Друк

Устанаўленне

13 красавіка 1991 г. Ян Павел II заснаваў Гродзенскую дыяцэзію. Папа ў Буле “Qui Operam” адзначае: “На вечную памяць перадаём гэтую справу, каб у Саюзе Савецкіх Рэспублік быў адноўлены каталіцкі Касцёл, для духоўнай карысці супольнасці католікоў лацінскага абраду, што пражываюць у Гродзенскай акрузе ў Рэспубліцы Беларусь, як частцы Дзяржавы Федэрацыі, выдаём Апостальскі Ліст…Нашай Апостольской моцай і ўладай вырашаем і засноўваем Гродзенскую Лацінскую дыяцэзію, акрэсленую свецкімі межамі акругі, называемай вобласцю. Вобласць, а правільней, дыяцэзія, будзе ўваходзіць у склад Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з біскупскай сталіцай у Гродне”.

Цяжкі шлях да ўзнікнення біскупства ў Гродне

Першыя праекты ўтварэння біскупства ў Гродне паўсталі ўжо ў дваццатых гадах. Гэтаму садзейнічала таксама правіла, якое прымалася ва ўсіх дыяцэзіях Рэчы Паспалітай: колькасць каталіцкіх біскупаў не можа быць меншай, чым колькасць праваслаўных іерархаў. З 1900 г. у Гродне размяшчалася рэзідэнцыя праваслаўнага епіскапа, а рэзідэнцыі каталіцкага біскупа не было. Таму былі прыняты першыя праекты, якія датычыліся зацвярджэння ў Гродне каталіцкага біскупа. Аднак мацнейшымі аказаліся аргументы за тое, каб не дзяліць тэрыторыю Віленскай дыяцэзіі, і так ужо паменшаную на карысць новаўтвораных Падляскай і Пінскай дыяцэзій. Праект заснавання дыяцэзіі ў Гродне быў адкладзены на пазнейшы час.

Намеры стварыць дыяцэзію ў Гродне адрадзіліся ў трыццатых гадах ХХ стагоддзя. 5 верасня 1935 г. да віленскага арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага паступіла просьба ад мэра горада Гродна, членаў pаённага Савета і Гродзенскага сеймa. Яны прасілі, каб арцыбіскуп як мага хутчэй пачаў клапаціцца ў Рыме аб стварэнні біскупства ў Гродне ці хаця б прызначыў у гэтым горадзе дапаможнага біскупа. Не менш важную ролю ва ўзнікненні біскупства, згодна з заключаным у 1925 г. канкардатам паміж Польшчай і Апостальскай Сталіцай, павінна была адыграць справа фінансавання новай касцёльнай структуры. У той час недахоп сродкаў на ўтрыманне ўрадам Рэчы Паспалітай біскупа ў Гродне прывёў да таго, што Апостальская Сталіца не зацвердзіла біскупа ў гэтым горадзе.

Арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі быў сапраўдным апекуном справы заснавання новай дыяцэзіі ў Гродне. Паводле планаў арцыбіскупа, у сувязі з недахопам дзяржаўных супсідый у Гродне мог бы мець рэзідэнцыю дапаможны біскуп з Вільні. У складзеным арцыбіскупам Ялбжыкоўскім праекце стварэння новай дыяцэзіі, у Гродзенскую дыяцэзію ўвайшлі б чатыры раёны: Гродзенскі, Ваўкавыскі і Беластоцкі з Беластоцкай вобласці, а таксама Слонімскі раён з Навагрудскай вобласці. Пералічаныя раёны складалі заходнюю частку тэрыторыі Віленскай архідыяцэзіі.

У 1938 – 1939 гадах з бюджэту дзяржавы былі выдзелены сродкі на ўтрыманне новай касцёльнай структуры ў Гродне. Выбух Другой сусветнай вайны і акупацыя зямель Польшчы ў верасні 1939 г.  сталі перашкодай для ўтварэння Гродзенскай дыяцэзіі.

Адміністрацыя

Адначасова з Булай аб заснаванні Гродзенскай дыяцэзіі Ян Павел II падпісаў таксама Булу аб выбранні і абвяшчэнні “улюбёнага сына Аляксандра Кашкевіча, з духавенства Віленскай архідыяцэзіі, пробашча парафіі Святога Духа ў Вільні, Біскупам Гродзенскім Лацінскім”. Катэдрай дыяцэзіяльнага біскупа і “маці касцёлаў” дыяцэзіі, дзе навучае і выконвае сваю паслугу біскуп, стаў касцёл св. Францішка Ксаверыя, які знаходзіцца ў сталіцы дыяцэзіі. Катэдральны касцёл, былы касцёл аа. езуітаў (з 1773 г. касцёл належыць дыяцэзіяльным ксяндзам), якраз перад заснаваннем Гродзенскай дыяцэзіі, 17 сакавіка 1991 г., быў узведзены ў ранг Малой Базілікі.

