сакав
31

Адозва да святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі перад беатыфікацыяй Слугі Божага Яна Паўла ІІ і праграма падрыхтоўкі да яе

. Паведамленні
Друк
Шаноўныя святары, вялебныя законнікі і законніцы, умілаваныя вернікі гродзенскай дыяцэзіі! “Не бойцеся адчыніць дзверы Хрысту!”
Гэтымі словамі дарагога нам Божага Слугі Яна Паўла ІІ я хачу заахвоціць Вас духоўна падрыхтавацца да Яго хуткай беатыфікацыі, якая будзе вялікай ласкай для ўсяго Касцёла.
Няхай нашай падрыхтоўцы да беатыфікацыі папы Яна Паўла ІІ, якая адбудзецца 1 мая бягучага года на пляцы Святога Пятра ў Рыме падчас святой Імшы ў 10.00, папярэднічаюць супольная малітва і разважанне над шляхам яго зямнога жыцця, вынікам якога стане ўзнясенне яго да хвалы алтароў. Нашай падрыхтоўцы паводле прапанаванай праграмы няхай спадарожнічае малітва ў інтэнцыі, каб благаславёны Ян Павел ІІ быў Заступнікам кожнай сям’і і ўсяго грамадства і падтрымліваў іх на жыццёвым шляху, згодным з прынцыпамі Евангелля. Няхай вянцом нашай малітвы за дар Благаславёнага стане ўдзел у супольным чыне падзякі ў наступную пасля беатыфікацыі нядзелю, 8 мая.
Няхай для святароў і тых, хто рыхтуецца да святарства, Божы Слуга Ян Павел ІІ будзе і далей прыкладам Правадыра і Пастыра, які клапоціцца пра кожнага чалавека і асаблівым чынам - пра таго, хто заблукаў.
Для кансэкраваных асоб прыклад яго жыцця няхай указвае на веліч іх задання, якое заключаецца ў тым, каб быць знакам Божага Валадарства для свету, у якім мы жывём.
Няхай прыклад чалавечнасці і веры будучага Благаславёнага пастаянна дапамагае моладзі і ўсім вернікам знаходзіць сэнс жыцця ў радасным служэнні Богу і іншаму чалавеку. “Не бойцеся адчыніць дзверы Хрысту!”
Набліжаючыся да падзеі беатыфікацыі Яна Паўла ІІ, давайце пры пасрэдніцтве Марыі, Маці Касцёла, прасіць усяго гэтага ў Бога, Які багаты на міласэрнасць!
Малюся разам з Вамі і выпрошваю для Вас Божае благаславенне




Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Праграма падрыхтоўкі да беатыфікацыі Яна Паўла ІІ

1. У суботу 2 красавіка, у 6-ую гадавіну смерці Божага Слугі Яна Паўла ІІ, у парафіях дыяцэзіі ў вячэрні час належыць адслужыць святую Імшу і арганізаваць малітоўнае чуванне ў форме ружанцовай малітвы з разважаннямі Таямніц Святла.
Разважанні над таямніцамі можна пабудаваць на вучэнні Яна Паўла ІІ, змешчаным у энцыкліцы пра Ружанец або ў іншых папскіх дакументах.
Чуванне розных груп вернікаў можна закончыць Марыйным зваротам і малітвай перад беатыфікацыяй Божага Слугі (паводле адной з далучаных формул).

У гродзенскай катэдры чуванне моладзі адбудзецца пасля святой Імшы ў 19.00 г.

2. На Пальмовую Нядзелю 17 красавіка ў сувязі з Сусветным Днём Моладзі заахвоціць моладзь да ўдзелу ў асвячэнні Пальмаў і супольнай з ксяндзом Біскупам працэсіі ў Гродне (пачатак а 13.00 г. каля Пабернардынскага касцёла) або ва ўласных парафіях. Цэнтральнай тэмай гэтага дня могуць быць словы Яна Паўла ІІ да моладзі: “Вы - надзея Касцёла, Вы мая надзея”.

3. У Вялікую Пятніцу 22 красавіка належыць правесці разважанне Крыжовага Шляху паводле навучання Яна Паўла ІІ пра пакуты і збаўчую смерць Езуса Хрыста.
У Гродне супольны Крыжовы Шлях ад Пабернардынскага касцёла праз Савецкую плошчу да Катэдральнай базілікі адбудзецца 16 красавіка ў 17.30.

