май
24

Каталіцкая моладзь зрабіла свята для хворых дзетак

Група каталіцкай моладзі “Воскресенье”, якая ўжо тры гады дзейнічае пры АД “OPEN”, 19 мая зладзіла акцыю для сем’яў, якія выхоўваюць дзетак з цяжкімі захворваннямі і наведваюць Гродзенскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Моладзь арганізавала адпачынак у сядзібе “Каробчыцы” для 28 такіх сямей.

Там шмат дзетак у інвалідных калясках, таму бацькам, а часам толькі адной маці, цяжка ўвогуле куды-небудзь выехаць з такім дзіцём, таму паездка за горад у Каробчыцы для гэтых сямей была сапраўдным святам, – распавяла арганізатарка акцыі і ўдзельніца групы “Воскресенье” Ірына Сосна.

Акцыя была прымеркавана да Дня сям’і, які адзначаецца 15 мая. У Каробчыцах было найбольш мамаў з дзецьмі, але прыехалі і таты. Дзеці каталіся на дыліжансе, конях, затым для ўсіх сямей моладзь зладзіла пікнік і гульні з забавамі. Сюрпрызам усёй праграмы стаў запрошаны клоун, які забаўляў дзетак.

Цікавым момантам стала тое, што клоуну дапамагаў выступаць кіраўнік моладзевага душпастырства кс. Антоні Грэмза. Клоун сказаў, што яму патрэбны памочнік, каб гуляцца з дзецьмі, кс. Антонію выдалі адмысловую вопратку, і ён вельмі весела і годна паказаў сябе ў такой новай ролі, – распавяла Ірына.

Напрыканцы сустрэчы моладзь сфатаграфавала кожную сям’ю. Пасля гэтыя здымкі ўставяць у рамкі і падораць сем’ям падчас выпускнога ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі 27 мая. Гэтае дабрачыннае мерапрыемства стала магчымым дзякуючы ўсеагульнай падтрымцы: гаспадары “Каробчыцаў” далі бясплатна месца для адпачынку на акцыю. Валанцёры самі рыхтавалі салодкія пачастункі, па скідках знайшлі прадукты для пікніка, клоун вызваўся выступіць для хворых дзяцей бясплатна.

























   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.