Трэба таксама памятаць пра тое, што да 1990 г. функцыю касцёльнай улады, спачатку ад імя віленскага арцыбіскупа, а затым Апостальскіх Адміністратараў у Беластоку, выконвалі генеральныя вікарыі. Гэта былі святары, прызначаныя ў асобныя раёны былой Віленскай архідыяцэзіі. У Гродзенскай вобласці функцыю генеральнага вікарыя выконваў кс. прэлат інфулат Міхал Арановіч, пробашч пабернардынскай парафіі. У 1990 г., адначасова з прызначэннем біскупа Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскім Адміністратарам для католікаў Мінскай дыяцэзіі ў Беларусі, гэтая незвычайная форма выканання касцёльнай улады павінна была скончыцца і прыняць кананічныя формы.

Першым генеральным вікарыем 12 мая 1992 г. быў прызначаны кс. прэлат інфулат Станіслаў Кучыньскі, першы рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Пасля яго смерці генеральным вікарыем стаў кс. прэлат Міхал Варанецкі з супольнасці ксяндзоў місіянераў, першы духоўны айцец клерыкаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і афіцыял біскупскага суда. У 1998 г. пасаду генеральнага вікарыя дыяцэзіі заняў кс. бп Антоній Дзям’янка, прызначаны дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. Пасля яго пераходу ў Мінск у 2005 г. генеральным вікарыем быў прызначаны кс. прэлат Міхал Сапата, які прыбыў для душпастырскай дапамогі з Тарноўскай дыяцэзіі. З чэрвеня бягучага года пасаду генеральнага вікарыя займае кс. прэлат Антоній Ханько, канцлер біскупскай курыі і пробашч пабернардынскай парафіі ў Гродне. Апрача генеральных вікарыяў, з мэтай падтрымаць біскупа ў кіраванні дыяцэзіяй, у снежні 2007 г. на пяцігадовы перыяд былі закліканы біскупскія вікарыі па душпастырскіх справах: кс. Ян Кучыньскі, пробашч катэдральнай парафіі ў Гродне, і кс. Уладзімір Гуляй, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. Згодна з правіламі Кодэкса Кананічнага Права, на час, акрэслены ксяндзом біскупам, у 1996, 2001 і 2008 гадах зацвярджалася кола Калегіі кансультараў. Калегія кіруецца зацверджанымі статутамі і пры выкананні ўказанняў дыяцэзіяльнага біскупа мае дарадчы голас.

На сённяшні дзень для павышэння хараства літургічных цырымоній трывае працэс зацвярджэння пры катэдральным касцёле катэдральнага капітула.

Біскупская курыя

Важнай установай, якая падтрымлівае ксяндза біскупа Аляксандра, застаецца ўстанова дыяцэзіяльнай курыі, якая з’яўляецца біскупскай канцылярыяй.

Біскупская курыя на пачатку існавання дыяцэзіі функцыянавала пры Пабернардынскім касцёле, а з 1992 г. была перанесена на другі і трэці паверхі плябаніі катэдральнай парафіі; з лютага 2001 г. курыя функцыянуе ў будынках, атрыманых і адрамантаваных пасля былога інтэрната езуіцкай калегіі. Першым канцлерам курыі быў а. Станіслаў Садоўскі, францішканін, у 1992 г. канцлерам быў прызначаны кс. прэлат Антоній Ханько, тагачасны пробашч прафіі ў Жалудку. Кс. Антоні выконвае абавязкі канцлера да сённяшняга дня. З 2002 г. у курыі была ўстаноўлена пасада архівіста, а з 2004 г. – таксама пасада натарыуса. У 2011 г. кс. бп Аляксандр зацвердзіў пасаду віцэканцлера. Акрамя гэтага, функцыянаванню біскупскай курыі дапамагае праца сакратарак, якімі працуюць манаскія сёстры з супольнасці Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і свецкія асобы.

