Пастырскі ліст на Першую нядзелю Адвэнта 2008 г.

Друк
Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры!
Ужо доўгі час Усеагульны Касцёл асаблівым чынам разважае над постаццю св. Паўла. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI аб’явіў перыяд з 28 чэрвеня 2008 г. да 29 чэрвеня 2009 г. Юбілейным Годам св. Паўла ў гонар 2000-й гадавіны яго нараджэння. Таму я хачу і ў гэтым пастырскім лісце разам з Вамі паразважаць пра асобу вялікага Апостала Народаў.
Саўл - пасля навяртання – Павел - паходзіў з Тарса (цяпер Тарсус у Турцыі). Нарадзіўся ён у 8 годзе пасля нараджэння Езуса Хрыста ў заможнай габрэйскай сям’і, якая забяспечыла яму добрую адукацыю. Ён стаў руплівым паслядоўнікам і абаронцам веры ў адзінага Бога, Які адкрыў сябе ў Старым Запавеце. Упэўнены ў сваёй праўдзе, Саул-Павел змагаўся з паслядоўнікамі Езуса з Назарэта як са здраднікамі і жорстка іх пераследаваў. Як піша аўтар Дзеяў Апосталаў, «Саўл жа пустошыў царкву, урываючыся ў дамы, і, хапаючы мужчын і жанчын, аддаваў іх у вязніцу» (Дз 8,3). З гэтай мэтай ён накіраваўся ў Дамаск, куды ўцяклі з Ерузалема ад пераследаванняў шматлікія веруючыя ў Хрыста. Аднак на іх абарону стаў сам Хрыстос. У браме Дамаска Паўла ахінае бляск і любоў Уваскрэслага; Божая моц нязвыклым святлом спыняе яго і, падаючы на зямлю, ён чуе голас: «Саўл, Саўл, чаму ты пераследуеш Мяне? Ён жа сказаў: «Хто Ты, Пане?» А той адказаў: «Я Езус, якога ты пераследуеш»(Дз 9,4-5).
Нязвыклыя здарэнні працягваюцца надалей у жыцці руплівага фарызея. Уваскрэслы Хрыстос, які затрымаў Саўла, робіць так, што той на тры дні траціць зрок. Калі ж да Саўла вяртаецца здольнасць бачыць, яго погляды на свет і на ўласнае жыццё становяцца ўжо цалкам іншымі. Цемра, у якой ён знаходзіўся тры дні, дапамагла зразумець і пазнаць, кім з’яўляецца Езус з Назарэта, якога ён пераследаваў. Ад гэтага часу вораг Езуса і Яго паслядоўнікаў стаў руплівым прапаведнікам Евангелля і Хрыстовага крыжа. Адбыліся змены ў сістэме духоўных і рэлігійных каштоўнасцей Паўла. У цэнтры яго жыцця знаходзіцца ўжо не выкананне Права і Традыцыі, але Езус. «Я ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Хрыста Езуса, майго Пана» (Флп 3,8). Павел быў перакананы, што ўжо нічога не адлучыць яго ад Хрыста, але ён хацеў яшчэ ва ўсім быць да Яго падобным: «Не тое, каб я ўжо атрымаў гэта і ўжо стаў дасканалым, але я імкнуся атрымаць тое, дзеля чаго мяне здабыў Езус» (Флп 3,12). Тое, што здарылася ў Дамаску, назаўсёды застанецца таямніцай Паўла. Некаторым цяжка зразумець премену, якая адбылася з ім, калі з пераследавацеля Хрыста ён перамяніўся ў Яго Апостала. Саул сустрэў у сваім жыцці Хрыста. Адчуў Яго любоў. Змяніў сваё жыццё і, каб падкрэсліць змены, прыняў новае імя – Павел.
  Гэты Павел адразу – як пазней напіша ў Пасланні да Галатаў – адпраўляецца, каб абвяшчаць Добрую Навіну (пар. Гал 1,15). Да таго, каб абвяшчаць Божае слова і жыць паводле гэтага слова, ён настойліва заахвочвае і ўсіх сваіх вучняў. Добрая Навіна, якую пачуў св. Павел, была вельмі значнай, таму Апостал не мог затрымаць яе толькі для сябе. Ён адчуваў сябе даўжніком усіх, хто яшчэ не спазнаў Евангелля. Таму Павел абвяшчае яго ўсюды і ўсімі даступнымі сродкамі. Апостал быў пераследаваны, зняволены, бічаваны і, ўрэшце, у 67 г. асуджаны ў Рыме на смерць праз адсячэнне галавы. Яго рэліквіі знаходзяцца ў рымскай базіліцы Святога Паўла за Мурам.
   Святы Павел вызнае ў Пасланні да Карынцянаў: «Бо гора мне, калі я не нясу Добрую Навіну» (1Кар 9,16). Ён асвятляе Божай навукай усе бакі чалавечага жыццця. Глыбей пазнаёміцца з гэтым можна ў яго натхнёных Апостальскіх Лістах. У Пасланні да Цімафея Павел ўказвае на фундамент навучання і кожнай добрай справы: гэтым фундаментам з’яўляецца Божае слова. Змешчанае ў Святым Пісанні, яно можа «навучыць мудрасці, якая збавіць цябе праз веру ў Езуса Хрыста» (2 Цім 3,15). Таксама і нам, як вучням Хрыста, адрасаваны словы навучання св. Паўла, змешчаныя у яго апостальскіх лістах.
