ліп
02

Выйшла XIV Пілігрымка з Гродна ў Тракелі

IMG 0612Летні перыяд для многіх католікаў Беларусі – гэта час пілігрымак да санктуарыяў Маці Божай. Вось і ў гэтым годзе распачалася ўжо 14 пешая пілігрымка ў Тракелі, якая 2 ліпеня вырушыла з Гродна. Дэвіз пілігрымкі: “У пілігрымцы веры да Марыі”.

Гродзенскі катэдральны касцёл сабраў на ўрачыстую святую Імшу на распачацце пілігрымкі каля 200 чалавек з розных парафій горада і наваколіц.

Падчас святой Імшы а 9-й гадзіне, якую ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр, пілігрымы маліліся аб добрым і плённым перажыванні 5 дзён рэкалекцый у дарозе. З Божым словам да пілігрымаў звярнуўся кс. прэлат Юзаф Станеўскі. Ён распавёў аб тым, чым з’яўляецца пілігрымка, хто такі пілігрым і навошта ён ідзе, а таксама аб тым, наколькі важным у сённяшнім свеце з’яўляецца сведчанне аб сваёй веры, асабліва маладых людзей.

На прыканцы святой Імшы кс. Павел Салабуда, кіраўнік пілігрымкі, урачыста ўручыў кс. біскупу і кс. прэлату памяткі аб тым, што яны з’яўляюцца сябрамі 14 пілігрымкі да Маці Божай Тракельскай. Няхай гэты святы час будзе для нашых пілігрымаў магчымасцю сустрэчы з Маці Божай і сведчаннем моцнай веры ў Яе абарону.

Шчаслівай дарогі!
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.