cze
18

Запрашаем на паказ хрысціянскага дакументальнага кіно

Tekst jest w trakcie tlumaczenia na polski
У праграме мерапрыемства – паказ дакументальнага кіно, створанага рэжысёрамі з Беларусі, Польшчы, Украіны, Расіі, ЗША. Кожны фільм унікальны па сваёй кампазіцыйнай структуры і жанры. Многія з іх удзельнічалі ў розных кінафестывалях і займалі прызавыя месцы.

26 чэрвеня ў аўторак будуць прадстаўленыя наступныя стужкі:
- фільм гродзенскага рэжысёра Аляксандра Лавыша “Прамень надзеі” пра штодзённасць арыштантаў гродзенскай турмы, а таксама пра многім вядомага святара, які падае надзею заключаным;
- фільм Незалежнай Кампаніі “Лествица” і кіналабараторыі “Ирпенский круг” – “Дзяўчаты, дзяўчаты”. Стужка засяроджана ў асноўным на маналогу галоўнай гераіні пра вопыт уласнага духоўнага пошуку. Яе аповед, які вылучаецца пэўнай гладкасцю і літаратурнасцю выкладу, спалучаецца з “непрычасанымі” кадрамі, знятымі метадам кінаназірання пра жыццё непаўнагадовых гадаванак у прытулку пры Свята-Нікольскім жаночым манастыры для дзяўчат з праблемных сямей;
- фільм “Хлопец маёй сяброўкі” – гісторыя пра маладога паляка, нефармала, скінхэда, які, нягледзячы на ўсе магчымасці падняцца па кар’ернай лесвіцы, да здзіўлення многіх стаў манахам;
- фільм расійскага рэжысёра Тофіка Шахвердзіева “Свет прастадушных” – стужка прысвечана творчасці людзей з сіндромам Даўна. Незвычайныя маляўнічыя палотны, заснаваныя і на біблейскай тэматыцы, чаргуюцца кадрамі падрыхтоўкі спектакля па п’есе Шэкспіра “Рамэа і Джульета” ў “Тэатры прастадушных”.

27 чэрвеня ў сераду будуць дэманстарвацца наступныя стужкі:
- беларуска-польскі фільм “Прымакі” – гісторыя пра музычны калектыў “Прымакі”, створаны сынамі праваслаўнага святара айца Мікалая, менавіта ў яго хаце нарадзіліся і выраслі тыя самыя “Прымакі”, якія выступалі ў гэтым годзе на Фестывалі нацыянальных культур;
- фільм амерыканскага рэжысёра Рона Шмідта “Лабірынт” – пра паляка Мар’яна Каладзея, якія быў у канцлагеры Аўшвіц 5 гадоў. Галоўны герой утойваў гэты факт уласнай біяграфіі, пакуль з ім не здарыўся апаплексічны ўдар. Лячэнне ён пачаў з таго, што папрасіў чарнільную ручку, каб намаляваць усё тое жахлівае, сведкам чаго ён быў сам;
- фільм беларускага кінематаграфіста Галіны Адамовіч “Божа мой”. Гэтыя працы пра важнейшыя духоўныя асновы, на якіх трымаецца гарманічнасць існавання чалавека – сям’я, праца і хрысціянская вера. Фільм “Божа мой” – паэтычны аповед пра жанчыну-скульптара Юлітэ Кармаза, якая жыве на хутары з адзінокім сынам, які співаецца. Карціна пабудавана як экранны аповед пра гармонію цэласнага жыцця і пра цуд творчасці, за якім адчуваецца Божы провід;
- фільм расійскага рэжысёра Мікіты Воранава “Гэта я, Апакаліпсіс” даволі неадназначны. Аўтар аналізуе гісторыю ХІХ ст., час тэхнічнага і навуковага прагрэсу, які ўмацаваў у свядомасці людзей догму пра тое, што чалавек – уладар над прыродай. Але тое ж стагоддзе разам з эйфарыяй перамог прынесла шэраг вучэнняў, якія не даюць чалавецтву магчымасці зразумець сябе як частку Сусвету. Як вынік, ужо ў ХХ ст. усё чалавецтва атрымала небяспечную сумесь з тэхнікі, якая прагрэсуе, і маралі, якая дэградуе.

Шчыра запрашаем на кінапаказы, якія стануць не проста добрым баўленнем часу, але дапамогуць асэнсаваць некаторыя пытанні асабістага жыцця. Па пытаннях набыцця білетаў звяртайцеся ў касы кінатэатра.
   Przy kopiowaniu konieczne jest podanie źródła informacji grodnensis.by.