Пастырскі Ліст на Адвэнт 2009 Год Пана

Друк

Узлюбленыя Вернікі гродзенскай дыяцэзіі – Браты і Сёстры!

У мінулую нядзелю мы распачалі перыяд духоўнай падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння, які называем Адвэнтам. Гэты час у Касцёле адносіцца да часу, напоўненага радаснай падрыхтоўкай да святаў, з якімі мы звязваем сэнс нашага хрысціянскага жыцця. Пад знешняй заслонай падрыхтоўкі да святаў, прыгожых забавак, думак пра добрыя падарункі блізкім мы атрымалі шанц зноўку зазнаць цяпло сустрэчы з Богам і з Хрыстом у іншым чалавеку.
    Мы пачулі ў словах Евангелля, прызначанага на II Нядзелю Адвэнту, словы прарока Ісаі, якія сцвердзіліся ў адкрыцці св. Яна Хрысціцеля: “Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, выпрамляйце Яму сцежкі. Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца і выбоістыя дарогі стануць раўнінай“. Як вынікае з закліку прарока, нашым заданнем на надыходзячыя святы з’яўляецца перш за ўсё падрыхтоўка Езусу Месіі Дарогі – дарогі праўды, дарогі любові, дарогі дабрыні. Гэта тая Дарога, да якой увесь час заклікае нас Бог праз голас сумлення, сутнасць Божых Загадаў і голас навучаючага Касцёла.
Перыяд Адвэнту, які мы перажываем у гэтым годзе, можа быць, такі ж, як і ўсе іншыя, падобныя да сябе, але адначасова Адвэнт гэтага года з’яўляецца асаблівым. Перш за ўсё таму, што ён праходзіць пад знакам Святарскага Года ва Усеагульным Касцёле, а ў Касцёле ў Беларусі – пад знакамі Душпастырскага Года „Салідарныя з Папам” і візіта біскупаў нашай Краіны ў Святога Айца. Сёння, калі мы чуем гэты голас, то задаем сабе пытанні: Каму падрыхтоўваем дарогу? Ці сапраўды ў нас, у нашых сем’ях і асяроддзі ёсць месца для Хрыста і Яго Касцёла? Ці мы сёння не ацэньваем справы Касцёла надзвычай службова і раўнадушна?
    Вялікім пажаданнем Святога Айца з’яўляецца тое, каб голас Касцёла быў пачуты ўсімі Яго вернікамі, а асабліва тымі, якія заблукалі. Адным са шляхоў выхаду з існуючага становішча з’яўляецца клопат пра святарскую святасць, які выражаецца ў штодзённай малітве за святароў і ва ўсялякай дапамозе на карысць пашырэння Божага Валадарства на зямлі.
Выслухаем галоўныя ўказанні Апостальскай Сталіцы на Святарскі Год:
    “Гэты Год павінен быць асаблівым чынам годам малітвы, малітвы самых святароў, малітвы са святарамі і за святароў, годам аднаўлення з перспектывы святарскай духоўнасці і аднаўлення кожнага святара паасобку”;
    “Гэта павінен быць год, у якім будуць спазананыя абставіны і ўмовы, у якіх жывуць святары”;
    “Гэта павінен быць год рэлігійнага і публічнага святкавання Божага Люду і лакальных супольнасцей, дзе вернікі ахвяруюцца ў малітве і мэдытацыі, дзе супольна будуць цэлебравацца святы, а святароў належным спосабам адораць пашанай” (Ліст Кангрэгацыі па справах духавенства да біскупаў і святароў Каталіцкага Касцёла).
Згодна з патрэбай часу гучыць заклік Касцёла аб добрых святарах, таму што ад іх святасці будзе залежыць святасць нашых парафіяльных супольнасцяў і душпастырскіх групаў. Дзякую ўсім Вам, Браты і Сёстры, якія супольна са сваімі святарамі дбаеце пра развіццё парафіяльнага жыцця, праз малітву, ахвярнасць і дзейсную дапамогу падтрымліваеце паслугу сваіх Душпастыраў, будуеце і ўтрымліваеце святыні, уключаецеся ў душпастырскія ініцыятывы Касцёла. Дзякую Вам за ўсё гэта і адначасова заахвочваю Вас, узлюбленыя Дыяцэзіяне, каб Вы яшчэ больш клапаціліся пра нашае сумеснае багацце, якім з’яўляецца Касцёл і яго Святары.
