cze
08

Езус з намі - як крыніца любові і суцяшэння

Tekst jest w trakcie tlumaczenia na polski
Св. Імшу ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч. На пачатку набажэнства Яго Эксцэленцыя прывітаў шматлікіх сабраных вернікаў:

- Добра, што вы адгукнуліся на запрашэнне Хрыста, бо ўсё ўжо гатова. Трэба толькі сесці за стол, трэба толькі адкрыць сваё сэрца і душу, каб радасна і годна ўдзельнічаць у гэтай св. Імшы. Прашу, каб вы прынялі дзейсны ўдзел і разам усхвалялі і дзякавалі Езусу Хрысту, Які ёсць Хлебам жыцця ў дарозе да Нашага Айца.

Пасля Літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста працэсія са Святым Сакрамантам вырушыла на цэнтральныя вуліцы горада. Працэсію аздаблялі спевамі духавы аркестр і хор Cantate Domino. Дзяўчынкі ў белых сукенках пасыпалі дарогу перад Найсвяцейшым Сакрамантам пялёсткамі кветак – старадаўні звычай выказвання глыбокай пашаны і ўсхвалення.

Працэсія звязаная чатырма алтарамі, на якіх чытаюцца ўрыўкі са Святога Пісання ўсіх чатырох евангелістаў, якія засведчылі, якім чынам Езус Хрыстус запрасіў сваіх апосталаў спажываць Апошнюю Вячэру і ўсталяваў Сакрамант Эўхарыстыі і сакрамант святарства. У Гродне алтары былі прыгожа ўбраныя пры катэдры, пабрыгіцкім касцёле, бернардынскім і францішканскім храмах. Евангелле святары з розных парафій чыталі на беларускай, польскай і рускай мовах.

Завяршылася ўрачыстая працэсія пры алтары францішканскага касцёла. Кс. біскуп Аляксандр падзякаваў усім арганізатарам гэтай прыгожай працэсіі, уладам за магчымасць бесперашкодна прайсці працэсіяй цэнтральнымі вуліцамі, тысячным вернікам, якія прыйшлі прывітаць Хрыста ў Найсвяцейшым Сакраманце. Яго Эксцэленцыя ўзгадаў момант са Святога Пісання, каля апосталы ў лодцы, напалоханыя бурай на моры, пачалі будзіць свайго Настаўніка, а Той сказаў: “Не бойцеся, Я з вамі”. Гэтак і сёння, казаў ксёндз біскуп, Езус знаходзіцца разам з намі як Крыніца суцяшэння, радасці і любові.

Фотарэпартаж з працэсіі глядзіце тут.
   Przy kopiowaniu konieczne jest podanie źródła informacji grodnensis.by.