Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры

Друк
У 1522 г. маршалак ВКЛ Ян Давойна ўфундаваў у Індуры першы драўляны касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, а ў 1546 г. ізноў ахвяраваў сродкі на аднаўленне і забеспячэнне святыні. Праз амаль тры стагоддзі ў 1815 г. пробашч кс. Радзевіч разам з парафіянамі пабудаваў у цэнтры вёскі новы мураваны касцёл, які замяніў драўляную святыню. У 1854 г. святыню пад гістарычным тытулам Найсвяцейшай Тройцы ўрачыста кансэкраваў віленскі біскуп Жыліньскі.
    У пачатку ХХ ст. намаганнямі кс. Напалеона Сабалеўскага і парафіянаў касцёл быў значна рэканструяваны ў эклектычным стылі з рысамі неабарока і неакласіцызму паводле праекта гродзенскага губернскага архітэктара У. А. Срокі. Да ўсходняй (алтарнай) сцяны быў дабудаваны магутны трансепт з невялікай паўкруглай апсідай, фланкаванай дзвюма невялікімі сакрыстыямі. Да паўднёвага боку галоўнага фасада была дабудавана неабарочная капліца (цяпер выкарыстоўваецца як сховішча), да паўночнага – трох’ярусная, чацверыковая і таксама неабарочная вежа-званіца пад фігурным купалам. Галоўны фасад пазначаны магутным 4-калонным дарычным порцікам з высокім атыкам і вялікім арачным праёмам над акном хораў, у аркавых нішах фасада ўсталяваны драўляныя фігуры святых.
Трохнефная святыня ўпрыгожана трыма драўлянымі алтарамі (цёмнае дрэва з пазалочанымі элементамі) у стылі позняга класіцызму. Галоўны алтар, створаны на аснове двухкалоннага карынфскага порціка, змяшчае барэльефную выяву Найсвяцейшай Тройцы, у франтоне - разьбяная выява Усябачнага Вока. Пры сценах прэсбітэрыя ўсталяваны разьбяныя фігуры св. Пятра (злева) і св. Паўла, па вуглах прэсбітэрыя стаяць фігуры св. Францішка (злева) і св. Антонія. Левы бакавы алтар змяшчае абраз Індурскай Божай Маці, у другім ярусе - абраз св. Казіміра. Правы алтар змяшчае абраз “Цуд св. Станіслава”, у другім ярусе - абраз св. Юрыя. Амбона, размешчаная на левай ад алтара апоры, упрыгожана выявамі Пана Езуса і Апосталаў. Сцены касцёла ў 1900 г. размаляваны велічнымі фрэскамі: на левай сцяне прэсбітэрыя – “Св. Францішак здымае з Крыжа Пана Езуса”, на правай – “Спыненне буры” (Езус і рыбакі ў лодцы), у левым крыле трансепта – “Апошняя Вячэра”, у правым – “Звеставанне НМП”. На столі над цэнтральнай жырандоллю намаляваны чатыры евангелісты. Над прытворам змешчаны арганныя хоры, там усталяваны барочны арган з папярэдняга касцёла.
    Касцёльны пляц абнесены бутавай агароджай. На яго тэрыторыі змешчаны нядаўна збудаваны “Грот Марыі”. Каля касцёла ўсталявалі некалькі скульптур, сярод якіх выявы Засмучанага Езуса, Марыі Панны ад сямі смуткаў, “літоўскія” слупкі-каплічкі.
    Пры савецкай уладзе касцёл не быў зачынены, тут нават па-ранейшаму працавалі айцы езуіты - адзіны выпадак на ўсёй тэрыторыі былой БССР. У 2000 г. езуіцкі асяродак у Індуры атрымаў статус місіі. З 2009 г. у парафіі працуюць дыяцэзіяльныя ксяндзы.
    У 1905 - 1909 гг. у Індуры дзейнічаў манаскі Дом Сясцёр Служак Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Сёстры катэхізавалі, апекаваліся касцёлам, выкладалі ў школцы, праводзілі рэкалекцыі з вернікамі.
    Да парафіі належаць дзве капліцы: у в. Глебавічы і в. Плябанаўцы. У Глебавічах мураваная капліца пад тытулам св. Ганны была пабудавана ў XIX ст. Пасля 1864 г. капліца была перададзена праваслаўным, а ў 1922 г. - вернута каталікам. Пасля вайны капліца была зачынена. Але мясцовы жыхар Юзаф Нарбут (+1999) збярог алтар і табернакулюм святыні, а калі надышоў час, усё адрэстаўраваў. Капліца была адноўлена каля 1997 г. і цяпер ізноў дзейнічае. У в. Плябанаўцы у 2005 г. вяскоўцы вырашылі перабудаваць пад капліцу будынак клуба, і 10 верасня 2006 г. кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў новую святыню пад тытулам Вастрабрамскай Божай Маці (Міласэрнасці) і далучыў яе да Індурскай парафіі.
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.