cze
11

Дыяканскія і святарскія пасвячэнні францішканаў

Tekst jest w trakcie tlumaczenia na polski

Пасля перажытых тыднёвых рэкалекцый і святой споведзі з усяго жыцця кандыдаты да пасвячэнняў сталі перад алтаром. У нашай дыяцэзіі пасвячэнні адбываюцца ў будні дзень, каб у іх магло прыняць удзел больш святароў. Пасвячэнні адбываюцца падчас святой Імшы.

Пасля прадстаўлення кандыдатаў і прызнання іх годнымі, усе прысутныя выразілі сваю ўдзячнасць Богу акламацыяй: “Дзякуем Пану Богу”.
Кс. біскуп у спецыяльнай гаміліі расказаў аб значэнні службы дыяканаў і святароў у касцёле, прыгадаў, якія функцыі яны могуць выконваць. Даў ім за прыклад Езуса, які быў слугою ўсіх, заахвоціў да жыцця ў чыстасці і беднасці. Цяпер яны павінны быць умоцненымі ў веры і беззаганнымі ў сваёй службе Богу і людзям. Казнадзей таксама падкрэсліў патрэбу жыцця ў цэлібаце, г.зн. чыстасці, для Божага Валадарства.
Пасля гаміліі кожны з кандыдатаў станавіўся на калені перад біскупам, складваў свае далоні ў яго далонях, прысягаў яму і яго паслядоўнікам гонар і паслухмянасць.
Затым, лежачы крыжом, што з’яўляецца знакам пакоры, прыніжэння адносна Бога і глыбокай малітвай, выбраныя на дыякана і святара выразілі сваю поўную згоду на прыняцце службы, якая іх чакае.
Надыходзіць самы важны момант. Кожны з выбраных падыходзіў да біскупа, а той у цішыні ўскладаў на іх свае рукі. Гэта знак перадачы дыяканскай і святарскай улады.
Пасля кансэкрацыйнай малітвы новапасвечаныя з дапамогай старэйшых братоў апрануліся ў літургічнае адзенне: дыякан у дальматыку, а святар у арнат.
Затым біскуп уручыў дыякану кнігу Святога Пісання з заданнем вернага і стараннага прапаведавання Евангелля, а таксама жыцця згодна з навукаю Езуса Хрыста. Святару намасціў далоні для падкрэслення яго сувязі з Хрыстом і ўдзелу ў Яго вечным святарстве, а таксама ўручыў хлеб на патэне і віно ў келіху, патрэбныя для служэння падчас святой Імшы.
Пацалунак супакою біскупа закончыў пасвячэнні дыканату і святарства. Ён успрымаецца як пячатка, якая пацвярджае прыняцце праз яго новых супрацоўнікаў і ўвядзенне іх у паслугу мясцоваму Касцёлу. Таксама прысутныя на пасвячэннях святары пацалункам супакою павіншавалі новапасвечаных і прянялі іх да супольнай душпастырскай паслугі.
Новапасвечаныя далей удзельнічалі ў святой Імшы, якую ўзначальваў біскуп: дыякан Андрэй прынімаў камунію пад дзвюма постацямі і дапамагаў біскупу ўдзяляць яе верным, а святар Караль цэлебраваў сваю першую св. Імшу.

OFM – Ordo Fratrum Minorum (Ордэн Братоў Меншых) узнік у 1223 годзе. Статутам ордэна францішканаў быў пакладзены пачатак жабрачым ордэнам. Статут ордэна загадваў дасканалую беднату, пропаведзь, дагляд душэўна і цялесна хворых, строгую паслухмянасць.

Заснавальнікам францішканскага ордэна з’яўляецца св. Францішак Асізскі. З упэўненасцю можна сказаць, што святы вядомы ва ўсім свеце. Сляды яго прысутнасці можна знайсці таксама і ў Беларусі. Першыя кляштары братоў святога Францішка з’явіліся на нашых землях ужо ў ХІV стагоддзі. Сёння на Беларусі працуюць францішкане ўсіх трох адгалінаванняў ордэна:

• канвентуальныя францішкане,
• бернардыны,
• капуцыны.

Меншыя Браты аднавілі сваю дзейнасць у нашай краіне ў 1992 годзе. Цяпер у Беларусі ёсць нават некалькі дзеючых францішканскіх кляштараў. Славутым марыйным санктуарыем у Будславе таксама апекуюцца сыны св. Францішка — бернардыны.

Францішканская духоўнасць праяўляецца ў любові да Езуса Хрыста і Яго Беззаганнай Маці. Любоў Бога да людзей св. Францішак бачыў перш за ўсё ў таямніцах Уцелаўлення, Мукі Пана і ў Эўхарыстыі, да якой выяўляў найбольшую пашану і праслаўленне, як і да ўсяго, што звязана з Эўхарыстыяй, а менавіта: да касцёлаў, святароў і святых начынняў.

Дыякан Андрэй Ахрэм паходзіць з Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі. Ён нарадзіўся 09 сакавіка 1981 года ў Вілейцы. З 2005 па 2012 год праходзіў фармацыю і навуку ў ордэне айцоў францішканаў у Лодзі. Вечныя шлюбы склаў у 2011 годзе.

Святар Караль Бараноўскі паходзіць з Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі. Ён нарадзіўся 08 верасня 1984 года ў Мінску. З 2003 па 2012 год праходзіў фармацыю і навуку ў ордэне айцоў францішканаў у Лодзі. Вечныя шлюбы склаў у 2010 годзе. Пасвячэнні дыяканату прыняў 09 красавіка 2011 года.
   Przy kopiowaniu konieczne jest podanie źródła informacji grodnensis.by.