Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (Пабрыгіцкі)

Друк
Аб заснаванні касцёла і кляштара брыгітак было аб’яўлена ў 1634 г. і гэтая падзея згадвалася ў панегірычным друку ў 1635 годзе. Фундатарамі сталі вялікі маршалак літоўскі Крыштоф Весялоўскі і яго жонка Аляксандра з Сабескіх. Заснаванне кляштара, разлічанага на 30 сёстраў, стала сваеасаблівым ушанаваннем памяці іх удачаронай дачкі Грызэльды Сапежыны з Вадыньскіх, якая памерла 21.01.1633 г. Згодна ахвяравальнай граматы кляштару перадаваліся мястэчка Крамяніца, наступныя фальваркі: Князева, Рагозніца, Шылавічы і інш., а асобныя сродкі ахвяроўваліся на шпіталь.
    Хутка на набытым пад кляштар пляцы паўсталі драўляныя будынкі кляштара і касцёл, абнесеныя мурам. 6 снежня 1636 г. адбылося ўрачыстае ўваходжанне першых 8 сясцёр з люблінскага канвенту, якія 9 снежня выбралі настаяцелькай Ганну Сабескую, дачку люблінскага ваяводы і родную сястру фундатаркі.
    У 1642 г. пачалося будаўніцтва мураванага касцёла, які быў кансэкраваны 19 кастрычніка 1651 г. пад тытулам Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі віленскім біскупам Юрыем Тышкевічам.
Касцёл уяўляе сабою прамавугольную святыню з дзвюмя вежамі і паўкруглай апсідай. Адносна невялікія чацверыковыя вежы пад шлемападобнымі купаламі выконваюць толькі дэкаратыўную функцыю, таму званіца была пабудавана асобна ад комплекса паміж 1783 і 1795 гг. цераз вуліцу. Партал галоўнага ўваходу завяршае барэльефная кампазіцыя паміж “абеліскамі”, а ў цэнтры яе знаходзілася фігура заступніцы касцёла НПМ, якую ўзносяць два анёлы.
    Інтэр’ер касцёла, перакрыты паўцыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі над вокнамі, спачатку ўпрыгожвалі 3 разьбяныя барокавыя алтары. Галоўны алтар стварыў гродзенскі майстар Георг Зехля, таксама да 1649 г. ён пабудаваў бакавыя алтары, амбону, лавы сёстраў у прэзбітэрыі, лаўкі і 2 канфесіяналы. Маляр Якуб з Тыкоціна пакрыў чорным лакам і пазалотай алтары. У цэнтры галоўнага алтара быў размешчаны тытульны абраз Звеставання - адзін з лепшых твораў барокавага алтарнага жывапісу ў Беларусі, што быў намаляваны ў 1646 г. віленскім мастаком Ёганам Шрэтарам. У другім ярусе знаходзіўся абраз Найсвяцейшай Тройцы, якая каранавала Божую Маці. Паабапал алтара стаялі фігуры св. Аўгустына і св. Войцеха, а завяршалі - св. Міхала Арханёла з мячом і шалямі ў акружэнні 2 анёлаў і фігураў св. Казіміра і св. Вацлава (над алтаром быў абраз Найсвяцейшага Сэрца Езуса).
    Бакавыя алтары былі прысвечаны св. Ганне (злева) і св. Брыгіце, абразы для іх таксама намаляваў Шрэтар (каля 1923 г. назарэтанкі замянілі іх адпаведна на абразы св. Юзафа і св. Клеменса). Новыя абразы намалявала маці Паўла (Марыя Гажыч), першая настаяцелька гродзенскіх назарэтанак. Абраз св. Клеменса, які лічыцца заступнікам Гродна, быў адзначаны шматлікімі вотамі. Тут захоўваліся і рэліквіі святога ў невялікай шкляной труне – гэты рэліквіярый у 1768 г. прывёз ад папы Клеменса XIII Караль Літавор Храптовіч і ахвяраваў яго брыгіткам у 1781 г. У першай палове ХVШ ст. былі ўстаноўлены яшчэ 2 алтары пры паўднёвай сцяне - 2-ярусны алтар Мессінскай Божай Маці, а насупраць – св. Кацярыны Швецкай. У 2-й пал. таго ж стагоддзя пры галоўным алтары з’явіліся маленькія алтарыкі Езуса з Назарэта і св. Аўгустына ў стылі ракако.