    Менавіта сёння трэба нам пачуць голас, што клікае з пустыні чалавечай беднасці - як маральнай, так і матэрыяльнай. Трэба пачуць голас Пастыраў Касцёла, які заклікае да таго, каб пад кіраўніцтвам Святога Айца, біскупаў і святароў і маліцца аб адвазе і сіле для святароў у выкананні давераных ім задач, каб яны як мага плённа здзейснялі сваю паслугу ў адносінах да Божага Люду.
    Ужо праз некалькі дзён я разам з біскупамі нашай краіны адпраўлюся ў Рым, каб прадставіць Святому Айцу справы нашага Касцёла. Згодна з вызнаванай яшчэ старажытнымі хрысціянамі верай, “Там, дзе Пётр, там Касцёл”, мы пакажам Апостальскай Сталіцы свой давер і доказ таго, што з’яўляемся адзіным Хрыстовым Касцёлам, пабудаванным на фундаменце Святога Пятра і яго наступнікаў, які сёння ўзначальваецца Папам Бенэдыктам XVI.
    Браты і Сёстры! Няхай гэтыя справы Касцёла не будуць ад нас далёкімі! Кожны знаходзіцца ў сэрцы Касцёла, якім з’яўляецца Любоў Бога. Бог нас паклікаў, каб у супольнасці Касцёла, праз сакрамэнт Хросту мы атрымалі задатак вечнага жыцця, а праз дзейснасць Божай ласкі ў святых Сакрамэнтах і Слове Божым дасягнулі Збаўлення. Кожны з нас быў уключаны ў жыццё Касцёла і мае адказнасць за Яго развіццё ў сваім сэрцы, дыяцэзіі і ўсёй краіне. Святы Ян Хрысціцель нагадвае нам сёння словы прарока Ісаі: “Падрыхтуйце дарогу Пану”. Мы падрыхтуем яе толькі тады, калі будзем упэўненыя, што заслужым Божае збаўленне разам з нашымі братамі і сёстрамі. Толькі тады мы будзем шчаслівыя, калі не дазволім уцягнуць сябе ў зло і нянавісць свету, у наша духоўнае раўнадушша і пустэчу, калі не паддадзімся намовам хлусні, несумленнасці і падману лёгкага шчасця. Барацьба з грахом у нашым штодзённым жыцці і з яго праявамі ў сваім асяроддзі, адвэнтавыя пастановы і адрачэнні хай будуць для нас плёнамі ахвяры, складзенымі дзеля ўзрастання Святога Касцёла і ўмацавання навучання Святога Айца ў сучасным свеце.
    На заканчэнне, узлюбленыя Дыяцэзіяне, я хацеў бы звярнуцца да Вас словамі, узятымі з апошняй энцыклікі нашага Папы Бенэдыкта XVI “Caritas in veritate” -“Любоў у праўдзе”, якую Святы Айцец абвясціў у 2009 г.: “Божая Любоў заклікае нас выйсці з таго, што з’яўляецца абмежаваным i неканчатковым, дадае нам адвагі для дзеяння i далейшага пошуку дабра для ўсіх, нават калі яно не рэалізуецца адразу, нават калі тое, што можам учыніць мы і палітычныя ўлады, а таксама ўдзельнікі эканамічнай сферы, заўсёды меншае ад таго, чаго горача жадаем. Бог адорвае нас сілай змагацца і цярпець за любоў да агульнага дабра, бо Ён з’яўляецца для нас Усім, нашай найбольшай надзеяй”.
    Няхай гэтыя словы Святога Айца будуць для нас духоўнай праграмай, каб мы змаглі дзяліцца любоўю і праўдай, хай дапамогуць нам глыбей перажываць перыяд Адвэнту і перамагаць зло дабром, а смутак - надзеяй. Няхай у гэтым будзе для нас прыкладам Марыя, Маці Касцёла, заслуханая ў голас Бога і адданая слуга Пана.
    Ахопліваю Вас, дарагія Дыяцэзіяне, маім духоўным пастырскім клапатам і асабліва буду памятаць пра Вас падчас наведвання магіл св. Апосталаў Пятра і Паўла, а таксама слугі Божа Яна Паўла II.    Прашу Вас аб малітве і на плённае перажыванне Адвэнту з усяго сэрца б л а с л а ў л я ю.
    Аляксандр Кашкевіч, Біскуп Гродзенскі
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.