Заступнікі

Друк
25 лістапада 1993 г. папа Ян Павел II сваёй булай надаў Гродзенскай дыяцэзіі Заступнікаў. Галоўнай Заступніцай стала Вастрабрамская Божая Маці, другараднымі – св. Казімір, каралевіч і св. Максімільян Марыя Кольбэ, святар і мучанік.
icon-ostrobramskaЗвыш 300 гадоў Вастрабрамская Божая Маці з’яўляецца асаблівай Заступніцай літоўскай, беларускай і польскай земляў. Прыгожае адлюстраване Найсвяцейшай Марыі Панны са злёгку схіленай галавой у арэоле з дванаццаці зоркаў і шматлікіх праменняў схіляе да роздуму і малітвы. Далікатная стройная постаць Багародзіцы з прыадкрытымі вачамі і скрыжаванымі на грудзях далонямі абуджае любоў і давер. Несамавітая лагоднасць, задуменнасць, асалода і адначасова глыбокая павага выпраменьваюцца з гэтай выявы.

Як цудоўны абраз Вастрабрамскай Божай Маці, так і капліца, дзе ён размяшчаецца, і сама Вострая Брама маюць багатую гісторыю, якая звязана з гісторыяй развіцця Вільні. У канцы XVст. пачатку XVI ст. паўстала дзевяць гарадскіх брамаў, з ліку якіх адна (адзіная, якая захавалася да нашага часу) насіла назву Мядніцкая ці інакш Крэўская. Крыху пазней “прыжылася” іншая назва брамы – Вострая (ад назвы часткі паўднёвага прадмесця, якую называлі Востры Канец). Паводле традыцыі на абарончых брамах вешалі святыя абразы. У 1626 г. айцы-кармеліты заснавалі ў гэтым месцы свой кляштар, а ў самой браме пабудавалі невялікую капліцу, дзе памясцілі абраз Божай Маці Міласэрнасці. 12 красавіка 1671 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне абраза віленскім біскупам у прысутнасці найвышэйшых свецкіх саноўнікаў Вялікага княства Літоўскага, прафесараў і студэнтаў Віленскай Акадэміі, прадстаўнікоў магістрату горада і вільнянаў. Варта дадаць, што Вострая Брама мела іншыя абразы па абодва яе бакі, якія праз некаторы час былі знішчаны.

Культ Маці Міласэрнасці з Вострай Брамы – вельмі вялікі і непараўнальны па сваёй сіле. Ён пачаў развівацца ў другой палавіне XVII ст. і быў звязаны з абаронай гарадскіх муроў. Гэты культ набраў сваю сілу ў I палове XVIII ст. Асаблівае развіццё ўшанавання да Маці Міласэрнасці наступіла пасля падзелу Польшчы. Вуліца, якая вяла праз Вострую Браму, была вельмі ажыўленай гарадской артэрыяй.Размяшчэнне там абраза зрабіла гэтую звычайную вуліцу месцам малітвы. Гэта там маліліся Адам Міцкевіч, Юліуш Славацкі, Юзаф Ігнацый Крашэўскі, а Вострая Брама была на працягу стагоддзяў нараўне з Яснай Гарой Марыйным санктуарыем, які славіўся шматлікімі ласкамі. У 1993 г. Ян Павел II маліўся ў капліцы ў Вострай Браме. Ён ахвяраваў тады Божай Маці Міласэрнасці папскую залатую ружу.

Каля 1671 г. выява Маці Міласэрнасці была закрыта сярэбранай пазалочанай сукенкай. Сярэбраны паўмесяц з выгравіраваным надпісам: “Падзяку Табе складаю Божая Маці за тое, што Ты выслухала мае просьбы і прашу Цябе, Маці Міласэрнасці, будзь ласкавая да мяне”, які знаходзіцца ў ніжняй частцы абраза - гэта вота з 1849 г. Галаву Божай Маці аздабляюць дзве кароны. Адна – у стыле барока для Каралевы Нябёсаў, другая – у стылі ракако – для Каралевы Польшчы. Вострая Брама звязана таксама з культам Божай Міласэрнасці. Абраз Божай Міласэрнасці быў намаляваны ў Вільні і выстаўлены для публічнага агляду менавіта ў Вострай Браме (26 – 28 красавіка 1935 г.). Тут таксама св. Фаустына мела аб’яўленне трыумфу абраза Божай Міласэрнасці. Гэтае аб’яўленне здзейснілася. Вуснамі тысячаў пілігрымаў з усяго свету можна сказаць: “Я схіляю галаву, аглядаючы Цябе, Каралеву ўсяго Сусвету, і прашу Твайго благаславення”.