   Таму я звяртаюся да Вас, Умілаваныя Дыяцэзіяне, з заклікам, каб на працягу года св. Паўла, асабліва ў час Адвэнта, Вы часта і з захапленнем чыталі і ўважліва слухалі словы, якія Пан Бог кіруе да вас. Божае Слова – гэта дар, які мы павінны прыняць і перадаць іншым. Св. Павел падчас рымскага зняволення перад смерцю так пісаў да свайго вучня Цімафея: «Перад абліччам Бога і Хрыста Езуса,… я заклінаю цябе: прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час, аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні» (2Цім 4,1-2). Няхай гэты сардэчны заклік, як запавет Апостала, стане для нас заклікам чытаць Святое Пісанне і дзяліцца яго праўдай з іншымі.
   Асаблівы момант, калі мы можам напоўніцца Божым словам, – гэта Святая Імша. Я прашу святароў – душпастыраў, каб клапатліва і належным чынам абвяшчалі Божае слова, каб старанна рыхтавалі казанні і гаміліі. Дзякуючы шчыраму навучанню, Божае слова, якое Айцы Касцёла часта называлі «Сакрамэнтам, які мы чуем», будзе для тых, хто яго слухае, тронам ласкі і сапраўднай крыніцай жыцця.
   Няхай бацькі, якія з Божай волі з’яўляюцца для дзяцей першымі і аўтарытэтнымі сведкамі Хрыста, будуць настаўнікамі Божай навукі для іх, няхай шчыра клапоцяцца, каб іх дзеці сістэматычна ўдзельнічалі ў нядзельнай Эўхарыстыі і штотыднёвай катэхэзе. Святары, катэхеткі і катэхеты, пасланыя Касцёлам, няхай няспынна дбаюць пра шчырасць у навучанні рэлігіі і пра ўзрастанне веры ў сваіх выхаванцаў, памятаючы словы св. Паўла, які пісаў да свайго вучня Цімафея: «Так робячы, і сябе збавіш, і тых, каторыя слухаюць цябе» (1 Цім 4,16).
   Запрашаю ўсіх да супольнага і індывідуальнага чытання Бібліі і да роздуму над прачытаным Божым словам. Выдатнай практыкай будзе супольнае нядзельнае чытанне Божага слова ў сям’і. Такім чынам Божае Слова аб’яднае нашы сем’і і дапаможа адказаць на многія хвалюючыя пытанні. Я запрашаю ўсе супольнасці і рэлігійныя рухі, каб у гэтым годзе дзеля свайго духоўнага росту яны яшчэ больш паглыбіліся ў Святое Пісанне.
  Асабліва я заахвочваю моладзь: дзяўчаты і хлопцы, старанна слухайце голас Езуса Хрыста. А калі гэта будзе пакліканне да святарскага альбо манаскага жыцця, будзьце мужнымі адказаць на яго па прыкладзе св. Паўла – Апостала Народаў: «Не адкідаю ласкі Божай» (Гал 2,21).
   Няхай распаўсюджваецца заклік св. Паўла, каб мы сталі “Лістом Хрыста”, з якога акружаючыя нас людзі прачытаюць Добрую Навіну. Апостал Народаў на пачатку Адвэнта заклікае нас: «…адкіньце і вы ўсё: гнеў, мсцівасць, злосць, блюзнерствы і брыдкія словы з вуснаў вашых. Не хлусіце адзін аднаму вы, што скінулі з сябе старога чалавека з яго ўчынкамі і прыадзеліся ў новага, які няспынна аднаўляецца ў пазнанні па прыкладу Таго, Які яго стварыў» (Кал 3,8-10). Чым больш мы адчуваем сябе нягоднымі, хворымі, няўдалымі, тым больш павінны ўглядацца ў Хрыста. Вялікай дапамогай будзе Адарацыя Эўхарыстычнага Езуса – спатканне, якое можа нас змяніць. Мы не ўбачым Хрыста ў іншым чалавеку, калі не навучымся бачыць Яго ў Гостыі. Таму я прапаную Вам зрабіць адвэнтавыя пастанаўленні і на любоў Бога, аб’яўленую ў прыходзячым да нас Хрысце, адказаць любоўю, падобнай да любові Апостала Народаў. Няхай нашым дарам, які мы складзем падчас Святаў Божага Нараджэння, і сваеасаблівым вотам удзячнасці за асобу і дзейнасць св. Апостала Паўла будзе рэгулярны, штотыднёвы, а можа, і штодзённы ўдзел у Святой Імшы і прыняцце Езуса ў Святой Камуніі. Няхай кожная сустрэча з Хрыстом змяняе наша жыццё так, як гэта адбылося ў жыцці св. Паўла. Каб кожны з нас, нязменна выконваючы сваё хрысціянскае пакліканне, у канцы жыцця змог паўтарыць за св. Паўлам: «Змагаўся я ў добрым змаганні, бег закончыў, веру захаваў. На заканчэнне рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які мне дасць у той дзень Пан» (2 Цім 4,7).
   На плённае перажыванне Адвэнта па прыкладдзе Апостала Народаў з сэрца благаслаўляю!
   Аляксандр Кашкевіч, Біскуп Гродзенскі
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.