сакав
24

Камюніке Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана 2011 г.

. Паведамленні
Друк
„Ажыві ў нас павагу да кожнага чалавечага жыцця, што нараджаецца, учыні нас здольнымі заўважыць цудоўную справу Стварыцеля ў плодзе матчынага ўлоння, падрыхтуй нашы сэрцы да шчодрага прыняцця кожнага дзіцяці, якое імкнецца да жыцця”.
Бэнэдыкт XVI

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры.
Малітвай Святога Айца Бэнэдыкта XVI распачынаем наша слова заахвочвання да „духоўнага ўсынаўлення”. Гэтую малітву Святы Айцец прачытаў у вігілію Адвэнту 2010 года ў ватыканскай базыліцы, узначальваючы набажэнства і начное чуванне ў абарону зачатага жыцця. Такім чынам Папа паказаў свету, што ўплыў цывілізацыі смерці становіцца штораз большым і нельга пасіўна глядзець на гэтую з’яву. Папа заахвоціў асабліва мясцовыя Касцёлы, каб у духу салідарнасці са Святым Айцом яны ў гэты самы час арганізавалі малітоўныя набажэнствы, адказваючы такім чынам на патрэбу абароны зачатага жыцця. Таксама і ў нашай краіне ў многіх касцёлах былі арганізаваны малітвы ў інтэнцыі жыцця.
Аднак мы не можам спыніцца на гэтай адной падзеі, якая, зразумела, мела бясспрэчнае значэнне. Нам трэба ісці далей, несучы дапамогу ўсім тым дзецям, якія знаходзяцца пад сэрцам сваіх маці. Таму, кіруючыся дабром кожнага ненароджанага дзіцяці, чарговы раз распачынаем малітву на працягу дзевяці месяцаў у інтэнцыі зачатага жыцця, якое знаходзіцца ў небяспецы, г. зв. „духоўнае ўсынаўленне”.
Гэтая форма малітвы вядомая ў нашай краіне ўжо некалькі гадоў. З кожным годам штораз больш асоб абавязваецца штодзённа маліцца за дзяцей, нараджэнне якіх знаходзіцца пад знакам пытання. Значная колькасць вернікаў, нягледзячы на цяжкасці, з якімі звязана гэтае абавязацельства, моліцца, усведамляючы той факт, што сёння ва ўлоннях маці забіваецца вялікая колькасць дзяцей.
Услед за заклікам Пана шанаваць кожнае жыццё, а таксама кіруючыся голасам сумлення, звяртаемся да ўсіх Вас, да вернікаў Касцёла і іншых канфесій, таксама да людзей добрай волі: будзьце адкрытымі на чалавечае жыццё, бараніце яго любым коштам. Сёння мы заахвочваем Вас велікадушна адкрыцца на ініцыятыву „духоўнага ўсынаўлення”. У чарговы раз у дзень Звеставання Пана ва ўсіх святынях нашай краіны ўрачыста возьмем абавязацельства штодзённа маліцца за ненароджанае жыццё i жыццё, якое знаходзіцца ў небяспецы, вымаўляючы формулу „духоўнага ўсынаўлення”.
„Разам з Марыяй, Тваёй Маці, жанчынай вялікай веры, ва ўлонні якой Ты прыняў чалавечую натуру, ад Цябе, адзінае наша праўдзівае Дабро і Збаўца, мы чакаем сіл, каб любіць жыццё і служыць яму”, – так маліўся Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Таму не будзем баяцца распачаць „духоўнае ўсынаўленне”. Гэта не толькі наш духоўны абавязак, але таксама і прывілея - стаць на баку безабаронных.
Памятайма, што заўсёды ў нашай чалавечай бездапаможнасці нашай моцаю будзе Пан Езус.
Усім, хто любіць жыццё i служыць яму, ад сэрца ўдзяляем пастырскае благаслаўленне.
Каталіцкія Біскупы Беларусі
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.