Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Галынцы

Друк
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа быў пабудаваны з цэглаў у 1714 г. і першапачаткова дзейнічаў як уніяцкая царква. Ён быў перабудаваны у 1922 г. Належыць да помніка архітэктуры неакласіцызму. Над званіцай надбудавана вытанчаная шатровая вежачка-ліхтар, унутры касцёла знаходзіцца малітоўная зала са стральчатым скляпеннем і трыма алтарамі. Касцёл стаіць у цэнтры вёскі.
У 1714 г. у Галынцы на ахвяраванні графа Хрэптовіча была заснавана ўніяцкая парафія і будуецца касцёл. Яна дзейнічала тут аж да 1875 г., калі ў Польскім Каралеўстве была ліквідавана ўнія. У 1875 – 1915 гг. святыня была перададзена праваслаўным. У 1915 г. нямецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Гродзеншчыны. Праваслаўны святар разам з расійскімі ўстановамі эвакуіраваліся. Да 1918 г. у касцёле не ажыццяўляліся набажэнствы з-за адсутнасці там ксяндза. У студзені 1919 г. у Галынку прыбывае рыма-каталіцкі святар - ксёндз Мацвей Плаўшчынайціс, які асвячае касцёл і ў Галынцы паўстае рыма-каталіцкая парафія. Летам 1919 г. кс. Мацвей разам з майстрамі і вернікамі з усёй парафіі рамантуе касцёл. У 1921 г. кс. Пётр Бжузка быў прызначаны новым пробашчам. У 1921 – 1922 гг. да святыні былі дабудаваны дзве драўляныя сакрыстыі, якія пазней былі атынкаваны і пабелены. Царкоўны купал быў зняты, а на яго месцы была збудавана вежа. Касцёл у парафіі Галынка стаў наступных памераў: 23,5 м даўжыні і 8,5 м шырыні. У пачатку 1922 г. у святыні з’явіліся тры новыя алтары, якія былі зроблены на ахвяраванні пана Баляслава Кульмачэўскага, пана маёнтка ў вёсцы Галынка – галоўны алтар, трэцяга ордэна св. Францішка – алтар па правым баку, пана Юзафа Казлоўскага з вёскі Камісажэва і пані Кунды з вёскі Калакоўшчызна – алтар па левым баку. У касцёле знаходзяцца фігуры св. Тэрэзы, св. Войцеха і св. Станіслава.
У галоўным алтары былі размешчаны гіпсавая фігура Найсвяцейшага Сэрца Езуса, абраз Божай Маці з Дзіцяткам Езус і абраз “Апошняя вячэра”, намаляваныя маслянымі фарбамі. Ля галоўнага алтара на падстаўках былі размешчаны дзве фігуры: св. Пятра і св. Паўла, якія былі куплены за грашовыя ахвяраванні ўсёй парафіі Галынка. У правым алтары св. Францішка Сэрафіцкага ёсць фігура св. Францішка, выкананая з гіпсу. У левым алтары – абраз Шкаплернай Божай Маці. 16 ліпеня 1922 г. у парафію прыбыў ксёндз-біскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі, тагачасны сейненскі суфраган. Ксёндз-біскуп кансэкраваў святыню і ўклаў у алтарную menseę(асноўную частку алтара ў форме пліты ці скрыні на ножках з выемкай для рэліквій мучанікаў) рэліквіі святых мучанікаў Даната і Баноса.
    У 1925 г. пробашчам становіцца кс. Мар’ян Шумоўскі, а з 1933 г. – кс. Аляксандр Кавалеўскі. У 1936 г. касцёл пакрылі ацынкаванай бляхай замест гонтаў. У чэрвені 1936 г. з-за ўдару перуна пачаўся пажар. Згарэлі плябанія, два парафіяльныя гумны, дамы парафіян. У 1937 – 1938 гг. кс. Аляксандр адбудоўвае плябанію. 26 жніўня 1937 г. у парафію Галынка прыбывае ардынарый дыяцэзіі ксёндз-біскуп Станіслаў Костка-Лукомскі і размяшчае ў алтарнай mensie рэліквіі св. Канстанціна і св. Віктарыяна. У 1938 г. у парафію быў накіраваны новы пробашч кс. Уладзіслаў Красоўскі, які закончыў будаўніцтва плябаніі. Аднак у 1939 г. пасля таго, як савецкія войскі занялі Галынку, плябанія была забрана для аддзялення пагранвойскаў. У 1947 г. кс. Уладзіслаў Красоўскі быў арыштаваны і знаходзіўся ў турме ў Іркуцку да 1954 г. У 1947 – 1989 гг. у святыні ў Галынцы не было ксяндза. Савецкія ўлады закрылі касцёл, тры разы забіралі ключы ад святыні ў вернікаў, але тыя ізноў іх дараблялі і маліліся, нягледзячы на грашовыя штрафы. У 1958 г. ксёндз Юзаф Навасадка, пробашч парафіі Тэолін, тройчы цэлебраваў св. Імшу. Неабходна было мець дазвол на кожны прыезд. Гэтыя тры св. Імшы былі адзіным выключэннем за ўвесь перыяд закрыцця касцёла.
20 снежня 1988 г. дзяржаўныя ўлады зарэгістравалі парафію Галынка і згадзіліся, каб туды даязджаў каталіцкі святар. Першую св. Імшу ў вернутым касцёле ажыццявіў кс. Вітальд Лазавіцкі, пробашч парафіі Тэолін (Сапоцкін) напярэдадні Божага Нараджэння 24 снежня 1988 г. 9 красавіка 1989 г. кс. Лазавіцкі становіцца пробашчам гэтай парафіі. Ксёндз Вітальд кіруе працамі па аднаўленні святыні і касцёльнай тэрыторыі. Была адноўлена агароджа вакол касцёла, пабудаваны чатыры каплічкі на ўрачыстасць Божага Цела.
    З 10 мая да 10 верасня 1990 г. прадаўжалася перабудова вежы і рамонт касцёла. 16 верасня 1990 г. ксёндз-біскуп Тадэвуш Кандрусевіч зрабіў візітацыю парафіі ў Галынцы. Ён асвяціў 500-кілаграмовы звон і вежу, а таксама помнік загінуўшым у 1939 – 1945 гг. жыхарам парафіі. Аўтарам і галоўным выканаўцам яго быў Генрых Занеўскі з Гродна.
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.