Духавенства

Шэрагі святароў на працягу 20-ці гадоў папоўніліся святарамі, якія прыбылі для душпастырскай дапамогі з Польшчы, і святарамі, якія скончылі Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. На момант утварэння дыяцэзіі на тэрыторыі Гродзенскай вобласці працавала 57 святароў. Гэта былі святары, якія да 1939 г. скончылі Вышэйшую архідыяцэзіяльную духоўную семінарыю ў Вільні. Да малодшага пакалення святароў належалі выпускнікі духоўных семінарый у Рызе і Каўнасе, а таксама ва ўмовах падпольнай семінарыі. У 1989 – 1990 гадах, пасля перагавораў свецкай улады з кс. б-пам Тадэвушам Кандрусевічам, у Гродна прыбыла 33-асабовая група святароў з Польшчы. Дазвол на выезд кожнаму святару даў кс. кард. Юзаф Глемп, Прымас Польшчы. Некаторыя з тых святароў, якія з самага пачатку існавання дыяцэзіі садзейнічалі духоўнаму і матэрыяльнаму аднаўленню Гродзенскага Касцёла, працуюць да сённяшняга дня. З пункту гледжання інкардынацыі, у дыяцэзіі працуюць як дыяцэзіяльныя святары, так і манаскія. Дынамізм росту колькасці духавенства відаць на прыкладзе статыстычных дадзеных:

 

Дыяцэзіяльныя святары

Манаскія святары

1991 г.

50

33

2001 г.

94

65

2011 г.

143

64

 У 1991 г. у дыяцэзіі працавалі 73 манаскія сястры, у 2001 г. – 160, у 2011 г. – 143.

На працягу 20-годдзя памерлі святары, якія перажылі гады ваяўнічага атэізму. Гэта кс. Пётр Барташэвіч, капелан Яго Святасці (13.01.1991 г.), кс. Міхал Арановіч, апостальскі протанатарыус (28.08.1991 г.), кс. Станіслаў Петраш з ордэна айцоў піяраў (30.06.1994 г.), кс. прэлат Баляслаў Гаўрыхоўскі (14.08.1996 г.), кс. прэлат Антоні Банькоўскі (23.09.1996 г.), кс. прэлат Юзаф Грасевіч (01.03.2000 г.), кс. прэлат Алаізій Тамковіч (06.12.2001 г.), кс. прэлат Юзаф Кісель (04.12.2002 г.), а. Караль Шчэпанэк з ордэна айцоў капуцынаў (10.02.2004 г.), кс. прэлат Казімір Шаняўскі (25.03.2005 г.). У 2008 – 2009 гадах нашу дыяцэзію вымушаны былі пакінуць ксяндзы з Польшчы, якія не атрымалі ад свецкіх улад дазволу на душпастырскую працу.

Увогуле, трэба канстатаваць, што колькасць святароў у дыяцэзіі з кожным годам павялічваецца. Узрастае лічба мясцовых святароў, як дыяцэзіяльных, так і манаскіх. Значна большай праблемай з’яўляецца ўсё яшчэ недастатковая колькасць новых парафій у гарадах, куды перасяляецца насельніцтва з меншых мясцовасцей дыяцэзіі. Святарская фармацыя адбываецца ў духу паслушэнства Касцёлу, якое засноўваецца на сталай сувязі біскупа з духавенствам. Яна мае форму штомесячных дзён засяроджання і курсаў для маладых святароў.

Тэрыторыя, структура, колькасць вернікаў і касцёльныя будынкі

Узніклая Гродзенская дыяцэзія ахапіла тэрыторыю прыкладна ў 25 тысяч квадратных кіламетраў і адпавядае межам Гродзенскай вобласці. У 1991 г. у яе склад увайшло 119 парафій, якія належалі да даваеннай Віленскай архідыяцэзіі, 4 парафіі – Навагрудак, Стараельня, Варонча і Усялюб, якія належалі да Пінскай дыяцэзіі, а таксама 7 парафій – Тэалін, Селіванаўцы, Галынка, Адамавічы, Баля Касцёльная, Лабно і Перстунь – да Ломжынскай дыяцэзіі. У межах новай дыяцэзіі аказалася каля 900 тысяч жыхароў, з якіх дзесьці каля 450-ці тысяч дэкларавалі сваю прыналежнасць да каталіцкага Касцёла.

Парафіі дыяцэзіі, паводле праекта кс. праф. д-ра Тадэвуша Крахеля, з 1993 г. былі аб’яднаны ў 15 дэканатаў, а з 1997 г. – у 16. З гродзенскіх дэканатаў быў выключаны дэканат Тэалін-Сапоцкін (7 парафій Ломжынскай дыяцэзіі, а парафія Заневічы была далучана да дэканата Вялікая Бераставіца). У 2007 г. біскуп ардынарый, жадаючы наладзіць душпастырскую камунікатыўнасць і беручы пад увагу аддаленыя тэрыторыі некаторых парафій і дэканатаў ад сталіцы дыяцэзіі (самы аддалены пункт дыяцэзіі знаходзіцца на адлегласці 320 км ад Гродна), заснаваў дзве душпастырскія акругі дыяцэзіі: Гродзенскую і Лідскую.