Вастрабрамскую Божую Маці называюць Маці Міласэрнасці. Гэты тытул мае глыбокі тэалагічны сэнс. У энцыкліцы пра Божую Міласэрнасць Божы слуга Ян Павел II піша, што Марыя, становячыся Маці Уцелаўлёнага Сына, адчула (выключным чынам) Божую Міласэрнасць, але адначасова акупіла свой удзел у аб’яўленні Божай Міласэрнасці ахвярай сэрца. Таму Марыя – гэта Тая, якая цалкам ведае таямніцы Божай Міласэрнасці. Яна накіроўвае свае міласэрныя вочы да турботаў кожнага засмучанага чалавека і выпрошвае ласку. Пастаянна Бог спачувае чалавеку цераз мацярынства Марыі Панны. Яна як Упрашальная Усемагутнасць, Маці Літасці, Пасрэдніца Усіх Ласкаў і Маці Міласэрнасці, перапоўнена чуллівасцю да людзей, да іх няўмеласці, мізэрнасці і слабасці, заўжды выбягае насупраць засмучаным сваім дзецям.

О Пані мая, Святая Марыя!
Тваёй ласцы асаблівай ахове і Тваёй Міласэрнасці, сёння, кожны дзень і ў гадзіну маёй смерці, душу і цела мае аддаю. Усе мае надзеі і радасці, усе ўціскі і недамаганні, жыццё і канец майго існавання Табе даручаю, каб дзякуючы Тваім заслугам усе мае ўчынкі былі выкананы і накірованы паводле Тваёй і Твайго Сына волі. Амэн

