Урачыстасць падзякі за дар Беатыфікацыі бл. Цэліны Бажэнцкай

Друк

Пастырскі Ліст ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды ўрачыстасці падзякі ў Гродзенскай дыяцэзіі за дар беатыфікацыі благаславёнай Цэліны Бажэнцкай.

Узлюбленыя вернікі Гродзенскай дыяцэзіі!

Жыццё Святых - гэта гонар Паўсюднага Касцёла. Мы спасылаемся на заслугі іх жыцця, калі прыходзім з просьбамі прад трон Божы і верым, што Бог прыслухоўваецца да іх малітваў. Тое, што Святыя трываюць у духоўнай лучнасці з намі, мы вызнаем у Сімвале Веры словамі “веру у еднасць Святых”. І безумоўна, асаблівая лучнасць звязвае іх з жыхарамі той зямлі, адкуль яны паходзілі і дзе жылі.
27 кастрычніка 2007 года ў Базыліцы святога Яна на Латэране адбылася беатыфікацыя сястры змёртвыхпаўстанкі Цэліны Бажэнцкай. На жаль, не ўсе вернікі мелі магчымасць прысутнічаць на гэтай урачыстасці. Я б хацеў заахвоціць вас, дарагія дыяцэзіяне, каб вы бліжэй пазнаёміліся з жыццём благаславёнай Цэліны і таму запрашаю ўсіх зацікаўленых на ўрачыстасць падзякі за дар яе беатыфікацыі, якая адбудзецца 2 мая бягучага года ў Заневічах каля Гродна. Менавіта з гэтай парафіяй і гэтым кутком гродзенскай зямлі быў звязаны доўгі перыяд жыцця благаславёнай.

Цэліна паходзіла з сям’і Хлудзінскіх і нарадзілася 29 кастрычніка 1833 года ў Антовілі, непадалёку Оршы. Яна ад малых гадоў выхоўвалася ў асяроддзі, дзе старанна захоўваліся каталіцкія і нацыянальныя традыцыі. У сям’і атрымала добрае выхаванне і адукацыю. Яе духоўнае жыццё развівалася пад уплывам бацькоў, а малітоўнае пытанне: “Божа, што хочаш, каб я ўчыніла са сваім жыццём?” ніколі не пакідала яе. Паслухмяная волі бацькоў і парадам спаведніка, якія прымала як Божую волю адносна сябе, яна ў 1853 г. пабралася шлюбам з Юэафам Бажэнцкім, уласнікам Абрэмбшчызны. Адносіўся гэты маёнтак да парафіі Заневічы непадалёк Гродна. Пры гэтым, як сама занатавала ў сваіх лістах, Цэліна прадчувала, што “сваё жыццё не закончыць звычайна”. Пасля шлюбу яе чакала моцнае і балеснае выпрабаванне, выйсці з якога ёй дапамог давер да Божай Апекі. З усім адданнем яна ўвайшла ў ролю жонкі, гаспадыні дому і маці. Цэліна перажыла смерць дваіх дзяцей-немаўлятак; пры жыцці засталіся дзве дачкі. Цэліна, як гаспадыня дому, вяла дабрачынную працу сярод сельскіх жыхароў. Ў 1863 г. за дапамогу паўстанцам разам з дачкой Ядвігай, якая мела некалькі тыдняў, трапіла ў царскую турму ў Гродне. Пасля кароткага арышту яе выпусцілі. У Абрэмбшчызне Цэліну чакала чарговае выпрабаванне лёсу. Яе мужа Юзафа Бажэнцкага разбіў параліч і ён не мог хадзіць. Цэліна клапатліва і цярпліва даглядала змучанага хваробай мужа на працягу ўсёй яго доўгай і невылечнай хваробы. Пры гэтым адначасова займалася справамі маёнтку. За некалькі тыдняў да смерці (у 1874 г.) Юзаф Бажэнцкі прадыктаваў тэстамэнт, у якім пасведчыў пра любоў, гераічнасць, адвагу і разважлівасць сваёй жонкі.

У 1875 г. Цэліна Бажэнцкая прыбыла ў Рым. І там да яе зноў вярнуліся думкі пра законніцтва. Грунтоўна пазнаць сябе і зразумець дарогу, па якой яе вядзе Бог, Цэліне дапамог генерал змёртвыхпаўстанцаў кс. Пётр Семяненка, які затым падрыхтаваў яе да заснавання новай кангрэгацыі. Дзякуючы яго духоўнай падтрымцы, Цэліна прыйшла да рашэння заснаваць разам з дачкой Ядзвігай жаночае адгалінаванне гэтай супольнасці з кантэмпляцыйна-дзейсным харызматам. Заданнем супольнасці было б духоўнае і маральнае адраджэнне жанчыны праз навучанне і хрысціянскае выхаванне дзяўчат. У 1891 годзе яна атрымала падтрымку ад духоўнай улады і ва ўзросце 58 гадоў узначаліла новую манаскую супольнасць, якая атрымала назву Кангрэгацыі Змёртвыхпаўстанак. У тым жа годзе Цэліна разам з сёстрамі адкрыла ў Кентах каля Бельска (Польшча) першы манаскі дом, а ў 1896 годзе распачала апостальскую працу ў Балгарыі, затым у Чанстахове і Варшаве, а ў 1900 г. - у Злучаных Штатах.