4. З 22 да 30 красавіка (ад Вялікай Пятніцы да вігіліі ўрачыстасці Божай Міласэрнасці) пасля навэнны перад урачыстасцю Божай Міласэрнасці належыць адгаварыць малітву перад беатыфікацыяй Божага Слугі Яна Паўла ІІ (згодна з адной з далучаных формул).

5. Апошні вечар перад беатыфікацыяй (30 красавіка) належыць перажыць у духу лучнасці з пілігрымамі, якія збяруцца ў гэты час на чуванні на пляцы Святога Пятра ў Рыме. У вігілію Божай Міласэрнасці належыць адслужыць святую Імшу і ў адпаведнасці з умовамі парафіі - і наколькі дазволіць час - правесці Эўхарыстычную Адарацыю.

6. У дзень беатыфікацыі 1 мая ў кожным дэканаце ў месцы, адпаведным сітуацыі, з дапамогай мультымедыйных сродкаў можна арганізаваць прагляд трансляцыі з беатыфікацыі.

У Гродне для ўсіх зацікаўленых вернікаў цэнтральным месцам прагляду трансляцыі з беатыфікацыі будуць вызначаныя пакоі парафіяльнага касцёла ў Дзевятоўцы.

7. У наступную пасля беатыфікацыі нядзелю – 8 мая - належыць у якасці падзякі за дар новага Благаславёнага падчас урачыстай святой Імшы Сумы правесці кароткае набажэнства пры заступніцтве благаславёнага Яна Паўла ІІ (у форме, адвольна выбранай ксяндзом пробашчам парафіі), дзякуючы за заснаванне гродзенскай дыяцэзіі і структур Касцёла ў Беларусі, а таксама выпрошваючы ўсім Божае благаславенне. Набажэнства належыць закончыць гімнам “Цябе, Божа, праслаўляем”.

8. На час падрыхтоўкі да беатыфікацыі і падзякі за яе, а таксама святкавання 20-ай гадавіны заснавання гродзенскай дыяцэзіі кожная парафія павінна зрабіць у сваім касцёле адпаведныя дэкарацыі, каб падкрэсліць важнасць гэтых падзей.

Малітвы

1. БОЖА Ў НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ!
Дзякуем Табе за тое, што Ты даў Касцёлу папу Яна Паўла ІІ, у якім заяснела твая айцоўская дабрыня, хвала Хрыстовага Крыжа і прыгажосць Духа любові. Ён, бясконца даверыўшыся Тваёй міласэрнасці і мацярынскаму заступніцтву Марыі, стаў жывым абразам Езуса Добрага Пастыра, паказаўшы нам святасць як меру хрысціянскага жыцця і як шлях для дасягнення вечнага з’яднання з Табой. Праз яго заступніцтва і згодна з Тваёй воляй удзялі нам ласку, якой мы просім, чакаючы беатыфікацыі Твайго Слугі папы Яна Паўла ІІ. Амэн.

2. БОЖА, ЯКІ БЫЎ, ЯКІ ЁСЦЬ І ЯКІ ПРЫХОДЗІШ!
У асобе Божага Слугі Яна Паўла ІІ Ты асыпаў нас незлічонымі дарамі Тваёй любові. Гэты вялікі Слуга Божых Слугаў вучыў нас пра Тваё міласэрнае айцоўства і паказаў, як належыць жыць у сяброўстве з Тваім Сынам. У малітвах за нас ён прасіў Духа Суцяшальніка перамяніць аблічча нашай зямлі і адкрываў братэрскія абдымкі для кожнага чалавека, указваючы на Маці Езуса як на ікону святасці.
Пане, дапамажы нам так засяродзіцца над чалавечнасцю і місіяй Пятра нашых часоў – Божага Слугі Яна Паўла ІІ - каб мы не баяліся адчыніць дзверы нашага жыцця Збавіцелю, Які прыходзіць.
Дазволь нам быць Тваім Народам, які верна крочыць дарогай да вечнай шчаслівасці, памятаючы, дзякуючы Яну Паўлу ІІ, вадавіцкую прыказку: “Час уцякае, а вечнасць чакае”. Амэн.