sw kazimieras kazimierzСвяты Казімір - другі сын караля Казіміра IV Ягелончыка - нарадзіўся 3 кастрычніка 1458 г. у Кракаве ў Вавельскім замку. “Ён быў высакародным юнаком, з рэдкімі здольнасцямі і вартага памяці розуму”, - так пісаў яго настаўнік кс. Ян Длугаш. У 1471 г. малады каралевіч выязджае ў Венгрыю, дзе яму абяцалі карону. Паход заканчваецца фіяска. Няўдалае падарожжа, падчас якога дайшло да грабяжоў, бунтаў неаплачанага рыцарства і насілля, стала вялікім перажываннем для трынаццацігадовага ўражлівага хлопца. 
З 1475 г. каралевіч браў удз­ел у пасяджэннях каралеўскай рады. У 1476 г. разам з бацькам ён адправіўся ў Прусію. З 1478 г. кароль Казімір з каралевічамі Казімірам і Янам Ольбрахтам знаходзіліся ў Вялікім Княстве. Літоўцы дамагаліся асобнага князя для іх дзяржавы, указваючы на каралевіча Казіміра. Кароль рашуча адмовіў, а пасля раскрыцця загавору на жыццё яго і сыноў (1481) адаслаў каралевічаў у Польшчу.
На працягу амаль двух год каралевіч Казімір быў намеснікам бацькі ў каралеўстве. Ён меў тытул “secundogentis regis Poloniae”. Жыў у Радаме. Яго кароткае кіраўніцтва дзяржавай высока ацэньвалася сучаснікамі. Ён палепшыў бяспеку на дарогах, утаймаваў разбоі. Актыўным удзелам у ажыццяўленні правасуддзя Казімір садзейнічаў больш хуткаму вырашэнню пратэрмінаваных судовых спраў у каралеўскім судзе. У адрозненні ад бацькі, ён падтрымліваў добрыя кантакты з прускімі станамі (быў прыхільнікам большай самастойнасці гэтай правінцыі). На жаль, недамаганні ўсё больш пачалі непакоіць каралевіча. Аказалася, што ён хворы на сухоты. Позняй вясной 1483 г. Казімір быў адазваны ў Вільню. Нягледзячы на хваробу, якая прагрэсіравала, ён браў удзел у кіраванні дзяржавай. З таго часу паходзяць дакументы, якія каралевіч падпісваў, замяшчаючы падканцлера. Пад канец 1483 г. разам з бацькам Казімір выбраўся ў падарожжа ў Люблін на з’езд шляхты каралеўства. Аднак з-за стану здароўя застаўся ў Гродне. У лютым 1484 г. кароль пасля вестак пра цяжкі стан сына спыніў нарады і вярнуўся ў Гродна. У прысутнасці бацькі Казімір памёр 4 сакавіка 1484 г. і быў пахаваны ў віленскай катэдры.
У 1518 г., пасля паражэння рускіх пад Полацкам, было прызнана, што гэта адбылося дзякуючы цудоўнай апецы памерлага каралевіча. У тым самым годзе яго родны брат, кароль Жыгімонт I Стары, выслаў у Рым просьбу аб кананізацыі каралевіча Казіміра. На пачатку 1520 г. папа Леў X выслаў у Польшчу свайго пасла Захарыя Ферэры, які, назіраючы на месцы культ Казіміра, напісаў яго першы афіцыйны жыццяпіс. У наступным годзе Папа выдаў кананізацыйную булу, якая, аднак, знікла. Толькі ў 1602 г. папа Клеменс VIII выдаў новую булу, і праз два гады ў віленскай катэдры адбыліся кананізацыйныя ўрачыстасці. Калі ж крыху раней адкрылі грабніцу каралевіча, то цела святога, якое знаходзілася там на працягу 118 год, было некранутым.
Успамін св. Казіміра - добрая нагода задумацца над уласным жыццём. З біяграфіі святога каралевіча мы ведаем, што ён памёр, маючы 26 год. Але за такое нядоўгае жыццё ўжо выбраў уласны шлях, які адрозніваўся ад паводзін бацькі ці іншых магнатаў. Ён старанна вучыўся, быў добра выхаваным, захаваў у сэрцы зерне веры, якое сагравала кожнага, з кім кантактаваў каралевіч. Ён меў талент прымірэння пасварыўшыхся людзей. Ахвотна быў сярод бедных, раздаючы міласціну са сваіх даходаў. Так рабіў чалавек, якога ад нараджэння падрыхтоўвалі да ролі ўладара. Бацька выправіў каралевіча, які меў тады 13 год, валадарыць у Венгрыю. І сын выканаў давераны яму абавязак. Казімір спалучаў рэлігійнае жыццё з палітычнай дзейнасцю. Ён быў шчырым прыхільнікам Эўхарыстыі і Найсвяцейшай Панны Марыі. На працягу ўсяго свайго жыцця Казімір прысвячаў шмат часу малітве. Часам, калі панавала ўжо вячэрняя цішыня і ўсе адпачывалі, ён кленчыў на парозе святыні перад зачыненымі дзвярамі. Казімір служыў Богу і людзям. І адначасова выконваў абавязкі памагатага бацькі, намесніка ў каралеўстве, наступніка трона. Прайшоў выпрабаванні хваробай, уладай і вайной.
У Гродзенскай дыяцэзіі гэтаму святому прысвечаны чатыры святыні. Самая старэйшая з іх – касцёл ва Уселюбе, у Навагрудскім дэканаце, які прысвечаны св. Казіміру яшчэ ў палове XVII ст. Іншыя касцёлы былі пабудаваны ў Ліпнішках, Першамайску (Няцечы) і Путрышках. Апошнія два былі ўзведзены ў XXI ст. Гэтыя святыні з’яўляюцца бачнымі помнікамі св. Казіміру, а кожны чалавек павінен пераймаць паставу святога ва ўласным жыцці.

