З гісторыі цудоўнага месца

Друк
Як цудоўны абраз Вастрабрамскай Божай Маці, так і капліца, дзе ён размяшчаецца, і сама Вострая Брама маюць багатую гісторыю, якая звязана з гісторыяй развіцця Вільні. У канцы XVст. пачатку XVI ст. паўстала дзевяць гарадскіх брамаў, з ліку якіх адна (адзіная, якая захавалася да нашага часу) насіла назву Мядніцкая ці інакш Крэўская. Крыху пазней “прыжылася” іншая назва брамы – Вострая (ад назвы часткі паўднёвага прадмесця, якую называлі Востры Канец). Паводле традыцыі на абарончых брамах вешалі святыя абразы. У 1626 г. айцы-кармеліты заснавалі ў гэтым месцы свой кляштар, а ў самой браме пабудавалі невялікую капліцу, дзе памясцілі абраз Божай Маці Міласэрнасці. 12 красавіка 1671 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне абраза віленскім біскупам у прысутнасці найвышэйшых свецкіх саноўнікаў Вялікага княства Літоўскага, прафесараў і студэнтаў Віленскай Акадэміі, прадстаўнікоў магістрату горада і вільнянаў. Варта дадаць, што Вострая Брама мела іншыя абразы па абодва яе бакі, якія праз некаторы час былі знішчаны.
Культ Маці Міласэрнасці з Вострай Брамы – вельмі вялікі і непараўнальны па сваёй сіле. Ён пачаў развівацца ў другой палавіне XVII ст. і быў звязаны з абаронай гарадскіх муроў. Гэты культ набраў сваю сілу ў I палове XVIII ст. Асаблівае развіццё ўшанавання да Маці Міласэрнасці наступіла пасля падзелу Польшчы. Вуліца, якая вяла праз Вострую Браму, была вельмі ажыўленай гарадской артэрыяй.Размяшчэнне там абраза зрабіла гэтую звычайную вуліцу месцам малітвы. Гэта там маліліся Адам Міцкевіч, Юліуш Славацкі, Юзаф Ігнацый Крашэўскі, а Вострая Брама была на працягу стагоддзяў нараўне з Яснай Гарой Марыйным санктуарыем, які славіўся шматлікімі ласкамі. У 1993 г. Ян Павел II маліўся ў капліцы ў Вострай Браме. Ён ахвяраваў тады Божай Маці Міласэрнасці папскую залатую ружу.
    Каля 1671 г. выява Маці Міласэрнасці была закрыта сярэбранай пазалочанай сукенкай. Сярэбраны паўмесяц з выгравіраваным надпісам: “Падзяку Табе складаю Божая Маці за тое, што Ты выслухала мае просьбы і прашу Цябе, Маці Міласэрнасці, будзь ласкавая да мяне”, які знаходзіцца ў ніжняй частцы абраза - гэта вота з 1849 г. Галаву Божай Маці аздабляюць дзве кароны. Адна – у стыле барока для Каралевы Нябёсаў, другая – у стылі ракако – для Каралевы Польшчы. Вострая Брама звязана таксама з культам Божай Міласэрнасці. Абраз Божай Міласэрнасці быў намаляваны ў Вільні і выстаўлены для публічнага агляду менавіта ў Вострай Браме (26 – 28 красавіка 1935 г.). Тут таксама св. Фаустына мела аб’яўленне трыумфу абраза Божай Міласэрнасці. Гэтае аб’яўленне здзейснілася. Вуснамі тысячаў пілігрымаў з усяго свету можна сказаць: “Я схіляю галаву, аглядаючы Цябе, Каралеву ўсяго Сусвету, і прашу Твайго благаславення”.
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.