Касцёл Ружанцовай Божай Маці ў Лабне (в. Падлабенне)

Друк
Дэканат Сапоцкін
Пакуль не знойдзена звестак аб тым, ці да XVIII ст. у Лабне былі хрысціянскія святыні. Вяскоўцы належалі да прыходу гродзенскага праваслаўнага каложскага кляштара. У 1715 г. кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст II заснаваў у Лабне грэка-каталіцкую парафію, «каб хвала Божая памнажалася ў падданых». У 1875 г. царква ў Лабне, як і іншыя ўніяцкія святыні Сапоцкіншчыны, была перададзена царскім урадам праваслаўнаму ведамству. Недзе ў другой пал. XIX ст. старажытная драўляная святыня знікла.
    У 1887 г. (па іншых дадзеных - у 1882 г.) у Лабне быў пабудаваны цагляны атынкаваны храм у стылі неакласіцызму як праваслаўная царква (на фотаздымку 1915 г. яна яшчэ мае званіцу, магчыма, страчаную падчас Першай сусветнай вайны). У 1917 г. царква перайшла да каталікоў. У 1929 г. святыня была пераасвечана як рыма-каталіцкі касцёл Ружанцовай Божай Маці. Напрыканцы 1935 г. генерал Войска Польскага Клебанс дабудаваў да святыні капліцу, а ў 1956 г. быў дабудаваны купал над касцёлам і з’явілася сакрыстыя.
Кампазіцыя святыні складаецца з цэнтральнага кубавіднага аб’ёму з васьмігранным светлавым барабанам пад купалам, выцягнутага бабінца (прытвора) пад двухсхільным дахам і пяціграннай апсіды (алтарнай часткі) з сакрыстыяй з правага боку. Да паўднёва-ўсходняга боку асноўнага аб’ёму было дабудавана крыло трансепта (капліца).
    Бакавы алтар св. Антонія Падуанскага ў касцёле Ружанцовай Божай Маці ў Лабне  Божай  Маці ў ЛабнеГалоўны алтар касцёла Ружанцовай Божай Маці ў ЛабнеІнтэр’ер перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. Скляпенне сяродкрыжжа ўпрыгожана паліхромнымі фрэскамі. Галоўны драўляны неабарочны алтар змяшчае абраз Найсвяцейшай Ружанцовай Панны Марыі, у капліцы ёсць алтар з разьбяной паліхромнай фігурай св. Антонія. Над уваходам - балкон арганных хораў, падтрыманы дзвюма круглымі калонамі.
    Касцёл у Лабне дзейнічаў і ў савецкі час. Каля 1983 г. была пабудавана званіца ў стылі мадэрн, чацверыковая, атынкаваная, з сілікатнай цэглы. У дзевяностыя гады на ўспамін лабненскіх парафіянаў, загінуўшых у 1939-1945 гг., паўстала сімвалічная магіла-крыж. І толькі ў дзевяностых касцёл атрымаў статус помніка архітэктуры.
    На старажытных парафіяльных могілках захаваліся два цікавыя высокія драўляныя крыжы, якія пазначаюць могілкавую сцежку.
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.