Малітва да св. Казіміра, каралевіча
    Святы Казімір, каралевіч!
    Ты адрокся ад свецкіх раскошы і ўцехаў, а жывучы ў нявіннасці і своеасаблівейшай пакуце, заслужыў вянец святога. Таму мы, слугі і Твае падданыя, молім Цябе выпрасіць у Бога ласку, каб мы, па Твайму прыкладу, умелі захаваць чысціню душы і цела, асцерагаліся ўсялякага граху і заслужылі ўдзельнічаць у Тваёй хвале ў Хрысце Пану. Выпрасі нам гэта і ратуй нас ва ўсіх нашых патрэбах праз таго ж Езуса Хрыста, нашага Пана. Амэн.


kolbe-fotoМаксіміліян Кольбэ нарадзіўся ў 1894 г. у польскім горадзе Здунская Воля. Значны духоўны ўплыў на фармаванне яго асобы аказала маці – Марыя Кольбэ, з якой Максіміліян заўсёды падтрымліваў цесную сувязь. Калі Марыя Кольбэ даведалася пра пакутніцкую смерць сына, яна сказала, што не трымае крыўды на тых, хто яго забіў, а шкадуе толькі пра тое, што Максіміліян перад смерцю не прыняў Святую Камунію.  

У 1907 г. Максіміліян Кольбэ паступіў у францішканскую семінарыю ў Львове. Праз тры гады ўступіў у супольнасць айцоў францішканаў, атрымаўшы першае манаскае імя – Максіміліян. У Львоўскім касцёле Маці Божай Беззаганнай ён даў абет: усё сваё жыццё прысвяціць Маці Божай.  

Пасля Львова а. Максіміліян паехаў вучыцца ў Рым, дзе атрымаў доктарскія дыпломы па тэалогіі і філасофіі. У Рыме ён прыняў вечныя шлюбы і атрымаў другое імя – Марыя. Там раскрыўся яго талент да фізіка-тэхнічных навук. Будучы святы нават працаваў над праектам касмічнага карабля. Аднак самым галоўным у яго жыцці было манаскае пакліканне – наследаванне спраў Беззаганнай Маці Божай. У 1917 г. разам з некалькімі айцамі францішканамі а. Максіміліян заснаваў апостальскае таварыства “Рыцарства Беззаганнай”, галоўнай мэтай якога было пашырэнне хрысціянства ў свеце праз пасрэдніцтва Маці Божай.       

У 1922 г. па распараджэнні кіраўнікоў супольнасці айцоў францішканаў а. Максіміліян Кольбэ пераехаў у Гродна. Тут ён пазнаёміўся з а. Мельхіёрам Фардонам, якога яшчэ пры жыцці называлі анёлам, бо ён, чым толькі мог, дапамагаў усім. Для Максіміліяна Кольбэ а. Фардон быў сябрам, дарадцам і спаведнікам. А. Фардон аказаў вялікі духоўны ўплыў на св. Максіміліяна.  

   Пасля Гродна а. Максіміліян працаваў у Польшчы, Японіі. Яго плённая праца ў рэчышчы свайго паклікання працягвалася да пачатку Другой сусветнай вайны. Разам з іншымі айцамі францішканамі а. Максіміліян Кольбэ быў арыштаваны нацыстамі. Але ў снежні 1939 г. манахаў выпусцілі. У 1941 г. гестапа паўторна арыштавала а. Максіміліяна і адправіла ў канцэнтрацыйны лагер Асвенцім. Праз некалькі месяцаў з гэтага лагера збег вязень, таму было вырашана забіць 10 вязняў. А. Максіміліян Кольбэ выпадкова падслухаў разважанні аднаго з гэтых 10 чалавек, які бедаваў таму, што пакіне ў самоце сваю сям’ю. І а. Максіміліян прыняў рашэнне праз галодную смерць у карцэры аддаць сваё жыццё замест гэтага чалавека. Расказвалі, што Максіміліян Кольбэ падтрымліваў у карцэры астатніх: яны спявалі рэлігійныя песні, маліліся. Калі праз два тыдні дзверы карцэра адкрылі, то ўбачылі мёртвымі ўсіх, акрамя Максіміліяна Кольбэ. Тады яму зрабілі смяротную ін’екцыю.   

У 1982 г. у Ватыкане на плошчы св. Пятра а. Максіміліян Марыя Кольбэ быў кананізаваны каталіцкім Касцёлам. На ўрачыстай св. Імшы прысутнічаў уратаваны ім вязень Асвенціма Францішак Гаёўнічак.
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.