    На падлозе перад прэзбітэрыем знаходзіўся ўваход у крыпту (цяпер замураваны), які зачыняла вялізная мармуровая пліта з гербамі фундатараў, пахаваных там згодна з завяшчаннем (1700 г.). Пад заходняй часткай касцёла знаходзілася крыпта сёстраў (цяпер - невялікі музей). На манаскіх хорах у нішы паўночнай сцяны быў створаны алтарык з фігурай Божай Маці. На паўднёвай сцяне хора быў размешчаны таксама алтарык Балеснай Божай Маці, дзе абраз Марыі з Дзіцяткам быў аздоблены рэліквіярыямі. Балюстрада хораў была ўпрыгожана карцінамі. Драўляны балкон музычных хораў (цяпер бетонны) з арганамі (арганы выканаў знакаміты гданьскі майстар Мартэн Фрэзэ, наверсе іх была ўстаноўлена фігура караля Давіда з арфай) знаходзіўся на паўднёвай сцяне, побач з манаскімі хорамі. На іх парапеце мастак Якуб з Тыкоціна намаляваў сцэны з дзяцінства Езуса, а ў 1998 г. часткі агароджы экспанаваліся ў Мастацкім музеі Мінска).
    Кляштарны комплекс, абнесены высокай мураванай агароджай з 4 брамамі ў стылі маньерызму і 6-граннымі вежамі па вуглах, уключаў жылыя карпусы, драўляны лямус (упарта датуецца ХVII ст., але на самой справе ён быў зрублены пад канец ХVIII ст., акрамя таго гэта быў не лямус, а свіран) і шэраг гаспадарчых пабудоваў.
    У 1908 г. са згоды віленскага арцыбіскупа Эдварда дэ Роппа кляштар быў перададзены Кангрэгацыі сёстраў Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. У 1940-я гг. кляштар вытрымаў савецкую ўладу і нямецкую акупацыю. Аднак да 1947 г. тут засталося толькі 9 сёстраў – гэта быў апошні дзеючы жаночы кляштар у Беларусі. Але 25 сакавіка 1950 г. савецкія ўлады прымусілі сёстраў пакінуць старажытныя сцены кляштара. Да 1990 г. тут знаходзіліся медыцынскія ўстановы (у тым ліку і псіхіятрычная лячэбніца). Большасць касцёльнай маёмасці была канфіскавана дзяржавай і вывезена. У касцёле быў склад. У 1960-я гг. разабралі званіцу кляштара, таксама былі знішчаны паўднёвая і ўсходняя часткі кляштарнай агароджы з вуглавымі вежамі і велічнай уязной брамай.
    18 чэрвеня 1990 г. Пабрыгіцкі касцёл, а дакладней жахлівая руіна, была вернута католікам горада і 24 жніўня адбылося першае набажэнства. Пасля рэстаўрацыі 2 чэрвеня 1992 г. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч разам з кардыналам Казімірам Свёнткам і гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам рэкансэкравалі касцёл пад гістарычным тытулам.
    У 2003 г. кляштарныя карпусы былі цалкам вернуты Гродзенскай дыяцэзіі, пачалася рэстаўрацыя комплекса.
    Цяпер алтарную сцяну ўпрыгожвае толькі абраз Божай Маці з Дзіцяткам у срэбраным з пазалотай адзенні над табернакулюмам (сяр. ХVII ст., а да 1927 г. ён размяшчаўся над табернакулюмам галоўнага алтара Пабрыгіцкага касцёла, потым - у капліцы ў Каханове, а ў савецкі час захоўваўся ў гродзенскай катэдры). На месцы бакавых алтароў - алтарныя кампазіцыі, справа знаходзіцца абраз св. Брыгіты і фігура Фацімскай Божай Маці, што адзначана вотамі. У левым алтары вісіць абраз, дзе намаляваны 11 сёстраў-мучаніцаў з Навагрудка. У нішы паўднёвай сцяны ёсць фігура Пакутуючага Езуса і фігура Журботнай Божай Маці.
    24 верасня 2007 г. у касцёле была размешчана копія Турынскай плашчаніцы, адбываюцца спецыяльныя набажэнствы дзеля яе ўшанавання. 18 мая 2008 г. у касцёл урачыста былі вернуты рэліквіі св. Клеменса, што ў савецкі час захоўваліся ў касцёле Адшукання Святога Крыжа.
    Касцёл Звеставання НПМ - гэта рэктаральная святыня, г. зн. яна не мае парафіі. Яе рэктарам з’яўляецца кс. Антоній Грэмза. У святы і нядзелі ў ёй цэлебруюцца святыя Імшы для літоўцаў і глуханямых. Пры касцёле збіраюцца наступныя душпастырствы: студэнтаў і старэйшай моладзі, настаўнікаў і выхавацеляў, службы аховы здароўя, журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, а таксама рух цвярозасці. Пры гэтым касцёле кормяць абедам гродзенскіх бяздомных.
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.