maj
07

Пілігрымка маці ў Баруны

Tekst jest w trakcie tlumaczenia na polski
На жаль, нам не вядомы аўтар малога абраза Маці Божай Барунскай, аднак, вядома, што ён з’яўляецца сэрцам Барунаў, якое прыцягвае да гэтага месца шмат людзей, што прагнуць знайсці прытулак пад плашчом Маці. Абавязак па арганізацыі пілігрымак узяў на сябе кс. Павел Паўлюкевіч. Ужо на працягу трох гадоў кс. Павел вядзе групы маці ў Дзень маці, і бацькаў у Дзень бацькі ў пілігрымцы з Ашмян у Баруны.

6 мая, у свята Маці ў нашай дыяцэзіі, адбылася пілігрымка мам з Ашмян у Баруны. Вялікія ўражанні, мілая група, прыязная духоўная атмасфера – так можна апісаць уражанні з пілігрымкі. У гэтым годзе ў ёй прынялі ўдзел 154 маці з Ашмян, Смаргоні і Ліды.

Пілігрымка распачалася супольнай малітвай у парафіяльным касцёле ў Ашмянах, якую правёў кс. пробашч Ян Пузына. Ксёндз Ян блаславіў усіх сабраных і папрасіў пілігрымаў, каб яны ўзялі з сабой таксама просьбы і інтэнцыі ўсёй парафіі. Пасля супольнай малітвы пілігрымы вырушылі са спевам, якім кіравалі клерыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Пасля ранішніх малітваў і Гадзінак да НПМ да пілігрымаў звярнуўся галоўны рэдактар газеты “Слова Жыцця” кс. Павел Салабуда. Сваю першую канферэнцыю кс. Павел прысвяціў малітве, жадаючы адказаць на пачатковыя, але вельмі важныя праўды нашай веры. Маці пачулі адказ на такія пытанні: што такое малітва, як трэба маліцца, якая малітва паспяховая, што нам сёння перашкаджае маліцца. Кс. Павел адзначыў, што чалавек малітвы з’яўляецца шчаслівым чалавекам, ён мае свае каштоўнасці, а ў яго жыцці ўсё ўкладзена.

Падчас пілігрымкі мам клерыкі правялі Вяночак да Божай міласэрнасці і Ружанец. Кс. Павел Паўлюкевіч заахвочваў вернікаў да споведзі і духоўнага перажывання пілігрымкі. Маці вельмі ахвотна ўключаліся ў супольны спеў і малітву. У другой канферэнцыі кс. Павел заахвоціў усіх сабраных да супольнай малітвы ў сем’ях. “Сучасныя людзі ў Беларусі, асабліва таты, – сказаў кс. Салабуда, – баяцца супольнай малітвы ў сям’і. А малітва дапамагае сям’і перамагчы ўсе цяжкасці і ашчасліўлівае яе паасобных членаў. Таму што бацькі навучаюць сваіх дзяцей малітве, а сям’я павінна быць менавіта такім месцам навукі”. Кс. Павел заахвоціў мам, каб яны разам са сваімі мужамі давалі прыклад жывой малітвы ў сем’ях.

У дар для Маці Божай Барунскай мамы прынеслі да алтара вялікі букет руж. Як адзначыў кс. Паўлюкевіч, кожная з мам – гэта такая прыгожая ружа, якая па прыкладзе Марыі павінна памятаць аб сваім пакліканні. Пілігрымку прывітаў кс. Люцыян Дамброўскі, кусташ санктуарыя ў Барунах. Ксёндз Люцыян з вялікай гасціннасцю правёў усіх да алтара Маці Божай. Пасля невялікага адпачынку і смачнага абеду маці сабраліся на маёвым набажэнстве перад алтаром Марыі.

На заканчэнне пілігрымкі была адпраўлена ўрачыстая св. Імша, якую ўзначаліў кс. дзекан Ян Пузына. На Імшу прыбылі амаль усе святары з дэканату, а таксама вялікая колькасць вернікаў. У гэты дзень святыня была перапоўнена. Гамілію абвясціў кс. Павел Салабуда, які заахвоціў вернікаў да сапраўднай Божай радасці. Казнадзей адзначыў, што сёння чалавек не ўмее радавацца таму, што дае Бог, хоць так шмат Божых ласкаў ёсць для кожнага чалавека. Кс. Павел на заканчэнне гаміліі заахвоціў вернікаў верна трываць пры Хрысце і Марыі. Напрыканцы св. Імшы кс. дзекан выразіў вялікую ўдзячнасць за ўдзел у пілігрымцы і за тое, што, нягледзячы на свае цяжкасці і справы, многія знайшлі час для Бога. “Сёння галоўнай праблемай чалавека, – сказаў ксёндз дзекан, – з’яўляецца недахоп часу. Таму я вельмі рады, што вы знайшлі час, каб аддаць павагу Богу падчас гэтага пілігрымавання”. Ксёндз Ян адзначыў, што гэта ўжо традыцыя, якую трэба падтрымліваць, а кусташ санктуарыя запрасіў усіх мам на пілігрымку ўжо за год. Поўныя ўдзячнасці Маці Божай Барунскай, вернікі вярнуліся дамоў. Напэўна, у гэты дзень кожны мог адчуць суцяшэнне ад Маці Божай Суцяшэння ў Барунах. Варта вырушыць у пілігрымку, каб адчуць сябе сапраўды шчаслівым у Божых руках пад апекай Марыі.
   Przy kopiowaniu konieczne jest podanie źródła informacji grodnensis.by.