Studia Theologica Grodnensia

Друк
    З пачатку кастрычніка б.г. ў гродзенскай друкарні пад патранатам Гродзенскай дыяцэзіі выйшаў у свет зборнік па навукова-тэалагічнай праблематыцы «Studia Theologica Grodnensia».
    Біскуп Аляксандр - ініцыятар гэтай справы, увянчаў урачыстым дэкрэтам старанні галоўнага рэдактара разам з рэдакцыйным калектывам, засноўваючы новы зборнік, які з‘яўляецца першым такога роду выданнем у Гродзенскім Касцёле, як і ў Касцёле на Беларусі.
    Як сведчыць сама назва зборніка, ён павінен служыць навуковаму вывучэнню тэалогіі, звязанаму з жыццём Гродзенскай дыяцэзіі ці даследаванням, якія былі зроблены на яе тэрыторыі і адначасова будзе паказваць працы тэолагаў і касцёльных навукоўцаў за межамі дыяцэзіі. Выхад зборніка абуджае дапытлівасць асоб, якія зацікаўлены жыццём Касцёла, бо адкрываецца пастаяннае выданне зборніка, які павінен выходзіць 1 раз у год. Па гэтай прычыне можна даць зборніку іншую назву «Гродзенскі тэалагічны штогоднік». 
       Да гэтага часу ў Гродзенскай дыяцэзіі не было выдання, якое сканцэнтроўвала б у сабе навуковыя дасягненні мясцовых тэолагаў і навукоўцаў, звязаных з Касцёлам, прадметам зацікаўленасці якога была б дзейнасць каталіцкага Касцёла на землях Беларусі ў розных аспектах.
    Вельмі радасна, што гэты зборнік убачыў дзённае святло і можа трапіць у рукі зацікаўленым асобам, святарам, сёстрам, алюмнам духоўных семінарый, выкладчыкам і студэнтам вну, навуковым супрацоўнікам і ўсім тым, хто хоча даведацца аб тэалагічнай праўдзе. Зборнік будзе вылучацца, напэўна, узроўнем навуковай тэалагічнай працы, якая праводзіцца ў дыяцэзіі. Зборнік «Studia Theologica Grodnensia» змяшчае 222 старонкі, выйшаў тыражом у 300 экзэмпляраў на трох мовах: польскай, беларускай і рускай. У ім зразумелая структура зместу, што нязмерна аблягчае практычнае карыстанне навуковымі публікацыямі аўтараў.
    Паводле канцэпцыі рэдакцыі ў штогодніку будзе весціся няспынны падзел інфармацыі: у I частцы будуць змяшчацца матэрыялы канферэнцый і навуковых сімпозіумаў, у II - навуковыя артыкулы і ў III - справаздачы. У большасці ўсе навуковыя матэрыялы маюць рэзюме, што дае магчымасць наблізіць да чытача змест артыкулаў у скарочаным выглядзе і дазволіць ацаніць прадстаўленыя публікацыі.

    У I частцы часопіса змешчаны навуковыя матэрыялы з Марыйна-гістарычнага сімпозіума, які адбыўся ў Гродне 24 мая 2005 г. і быў адным з этапаў падрыхтоўкі да юбілею 300-ці годдзя кансэкрацыі катэдральнай базылікі імя св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, а таксама - каранацыі абразу Кангрэгацкай Божай Маці, які праславіўся ласкамі. У сувязі з тым праблематыка рэфератаў двух дакладчыкаў акрэсліла развіццё марыйнага культу, як аднаго з асноўных у пабожнасці вернікаў паўсюднага Касцёла (кс. Станіслаў Урбанскі - «Тэалагічна-гістарычныя падставы марыйнага культу ў Касцёле», кс. Багуслаў Надольскі - «У школе Жанчыны Эўхарыстыі». Матывам, звязаным з мясцовай марыйнай пабожнасцю, з‘яўляецца культ Божай Маці на фоне дзейнасці марыйных санктуарыяў у Віленскай дыяцзіі, з якой галоўным чынам паўстала Гродзенская дыяцэзія (кс. Тадэвуш Крахель - «Марыйныя санктуарыі з каранаванымі абразамі Божай Маці ў Віленскай дыяцэзіі»). У апошнім рэфераце сімпозіума была спроба прадставіць гісторыю катэдральнай базылікі ў Гродне, як месца развіцця культу Кангрэгацкай Божай Маці ў праслаўленым ласкамі аднайменным абразе (кс. А. Грэмза - «Катэдральная базыліка на фоне гістарычнага развіцця і архітэктуры»).
 II частка штогодніка была прысвечана навуковым артыкулам, якія ўяўляюць сабой рэзюме і сінтэз тэалагічна-сацыялагічна-гістарычных ведаў, напісаных на падставе манаграфій. Гэтая частка ўносіць новы здабытак у мала асветленую праблематыку хрысціянскай дасканаласці на прыкладзе жыцця а. Бэрнарда Лубенскага (а. Анджэй Шчупал - «Божы Слуга - настаўнік дасканалага хрысціянскага жыцця»), рэлігійнасці моладзі г. Гродна (кс. Раман Катлімоўскі - «Адносіны гродзенскай моладзі да ўдзелу ў нядзельнай св. Імшы»), пастырства на прыкладзе парафіяльнай супольнасці ( кс. Лешэк Дамагала - «Пастырскія абумоўленасці дзейнасці парафіі ў Капцёўцы»), ролі ордэнаў на прыкладзе ордэна аа. францішканаў (а. Юзаф Макарчык - «Францішкане ў Рымскай імперыі пасля 1831 г.»), гістарычнай сітуацыі рыма-каталіцкага Касцёла на фоне царскага самадзяржаўя (Лаўра Міхайлік - «Некаторыя аспекты гісторыі рыма-каталіцкага Касцёла на беларускіх землях у складзе Расійскай імперыі пад канец XVIII ст. і пачатку XX ст.»).
    III частка мае найменшы змест і выконвае больш інфармацыйную ролю аб развіцці і дасягненнях дыяцэзіі, а таксама з ёю звязаных устаноў. Тут інфармацыя мае форму справаздачы і была прадстаўлена аўтарамі падчас розных акалічнасцяў, якія ўвекавечваюць важныя падзеі з жыцця дыяцэзіі і яе ўстаноў (кс. Антоній Грэмза - «15 год Гродзенскай дыяцэзіі», кс. Віктар Мыслюк - «Прамова падчас інаўгурацыі акадэмічнага 2006\2007 году ў ВДС у Гродне», кс. Валеры Быкоўскі - «Справаздача аб дзейнасці рэдакцыі газеты «Слова Жыцця» за 10-ці годдзе»).
    Мы разлічваем, што гэты зборнік знойдзе сваіх чытачоў сярод шматлікіх зацікаўленых асоб, а яго пастаяннае выданне будзе заахвочваннем да навуковай актыўнасці ў сферы пазнання тэалагічнай праўды святарамі, манашкамі і свецкімі, якім блізка на сэрцы ляжыць праблематыка жыцця паўсюднага і мясцовага Касцёла.   
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.