3. ДЗЯКУЕМ ТАБЕ, МІЛАСЭРНЫ БОЖА, ЗА ДАР БОЖАГА СЛУГІ ЯНА ПАЎЛА ІІ.
На прыкладзе яго жыцця Ты нас вучыў і вучыш цярпліва і мудра любіць сваю Айчыну і Касцёл, які не мае межаў.
Дапамажы нам, Божа, каб мы памяталі, разважалі і чынілі школай жыцця яго папскае навучанне, яго прарочыя жэсты і ўказанні. Дазволь усё глыбей пазнаваць яго жыццё і апостальскае служэнне. Дай усім Тваім вучням чэрпаць з духа яго малітвы і адарацыі, любові да Марыі і Святых, пакоры і даверу ў цярпенні.
Просячы заступніцтва Яна Паўла ІІ, мы даручаем Табе, Спрадвечны Ойча, усіх дыяцэзіян – жывых і памерлых. Просім сталасці, мудрасці і святасці для нас, згоды і вернасці Езусу Хрысту і Касцёлу. Благаславі дзяцей, моладзь, сем’і, самотных асобаў, благаславі кансэкраваных асоб, клерыкаў і святароў, благаславі хворых і церпячых, а таксама тых, каго праследуюць, ад каго адвярнуліся і хто заблукаў.
Няхай наш новы нябесны Заступнік, якога неўзабаве мы будзем ушаноўваць як Благаславёнага, выпрасіць для нас патрэбныя ласкі праз Хрыста, Добрага Пастыра. Амэн.

(Апрацавана на падставе малітваў з малітоўніка кс. Генрыка Раманюка)

Падчас Вялікага Посту
4. ОЙЧА БЯСКОНЦА ДОБРЫ, ПАНЕ НЕБА І ЗЯМЛІ, хвалу, моц і любоў якога абвяшчае ўсё стварэнне, Хоры Анёлаў і ўсе Святыя!
Ты аказаў нам сваю міласэрнасць і схіліўся над нашай убогасцю, даўшы нам Езуса, свайго Сына, нашага Брата і Сябра, Які нас адкупіў і паяднаў з Табой.
Ты дазваляеш нам падрыхтавацца да велікодных святаў, даючы святы час ласкі і навяртання.
Ты з бясконцай любоўю чакаеш заблуканых сыноў, каб абняць іх, памірыць і пасадзіць за свой стол, апрануўшы ў шаты вернутай годнасці.
Ойча, спашлі нам свайго Духа і распалі ў нашых сэрцах гарачую любоў да Цябе і да людзей.
Дзякуем Табе, Божа, за папу Яна Паўла ІІ, у жыцці якога з вялікай сілай заяснела Твая айцоўская дабрыня, хвала Хрыстовага Крыжа і бляск Духа любові. Ён бясконца даверыўся Тваёй міласэрнасці, мацярынскаму заступніцтву Марыі і стаў жывым абразам Езуса Добрага Пастыра. Ён верна крочыў шляхам Евангелля і стаў для нас узорам хрысціянскага жыцця.
Просім Цябе, Божа, каб дзеці Касцёла, рыхтуючыся да яго беатыфікацыі, нанова адкрылі радасць, якую дае вера, знайшлі умацаванне ў Тваім слове і сакрамантах і, падпарадкаваўшыся тваёй волі, адчулі супакой у сэрцах. Просім, каб трывалым плодам Твайго дару, якім з’яўляецца ўзнясенне да хвалы алтароў Вялікага Рыбака пералому тысячагоддзяў, сталі шырока адчыненыя дзверы Касцёла і абвяшчэнне яго любові да ўсіх людзей, асабліва да ўбогіх і малых, а таксама хворых целам і душой і тых, хто блукае па бездарожжы.
Няхай нас падтрымлівае заступніцтва новага Благаславёнага, каб пасля зямнога вандравання мы маглі ўвайсці ў Твае пакоі ў небе і ў лучнасці са Святымі праслаўляць Цябе праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

з інтэнэт-старонкі парафіі ў Атвоцку
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.