Новая супольнасць развівалася дынамічна. Гэта схіліла сясцёр да таго, каб пашырыць свой харызмат, уключыўшы ў яго клопат пра рух апостальства свецкіх у парафіях. Мэтай свецкага жаночага руху было не толькі асабістае асвячэнне, але і імкненне пашыраць Каралеўства Божае і напоўніць духам Евангелля ўсе галіны грамадскага жыцця. Цэліна Бажэнцкая памерла ў Кракаве 26 кастрычніка 1913 года.

Беатыфікацыйны працэс маці Цэліны быў адкрыты ў Рыме яшчэ ў 1944 годзе, а дэкрэт пра гераічнасць цнот падпісаў папа Ян Павел ІІ у 1982 г. У 2002 годзе у Кракаве было праведзена даследаванне аздараўлення Анджэя Мехежынькага – Віктара, праўнука маці Цэліны, які цудоўным чынам пасля звароту да Божай Служкі Цэліны з малітвай аб заступніцтве вылечыўся ад цяжкой траўмы пазваночніка. Цуд аздараўлення прыспешыў заканчэнне беатыфікацыйнага працэса. 16 снежня 2006 года папа Бэнэдыкт XVI падпісаў дэкрэт, якім пацвердзіў цуд аздараўлення, учынены пры пасрэдніцтве маці Цэліны.

Незвычайным быў 80-гадовы жыццёвы шлях благаславёнай Цэліны Бажэнцкай. У яе жыцці вылучаюцца чатыры важныя этапы -  як жонкі, маці, удавы і законніцы. У выкананні свайго паклікання на кожным з гэтых этапаў у яе жыцці выразна праступае адзіная мэта людскога паклікання – гэта жыццёвая святасць.

Благаславёная Цэліна як у мінулым, так і сёння з’яўляецца прыкладам святасці ў выкананні Божай волі – з поўнай пакорай, адданасцю і глыбокай малітвай. У такім жа духу яна старалася выхоўваць сваіх дачок, каб адзіным адноснікам у іх жыцці і ва ўзрастанні ў святасці была пакора перад Богам. Не парушыла яе вернасці Богу нават раптоўная смерць дачкі Ядзвігі, з якой яна заснавала супольнасць. Сказала тады такія словы: “Няма такога, што б не вытрывала душа з любові да Пана Езуса”. Некалькі разоў яна прыязджала з Рыма ў Абрэмбшчызну, дзе яе віталі мясцовыя жыхары, якія ўжо пры жыцці лічылі яе святой.

Менавіта ў Абрэмбшчызне каля Заневіч, на месцы былога маёнтку і з камення, якое засталося ад яго, была пабудавана першая капліца ў гонар благаславёнай Цэліны Бажэнцкай. 2 мая бягучага года капліца будзе асвечаная, каб мы маглі выпрошваць Божыя ласкі праз заступніцтва благаславёнай Цэліны Бажэнцкай для ўсіх жыхароў нашай зямлі, асабліва для жонак і маці. Яна з’яўляецца ўзорам і заступніцай для ўсіх, хто цярпліва і ахвярна выконвае абавязкі маці і жонкі. Прыміце ў якасці заахвочвання да годнай рэалізацыі свайго паклікання словы благаславёнай Цэліны Бажэнцкай, якія яна калісьці запісала ў сваім дзённіку: “Малю Хрыста Пана, каб вы пры жыцці ўваскрэслі ў духу, калі спазналі гэту вялікую ласку быць пакліканымі да такой вялікай і хвалебнай таямніцы. Недастаткова ахапіць гэтую ласку розумам, патрэбная праца над сабой і ўчынкі, якія асвячаюць душу на падставе вялікай пакоры і ўдзячнасці да Пана Бога”.

Ахвярная любоў нясе шчасце блізкім і дае нам заслугу неба. Няхай яна будзе багаццем кожнай сям’і на нашай зямлі – сужэнцаў, бацькоў і дзяцей. Працуйма нас сваім асвячэннем і не пераставайма аказваць адзін аднаму зразуменне і паслугі. Яны здольны перамяніць свет, а нашаму прысвячэнню даць радасць і скіраваць нас да вечнай  любові Бога.

Мы верым, што благаславёная Цэліна выпрасіць у Бога духоўныя дары, падтрымае на шляху да неба наш Касцёл і нашы сем’і. Маючы перад вачыма прыклад яе жыцця, давайце імкнуцца да асвячэння асабістага і грамадскага жыцця, каб яшчэ дакладней выконваць на зямлі Божую волю і некалі атрымаць вечны ўдзел у святасці Бога. Няхай радасць Святых Панскіх стане і нашым удзелам у Небе.

На  руплівае наследаванне жыцця Святых Панскіх і радасныя перажыванні ўрачыстасці падзякі ў нашай дыяцэзіі ў гонар благаславёнай Цэліны з сэрца б л а г а с л а ў л я ю

 

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.