Дзякуючы намаганням ксяндза біскупа, у 20-гадовы перыяд была вернута і заснавана 61 парафія: (1991 г. – 130; 2001 г. – 165; 2011 г. – 191). 13 са 119-ці парафій знаходзяцца на стадыі арганізацыі. Гэта азначае, што для канчатковага ўстанаўлення ім патрэбна акрэсленне меж і юрыдычная рэгістрацыя ў свецкіх улад.

Акрамя інтэнсіўнага адраджэння парафіяльнага жыцця, гэты перыяд быў таксама часам адбудовы знішчаных святынь і будаўніцтва новых. У 1991 г. на тэрыторыі дыяцэзіі ў межах вобласці знаходзілася 85 дзейных касцёлаў. Дзякуючы намаганням ксяндзоў, вернікаў і дапамозе людзей добрай волі, да 2011 г. іх колькасць узрасла да 146-ці. Пасля абсалютнага знішчэння было атрымана і адрамантавана 27 касцёлаў, асвечаны 34 новыя святыні. Акрамя гэтага, у дыяцэзіі адкрыта 6 філіяльных касцёлаў, 2 рэктаральныя і 84 капліцы. Большасць капліц была перароблена са свецкіх будынкаў, на сённяшні дзень яны маюць характар парафіяльных святынь. Найбольшы дынамізм у сакральным будаўніцтве назіраецца ў дэканатах Гродна, а таксама ў Лідскім і Шчучынскім дэканатах. Аб гэтым сведчыць колькасць пабудаваных святынь і капліц.

 На сённяшні дзень у дыяцэзіі працягваецца рамонт Пабрыгіцкага кляштара; на месцы былога кляштара айцоў дамініканаў у Навагрудку працягваецца будаўніцтва рэкалекцыйнага цэнтра; у 2009 г. айцы францішкане перанялі будынак кляштара ў Гальшанах. У дзвюх парафіях дыяцэзіі будуюцца новыя касцёлы.

 Што датычыцца дэмаграфічнай сітуацыі, то Касцёл павінен зрэагаваць на з’яву перасялення маладых сямей у гарады. Паводле афіцыйных статыстык, якія падаюць ксяндзы пробашчы, у апошнім дзесяцігоддзі назіраецца рэзкае памяншэнне колькасці вернікаў, асабліва ў вясковых парафіях. Напрыклад, у 2001 г. у дыяцэзіі, паводле душпастырскіх анкет, колькасць вернікаў складала 381 147 чалавек, а ў 2010 г. гэтая колькасць паменшылася да 354 175. Аднак трэба памятаць, што парафіяльныя статыстыкі няпоўныя і не адлюстроўваюць сапраўднага становішча колькасці вернікаў. Колькасць вернікаў каталіцкага веравызнання можа быць большая за тую, што падаюць святары, таму што яшчэ не ўсе вернікі ахоплены душпастырскай апекай і ўключаны ў парафіяльныя спісы. З больш чым мільённага насельніцтва Гродзенскай вобласці католікамі могуць быць 40-45%.

Дэмаграфічная сітуацыя патрабуе адначасовай апекі над вернікамі ў сталым узросце і шырокага ахопу душпастырскай апекай вернікаў, якія, перасяляючыся ў гарады, губляюць традыцыйныя сувязі з Касцёлам. Адсюль таксама духавенствам і вернікамі дыяцэзіі прыкладваюцца намаганні для ўзнікнення новых парафіяльных супольнасцей у гарадах.

Перыяд апошніх 20-ці гадоў для Гродзенскай дыяцэзіі характарызаваўся стабілізацыяй дзейнасці душпастырскіх структур. Да станоўчых душпастырскіх дасягненняў трэба аднесці рэалізацыю шэрага ініцыятыў Касцёла, мэтай якіх было абуджэнне і развіццё рэлігійнага жыцця сярод дзяцей, моладзі і дарослых. Рэалізацыя душпастырскіх праграм, пастаянная катэхізацыя, сустрэчы, фармацыйныя курсы, рэкалекцыі і рэлігійныя з’езды з’яўляюцца доказам жыццёвасці веры, якая праходзіць трансфармацыю з традыцыйных элементаў да свядомага яе перажывання.

Нашым супольным жаданнем з’яўляецца тое, каб агульная душпастырская дзейнасць была накіравана на ўзнікненне ў вернікаў большай заклапочанасці аб супольнай карысці Касцёла і адказнасці за развіццё яго структур. Гэта будзе магчыма перш за ўсё на шляху апостальскага сведчання веры, даваемага духавенствам і вернікамі. У перспектыве таксама плануецца падрыхтоўка і правядзенне I Дыяцэзіяльнага Сінода, вучэнне якога можа вызначыць і каардынаваць галоўныя накірункі развіцця структуры і душпастырскай дзейнасці Гродзенскай дыяцэзіі.

   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.