cze
07

Сэрца святара перастала біцца пры алтары

Tekst jest w trakcie tlumaczenia na polski
На пахавальную ўрачыстасць 6 чэрвеня ў парафіяльны касцёл Пеляса прыехала шмат святароў на чале з кс. б-пам Аляксандрам Кашкевічам. Кс. Пётр сабраў усіх братоў-святароў з розных дыяцэзій і краін, вернікаў са сваёй парафіі і ваколіц пры сваёй труне. На пачатку Эўхарыстыі была адспявана Ютрань, якой кіраваў кс. Андрэй Бародзіч. Святары, падзеленыя на два хоры, адспявалі разам з вернікамі пахавальныя малітоўныя псальмы, просячы Божай Міласэрнасці і ласкі жыцця вечнага ў небе для памерлага святара.

На пачатку св. Імшы да вернікаў звярнуўся кс. Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскай акругі. Кс. Уладзімір нагадаў прысутным, што яшчэ нядаўна ў гродзенскай катэдры ўсе цешыліся з таго, што ў дыяцэзіі павялічыўся лік святароў чатырма маладымі святарамі, а сёння “мы злучаемся ў малітве за памерлага кс. Пятра, просячы, каб міласэрны Бог адарыў яго вечным жыццём”.

Аб патрэбе супольнай малітвы на пачатку св. Імшы нагадаў таксама кс. бп Аляксандр, звярнуўшыся да вернікаў па-літоўску. Да слова, гэтая Літургіі сабрала літоўцаў, беларусаў і палякаў.

Казанне прамовіў кс. Уладзімір Гуляй. Ён зазначыў, што для вернікаў парафіі перыяд чэрвеньскага набажэнства пачынаецца асаблівым чынам, калі “перад ахвярным алтаром стаіць труна вашага душпастыра”. Кс. Уладзімір зазначыў, што такой ёсць дарога святара, які павінен заўсёды ісці за Хрыстом, а кс. Пётр уласна гэта і рабіў. “Быў яшчэ ў росквіце святарскага жыцця, напэўна меў шмат душпастырскіх планаў, разам з імі яго паклалі ў труну. Пасля ахвяры св. Імшы ксёндз будзе давераны Вашай магільнай зямлі,” – казаў казнадзей.

Адзін з прыбылых на ўрачыстасць святароў з Літвы пасля гаміліі ўзгадаў шмат цікавых момантаў пра памерлага святара Пятра, які прайшоў ажно тры дамы для сірот, які мог вярнуцца ў сваю родную дыяцэзію ў Літве, але св.п. кс. Пётр адказаў, што там, дзе ёсць, пачуваецца як дома.

На заканчэнне св. Імшы прамовіў кс. дзекан Генрык Яблонскі, які падзякаваў усім тым, хто дапамагаў у арганізацыі пахавання, а таксама яшчэ раз згадаў, што ніхто не заменіць ксяндза пры алтары. Ён таксама сказаў, што св. Імша на 30 дзён будзе адпраўлена 3 ліпеня ў 11 гадзін.

У пахавальнай працэсіі ўсе вырушылі на парафіяльныя могілкі, бо такой была воля памерлага, каб быць пахаваным побач са сваімі вернікамі.

   Przy kopiowaniu konieczne jest podanie źródła informacji grodnensis.by.