cze
02

Срэбраныя і залатыя юбіляры ў Гродзенскай дыяцэзіі

Tekst jest w trakcie tlumaczenia na polski
На пачатку св. Імшы ксёндз біскуп Аляксандр, які адзначаў 36-ю гадавіну святарскіх пасвячэнняў, нагадаў, што ў гэты дзень Касцёл абыходзіць успамін Наведвання Найсвяцейшай Панны Марыі, апошні дзень месяца мая, калі ў касцёлах, капліцах і каля прыдарожных крыжоў адбываюцца набажэнствы да Марыі, якую называюць Каралевай Апосталаў і Маці святароў.

Марыя кіруе намі, і праз Яе заступніцтва мы хочам дзякаваць Пану Богу за дар паклікання, за дар святарства, як і прасіць прабачэння за нашыя хібы. З вялікай надзеяй заахвочваю вас, браты і сёстры, памятаць у сваіх малітвах святароў, каб мы вытрывалі ў сваім служэнні да канца жыцця, – дадаў ксёндз біскуп.

Казанне прамовіў кс. Юзаф Трубовіч. У гаміліі казнадзей згадаў часы атэізму, калі вынішчалася духоўнасць і храмы. Аднак, казаў кс. Юзаф, трэба дзякаваць Богу за ўсіх святароў і за ўсе літургіі, якія цэлебраваліся ў тыя цяжкія часы. Пачатак святарства сённяшніх юбіляраў прыпаў акурат на той час. Тыя, хто хацеў пайсці шляхам святара, ехалі паступаць у Рыжскую духоўную семінарыю. Латвія прыязна прымала юнакоў розных нацыянальнасцей. Значная колькасць тагачасных святароў, якія служылі ў Беларусі, выйшла з той духоўнай установы.

Напрыканцы літургіі клерыкі Гродзенскай ВДС павіншавалі святароў-юбіляраў і падзякавалі за іх служэнне. Ад імя святароў, якія адзначалі свой юбілей, выказаўся кс. Аляксандр Шэмет:

Ці лёгка было калісьці пакінуць бацькоўскі дом і абраць тую дарогу, якую вызначыў Пан Езус? Што значыць 25, або нават і 50 гадоў у школе Хрыстовага Евангелля? Езус паклікаў, Езус вызначыў, бо Ён выбірае кожнага.

Святар адораны такой годнасцю, працягваў кс. Аляксандр, што праз яго рукі Хрыстос робіцца падобным да чалавека. У гэты момант святар ад імя ўсіх юбіляраў падзякаваў кс. біскупу Аляксандру за апеку, “які ўвесь час прытуляе нас як айцец на нашай святарскай дарозе”.

Пасля св. Імшы юбіляраў сустракалі родныя і сябры з віншавальнымі словамі, кветкамі і падарункамі.
   Przy kopiowaniu konieczne jest podanie źródła informacji grodnensis.by.