вер
04

Адбылася акцыя памяці дзяцей, якія загінулі на дарогах

У Гродне, а таксама Слоніме, Лідзе і Смаргоні 3 верасня адбыліся акцыі памяці дзяцей, якія загінулі на дарогах Гродзеншчыны. Найбольш маштабна акцыя адбылася ў Гродне. Вучні 12-й школы ўтварылі жывы калідор па вул. Горкага, трымаючы ў руках плакаты з напісанымі імёнамі і ўзростам дзетак, якія загінулі ў аўтакатастрофах цягам апошніх 5 гадоў. За гэты час 29 дзіцячых жыццяў забралі дарожныя аварыі.

Школьнікі трымалі 30 плакатаў – апошні падрыхтавалі па просьбе бабулі дзяўчынкі, якая ў 2006 гадзе трапіла пад машыну, а праз 2 месяцы памерла ў бальніцы…

Побач з плакатамі школьнікі трымалі запаленыя лампадкі. На праязджаючы транспарт павязваліся жоўта-зялёна-чырвоныя стужачкі. Каталіцкі і праваслаўны святары (ад Гродзенскай дыяцэзіі прысутнічаў кс. Юры Ёдзік) асвячалі праезджыя машыны і маліліся за загінулых дзяцей, а таксама за ўсіх дзяцей на дарогах.

Напрыканцы акцыі ў паветра сімвалічна пусцілі белыя шарыкі.

Такая акцыя ладзілася ў Гродне і ў мінулым годзе. Прыкладам супрацоўніцтва Гродзенскай ДАІ са святарамі можна лічыць і асвячэнне месцаў трагічных здарэнняў духоўнымі асобамі. Напрыклад, у лістападзе мінулага года гродзенскія аўтаінспектары разам з каталіцкім і праваслаўным святарамі наведалі месцы, дзе найчасцей гінуць людзі. У гэты дзень запальвалі лампадкі, а святары асвячалі месцы трагічных здарэнняў.

Здымкі з gaigrodno.by
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.