жнів
28

Жнівень у Гродзенскай дыяцэзіі: асноўныя падзеі з жыцця вернікаў

3-5 жніўня адбылася ХІ Пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый Езуса Журботнага ў Росі. Кіраўніком пілігрымкі выступаў кс. Юрый Марціновіч разам з вернікамі з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Колькасць пілігрымаў налічвала каля 300 чалавек, якія прасілі Бога аб патрэбных дарах і ласках для сваіх блізкіх і ўсяго свету. Асаблівасцю сёлетняга падарожжа стала тое, што ў ім ўдзельнічала шмат маленькіх дзяцей, якія разам з бацькамі маліліся аб лепшай будучыні для нашай краіны.

Удзел у пілігрымцы прымалі вернікі не толькі з Гродзенскай, але і з Пінскай дыяцэзіі, і з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама 4 святары, 5 семінарыстаў і 3 манаскія сястры. Сярод пілігрымаў была створана група маўчання – гэтак званая “Пустыня”, і многія, хто хацеў у цішыні сустрэць Хрыста і пачуць Яго голас, праводзілі вандроўку ў маўчанні і засяроджанні. У санктуарый пілігрымы прыбылі 4 жніўня. Пры ўваходзе ў святыню вернікаў прывітаў кусташ санктуарыя кс. Чэслаў Паўлюкевіч. Узрушальным для ўсіх быў момант адкрыцця фігуры Езуса Журботнага. Многія прарабілі гэты цяжкі шлях, каб дасягнуць мэты і даверыць Хрысту свае просьбы, ахвяраваць праблемы і цяжкасці, выказаць інтэнцыі ўсіх, хто прасіў аб малітве.

Ордэн піяраў перажывае Піярскі год пакліканняў. У хуткім тэмпе сучаснага жыцця чалавек не можа і не хоча спыніцца, каб паглядзець на свой шлях у паўсядзённасці. Айцы піяры заахвочваюць усіх, а асабліва моладзь, прыслухацца не да свайго эгаістычнага жадання, а да сапраўднага голаса Бога. Ордэн піяраў з’явіўся дзякуючы св. Юзафу Каласансу ў XVI ст. З дапамогай Юзафа людзі розных саслоўяў стварылі супольнасць, якая атрымала назву “Ордэн Пабожных Школ”. У 1948 г. Папа Пій XII абвясціў св. Юзафа Каласанса апекуном хрысціянскіх агульнаадукацыйных школ ва ўсім свеце. Сёння айцы піяры вядуць разнастайную апостальскую дзейнасць, галоўнай мэтай якой з’яўляецца служэнне маладому пакаленню. Ужо былі праведзены рэкалекцыі, прысвечаныя тэме паклікання, і выязныя сустрэчы для хлопцаў. Кожны малады чалавек можа знайсці айцоў піяраў на прасторы інтэрнэту: http://pijary.info/; http://www.pijarzy.pl/.

Дзеці з Іўя ўдзельнічалі ў тэатральнай пастаноўцы ў Аполі з 12 па 22 жніўня. Гэтыя сустрэчы ў польскім горадзе Аполе для дзяцей з Беларусі, Украіны і Літвы сталі традыцыйнымі. Дзеці з ахвотай сумяшчалі адпачынак і заняткі тэатральным мастацтвам пад кіраўніцтвам прафесійных акцёраў. Адметна тое, што дэкарацыі і касцюмы для сцэнічных пастановак, а таксама іншыя рэквізіты дзяўчынкі і хлопчыкі выраблялі самастойна.

У Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі скончылася ўступная кампанія. Па выніках уступнага экзамену ў гэтую ўстанову на 1 курс былі залічаны 5 клерыкаў: Варонік Яўген (пар. Св. Сям’і ў Лідзе), Жолік Аляксандр (пар. св. Яна Хрысціцеля ў Васілішках), Мыслюк Раман (пар. Найсвяцейшай Тройцы ў Росі), Чэхуноў Уладзіслаў (пар. Святога Казіміра ў Жлобіне), Эйсмант Андрэй (пар. Імя НПМ і св. Яна Непамуцэна ў Вялікіх Эйсмантах). З 1 верасня клерыкі пройдуць 10-дзённы падрыхтоўчы курс.

Сёстры назарэтанкі правялі ў Навагрудку рэкалекцыі для сем’яў. Асаблівасцю сёлетніх рэкалекцый было прыняцце першых кандыдатаў у Асацыяцыю Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. Пасля абавязковай двухдзённай фармацыі кандыдаты (цэлыя сем’і, прадстаўнікі сем’яў і моладзь) падпісалі на саркафагу бласлаўлёных сясцёр мучаніц дэкларацыі, якія пацвярджаюць іх прыналежнасць да асацыяцыі, тым самым абяцаючы жыць ідэалам Найсвяцейшай Сям’і, распаўсюджваць харызму адзінства і любові ў сваіх сем’ях і акружэнні, а таксама пастаянна падтрымліваць малітвай сясцёр назарэтанак і ўсе сем’і свету. Сёстры ў сваю чаргу моляцца за кандыдатаў і ў далейшым будуць падтрымліваць іх на шляху духоўнага развіцця.
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.