вер
10

Рэктары семінарый з розных краін сустрэліся ў Тарнове

Каля ста рэктараў дыяцэзіяльных і манаскіх семінарый з усёй Польшчы прынялі ўдзел у агульнапольскай канферэнцыі, якая адбылася ў Тарнове 4-6 верасня. “Складаная прастора семінарыйнай фармацыі” – такім быў дэвіз сустрэчы кіраўнікоў духоўных навучальных устаноў. Беларусь на канферэнцыі прадстаўлялі рэктар Гродзенскай ВДС кс. Юзаф Станеўскі і рэктар Пінскай семінарыі кс. д-р Ян Саламон.

На канферэнцыі закраналіся тэмы сувязі з Касцёлам, узрастання ў веры ў семінарыйнай супольнасці, тэма камунікатыўнасці мовы семінарыйнай фармацыі.

Чым лепей мы будзем паміж сабой камунікаваць, тым лепш навучым нашых выхаванцаў добра камунікаваць з вернікамі. Людзі чакаюць гэтага, яны не хочуць павучання, але хочуць формы, якая была б даступнай і чытэльнай, – сцвярджае кс. Яраслаў Стось, кіраўнік Канферэнцыі Рэктараў Вышэйшых духоўных дыяцэзіяльных і манаскіх семінарый перадае ekai.pl.

Ужо 8 год запар у канферэнцыі рэктараў прымае ўдзел кс. Юзаф Станеўскі, рэктар ВДС у Гродне. Яго Магніфіцэнцыя прадставіў гродзенскую духоўную ўстанову – у Польшчы вельмі цікавяцца становішчам семінарый за мяжой. Па яго словах, тэма канферэнцыі была абрана вельмі ўдала: пытанні еднасці з Касцёлам семінарыйнай супольнасці, камунікатыўнасці яе мовы вельмі актуальныя як для духоўных устаноў Польшчы, так і для Беларусі, Украіны.

Хоць нас і падзяляюць межы, але разам з кіраўнікамі розных духоўных устаноў мы прыходзім да высновы, што надзённыя пытанні і праблемы ў нас вельмі падобныя. Жыццё нашых выхаванцаў амаль не адрозніваецца ў розных семінарыях, – дзеліцца ўражаннямі кс. Юзаф Станеўскі. – Нам было цікава пачуць погляд на семінарыйную фармацыю ад людзей, якія знаходзяцца трошкі ў баку ад семінарыйнай супольнасці – біскупаў, прафесараў-выкладчыкаў. Яны прадставілі бачанне, якія святары сёння патрэбны Касцёлу.

Дык якім павінен быць сённяшні святар?

Адным словам гэтага не распавядзеш. Але вяртаецца думка, што ў сучасным свеце святар павінен быць другім Хрыстом – вядома, што гэтага дасягнуць амаль немагчыма, але ён мусіць імкнуцца да святасці, наколькі гэта магчыма. Мне спадабалася агучаная думка аднаго святара. Раней ён лічыў, што ксёндз з’яўляецца гронкай вінаграду, пакладзенай у Панскі келіх, аднак без абавязку быць раздаўленай. А выхаванец у семінарыі павінен дайсці да такой думкі, што ён павінен быць гатовым стаць вінаграднай гронкай, раздаўленай у Панскім келіху – не дзеля знішчэння, а дзеля пераўтварэння са старога чалавека ў новага, прыгажэйшага. Мне вельмі спадабалася такое параўнанне.

Акрамя ўдзельнікаў з Беларусі, духоўныя ўстановы з-за мяжы Польшчы прадстаўлялі рэктары з Украіны і ЗША.

Здымак з info.wiara.pl
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.