Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы

Друк
Пачаткі парафіі звязаны з датай 2 лютага 1626 г. У гэты дзень літоўскі надворны маршалак Кшыштаф Весялоўскі, які распараджаўся сталовай эканоміяй на Гродзеншчыне, выдаў фундацыйны дакумент на будаўніцтва ў Квасоўцы парафіяльнага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
    Да парафіі, апрача фары ў Квасоўцы, належаў на працягу пэўнага часу філіяльны касцёл у мясцовасці Панямунь над Нёманам. У 1717 г. яго ўфундаваў чарнігаўскі падчашы Юзаф Грудэцкі. Гэта была невялікая драўляная святыня Унебаўшэсця Пана. Панямунскі філіял існаваў да моманту яго скасавання ў 1868 г.
    З 1705 г. на тэрыторыі парафіі ў мясцовасці Свіслач існаваў кляштар францішканаў. Ён паўстаў дзякуючы фундацыі Іаанны Алены Тарловай з Агінскіх. Тут жыло некалькі ксяндзоў і манахаў. Кляштар меў свой касцёл св. Пятра і Паўла. Як многія іншыя падобныя ўстановы, ён быў ліквідаваны царскім самадзяржаўем пасля паражэння лістападаўскага паўстання ў 1832 г. Дабрачынным парафіяльным інстытутам быў т. зв. шпіталь, які выконваў ролю прытулку для бедных і бяздомных старых, якія, жывучы тут, выконвалі розныя паслугі пры касцёле. У будынку шпіталя адбывалася таксама вучоба мясцовых сялянскіх дзяцей. Пра фундатара гэтага інстытута звестак няма.
З 1784 г. пры касцёле існавала Ружанцовае брацтва, заснаванае дамініканамі. Аднак яно было ліквідавана ў палове шасцідзесятых гадоў, таму што ў 1867 г. ужо не існавала.
    Квасоўская парафія ўваходзіла ў склад Гродзенскага дэканата віленскага біскупства (з 1925 г. - арцыбіскупства). На працягу стагоддзяў да яе належала каля 30 мясцовасцяў.
    На працягу існавання парафіі ў Квасоўцы тут знаходзіліся паслядоўна тры парафіяльныя касцёлы. Першую святыню пабудавалі, напэўна, адразу ж пасля фундацыі парафіі ў 1626 г. коштам каралеўскай казны. Першы будынак касцёла быў драўляны. У ім былі тры двух'ярусныя алтары, кожны выразаны з дрэва, пафарбаваны і пазалочаны. У першым ярусе галоўнага алтара быў размешчаны абраз Унебаўзяцця НПМ, угары была таксама выява Божай Маці. У бакавых алтарах знаходзіліся абразы: св. Тэрэзы, св. Роха, св. Антонія Падуанскага і св. Юзафа. Невыпадковай была прысутнасць у тагачаснай святыні выявы св. Роха, заступніка, які ахоўваў ад заразы – вельмі частай і небяспечнай з’явы ў тыя гады. Вакол касцёльнага будынку былі парафіяльныя могілкі, агароджаныя наўкола. Тут хавалі памерлых да канца XIX cт.
    У 1747 г. коштам караля Аўгуста III і намаганнямі тагачаснага пробашча парафіі кс. Пятра Рэзона на месцы старой разабранай святыні была ўзведзена новая. Яна таксама была драўляная, з дзесяццю вокнамі і вежачкай, закончанай крыжам. Касцёл меў 4 алтары. Галоўны алтар - “старасвецкі”- паходзіў, напэўна, са старога касцёла. У першым ярусе, як і раней, знаходзіўся абраз Унебаўзяцця НПМ, над ім – выява заступніцы парафіі, Беззаганнай Божай Маці. У адным з бакавых алтароў размяшчаліся абразы Чанстахоўскай Божай Маці і св. Барбары, у другім – абразы Укрыжаванага Езуса і Найсвяцейшай Панны Марыі. Чацвёрты алтар з адным ярусам размясцілі пры амбоне. Тут знаходзілася выява св. Антонія Падуанскага. Амбона была драўляная з разьбянымі фігурамі чатырох евангелістаў.
