра змены можна будзе прачытаць на нашай інтэрнэт-старонцы.

На нашым сайце таксама будзе створаны архіў усіх праграм, дзе кожны ахвотны зможа паглядзець праграму яшчэ раз. Запрашаем дасылаць нам лісты з прапановай тэм, якія б вы хацелі пачуць у нашай праграме, на адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4 з подпісам: праграма “Сімвал веры”, або на электронную пошту grodnensis@gmail.com.
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.