чэрв
25

Заўтра ў Пералом прыязджаюць айцы капуцыны з усёй Беларусі

Kosciol w przel od lew br karol i kryspin26-27 чэрвеня ў Пераломе адбудзецца ўрачыстасць, на якую збяруцца айцы капуцыны з усёй Беларусі. Свята прымеркавана да ўгодкаў прыезду першых айцоў капуцынаў у Пералом. Урачыстасць пачнецца 26 чэрвеня, калі ў Пералом прыедуць прадстаўнікі гэтага ордэна з Беларусі і госці з-за мяжы.

Гэта будзе дзень малітвы, св. Імша на пачатак свята пачнецца ў 19.30. Пасля з 21 да 23 гадзін пры спрыяльным надвор’і каля вогнішча ці вялікай палаткі будзе вечар успамінаў: будуць зачытвацца ўрыўкі з хронікі кляштара капуцынаў у Пераломе, чакаюцца аповеды старэйшых людзей пра часы першых капуцынаў на гэтай зямлі. 27 чэрвеня зранку адбудзецца выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, Ютрань, 2 канферэнцыі на тэмы: “Малітва ў жыцці. Гісторыя паўстання віцэ-правінцыі капуцынаў у Пераломе” і “Бл. Ганарат Казміньскі – патрон капуцынаў у Беларусі”, запланавана таксама малітва ў жыцці братоў капуцынаў паводле бл. Ганарата Казміньскага.

А 16-й гадзіне адбудзецца ўрачыстая св. Імша з працэсіяй. Літургію спевам будзе аздабляць хор “Sursum Сorda”.

Айцы капуцыны прыбылі ў Пералом 27 чэрвеня 1938 года, пры мясцовым касцёле пабудавалі свой кляштар. Пасля надыйшлі цяжкія часы. Савецкія ўлады зрабілі з кляштара школу. У 60-х гг. будынак разабралі і перавезлі ў суседнюю вёску. У 70-я гады разабралі і касцёл. Мясцовыя старажылы дагэтуль са слязамі згадваюць тыя трагічныя падзеі. Да 1955 года ў кляштары заставалася тры айцы капуцыны. Два з іх пасля з’ехалі з Пералома, а трэці жыў тут да 1984 г. У 90-я гады намаганнямі кс. Станіслава Гаўліка з Прывалкі і парафіян у Пераломе быў пабудаваны касцёл, але меншы за даваенны.

Здымак з http://andreios-ofmcap.blogspot.com/
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.