    Пра крытычны стан амаль стогадовай квасоўскай фары інфармуе адзін з афіцыйных лістоў з 1832 г. У 1854 г. парафіяне пачалі старацца атрымаць дазвол на будаўніцтва новай мураванай святыні. Такі дазвол яны атрымалі ў 1856 г. у Дэпартаменце чужаземных веравызнанняў Міністэрства ўнутраных спраў Расіі. Праект будаўніцтва быў атрыманы ў апошнія дні снежня 1856 г. Ён быў выкананы Гродзенскай губернскай будаўнічай камісіяй. Летам 1864 г. будаўнічыя працы былі спынены па загаду генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва. Толькі ў сакавіку 1870 г. парафіяне атрымалі з Міністэрства ўнутраных спраў дазвол на заканчэнне будаўніцтва святыні пры ўмове, што пасля заканчэння работ адразу ж будзе разбураны стары касцёл.
    Зборам сродкаў і ўсімі працамі, звязанымі з будаўніцтвам, кіраваў кс. Антоні Эйсмант. Да восені 1871 г. былі закончаны найважнейшыя будаўнічыя работы. 18 лістапада (30 лістапада паводле новага стылю) кс. Антоні Эйсмант урачыстай св. Імшой з асвячэннем новай квасоўскай фары адкрыў чарговы этап у гісторыі парафіі. Але святыня яшчэ не была цалкам закончана. У 1872 г. касцёл быў атынкаваны ўнутры і звонку. Праз год было закончана будаўніцтва новай мураванай званіцы і касцёльнай вежы. Тады ж касцёл са старымі прыкасцёльнымі могілкамі быў абгароджаны каменным мурам. Працы па аздабленні святыні ўнутры працягваліся.
    Новы касцёл, які праіснаваў да сённяшняга дня, збудаваны ў неагатычным стылі. Святыня залавага аб'ёму з трыма нефамі адзначаецца прастатой і сіметрыяй. Сярэдні неф аддзелены ад бакавых калонамі, па 5 з кожнага боку. Калоны злучаны паміж сабой паўкруглымі аркамі, аздобленымі гзымсамі. З левага боку на сярэдняй калоне змясцілі амбону. Над уваходам у касцёл знаходзяцца хоры, а ў іх - арган на 10 галасоў. (Летам 1944 г. падчас ваенных дзеянняў у яго трапіў артылерыйскі снарад, і арган быў моцна пашкоджаны. Толькі ў 1997 г. парафіяне рашыліся на досыць дарагі рамонт. Інструмент адрамантаваў сп. Станіслаў Чарняўскі з Мінска. Летам гэтага ж года адрамантаваны арган быў асвечаны кс. біскупам Аляксандрам Кашкевічам). У інвентарнай кнізе касцёла знаходзім, што гэты музычны інструмент выканаў Фларыян Астрамецкі ў 1884 г. А фірменны знак гэтага майстра арганаў, змешчаны на музычным інструменце, падае іншую дату: 1887 год.
    З захаду прэзбітэрый закрыты з трох бакоў і мае шырыню сярэдняга нефа. З правага боку да яго прылягае сакрыстыя, з левага – т. зв. скарбніца. З усходу на восі касцёла знаходзіцца чатырохбаковая трох’ярусная вежа.
    Цяпер фасад святыні атынкаваны і пабелены. Калісьці ў нішах фасада знаходзіліся драўляныя фігуры св. Станіслава – галоўнага заступніка Польшчы і св. Казіміра – заступніка Літвы, якія паходзілі з XVIII ст. Ужо ў савецкі час абедзве гэтыя фігуры забралі ў Гродзенскі музей атэізму і рэлігіі (цяпер – Музей рэлігіі). У 1996 г. у пустыя нішы былі ўстаўлены новыя фігуры, выкананыя мясцовым скульптарам Станіславам Быком, св. Казіміра і св. Максімільяна Кольбэ – заступнікаў Гродзенскай дыяцэзіі.
    Галоўны мураваны трох’ярусны алтар аздоблены чатырма калонамі і дзвюма фігурамі анёлаў па абодвух баках. У ім знаходзяцца абразы Беззаганнай Божай Маці і Перамянення Пана. У верхнім ярусе - крыж, а над ім Вока – сімвал Божага Провіду. У алтары левага двух’яруснага нефа – абразы св. Антонія і св. Юзафа. Тут знаходзіцца таксама высечаная з дрэва фігура св. Антонія. У алтары правага нефа – абразы Перамянення Пана і Шкаплернай Божай Маці. Тут размешчана таксама фігура заступніцы касцёла Божай Маці Беззаганна Зачатай. Па абодвух баках святыні ля сярэдніх калонаў – фігуры св. Тэрэзы і Сэрца Езуса.
    Каля касцёла, прылягаючы да ўсходняй сцяны магільных муроў, размешчана мураваная званіца. У паўночна-заходняй частцы прыкасцёльных могілак знаходзіцца магіла невядомага салдата з часоў польска-бальшавіцкай вайны 1920г.
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.