май
21

У Адамавічах ушанавалі памяць памерлага 25 гадоў таму пробашча кс. Казіміра

Яшчэ жывыя ў парафіі ў Адамавічах людзі, якія памятаюць свайго пробашча кс. Казіміра Арлоўскага. 18 мая прыпала 25-я гадавіна пасля смерці пробашча, які 48 гадоў працаваў пробашчам у Адамавічах. У гэты дзень урачыстую св. Імшу ў парафіяльным касцёле ў Адамавічах цэлебраваў дзекан Сапоцкінскага дэканата кс. Павел Гедройць.

На пачатку Эўхарыстыі кс. Павел заахвоціў шматлікіх прысутных да малітвы ў інтэнцыі памерлага святара. Гамілію абвяшчаў сённяшні пробашч парафіі кс. Аляксандр Шэмет. Кс. Аляксандр узгадваў паслугу кс. Казіміра, якога людзі любілі, які заўсёды цікавіўся, чым жыве яго парафія.

- Гэта быў вялікі пастыр на тыя цяжкія часы, - казаў пра памерлага святара казнадзей.

Кс. Аляксандр прачытаў вернікам сведчанне пра тыя цяжкія часы, калі парафіяне з Адамавіч хацелі бачыць свайго пробашча, якога вывезлі ў Сібір. Адзін мужчына з парафіі, муж і бацька траіх дзяцей, вырашыў паехаць сустрэцца з пробашчам. Нягледзячы на тое, што дарога была далёкая і што жонка баялася страціць мужа і бацьку траіх дзяцей, гэты чалавек быў поўны смеласці і ўсё-ткі здзейсніў гэтае падарожжа, каб сустрэцца з пробашчам. На другі дзень па прыездзе парафіянін сустрэўся са святаром. Акрамя гэтай цяжкай сітуацыі, кс. Казімір як заўсёды распытваў, як жыве яго парафія, ці ўсё добра. Кс. Аляксандр таксама нагадваў вернікам, як шмат людзей з ваколіц ішлі да касцёла ў Адамавічах, бо там быў пастыр, які ўдзяляў сакраманты.

Пасля св. Імшы ўсе сабраліся на парафіяльных могілках, дзе пахаваны кс. Арлоўскі. Пасля супольнай малітвы кс. Валеры Быкоўскі адзначыў, што мае лісты памерлага пробашча, якія ён пісаў да гаспадыні. У сваіх лістах кс. Казімір цікавіўся, як жыве парафія, як маецца людзям, што новага, святар быў да канца пробашчам для сваіх вернікаў. Кс. Павел Гедройць адзначыў, што гэтая магілка святара, якая заўсёды прыбраная, сведчыць пра вялікую павагу парафіян да памерлага святара, а таксама пра любоў “авечак да свайго пастыра”.
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.