Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

Друк
Дэканат Гродна-Захад: г. Гродна (Паўднёвы)
У 1994 г. у гарадскім мікрараёне Паўднёвы была заснавана новая парафія. 26 ліпеня 1995 г. гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў пляц пад будову і крыж (які і сёння стаіць перад касцёлам), і мясцовыя вернікі разам са сваім тагачасным пробашчам кс. Янам Раманчуком пачалі будаваць новы, велічны мураваны касцёл. У 1996 г. быў скончаны ніжні касцёл, і 31 кастрычніка ў ім адправілі першую святую Імшу, а 8 снежня ніжні касцёл асвяціў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч. У 1997 годзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў і заклаў у сцяну будучага касцёла памятную капсулу. Будаўніцтва было скончана ў 1999 г., і 11 мая 2000 года новапабудаваная святыня была ўрачыста кансэкравана арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. На ўрачыстасці прысутнічалі: кс. біскуп Александр Кашкевіч, кс. біскуп Антоні Дзям’янка, кс. біскуп Эдвард Самсэль, кс. біскуп Тадэвуш Завістоўскі, каля 50 святароў. У галоўны алтар умуравалі рэліквіі св. Войцеха і св. Яна Саркандра.
Касцёл з жоўтай вонкавай цэглы ўяўляе сабою 1-вежавы базылікападобны храм у стылі неаканструктывізму. Высокая вежа-званіца, утвораная 2-ма злучанымі пілонамі, пазначае галоўны ўваход. Да алтарнай часткі касцёла дабудаваны 2-павярховы будынак плябаніі і парафіяльнага цэнтра.
    Рамбавідны ў плане інтэр’ер падзелены трыма парамі калонаў на 3 нефы. Галоўны неф перакрыты бетоннымі рабрыстымі скляпеннямі, бакавыя – плоскімі скатнымі. У галоўным алтары ўсталявана тытульная велічная паліхромная фігура Маці Божай Беззаганнай (Беззаганнага Зачацця), якая некалі ўпрыгожвала знішчаную гродзенскую фару. Левы бакавы алтар прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі Тракельскай, правы – Божай Міласэрнасці. У 1999 г. у вокнах касцёла з’явіліся вітражы: злева – біскупскія гербы біскупа А. Кашкевіча і арцыбіскупа Т. Кандрусевіча, справа – выявы Езуса Міласэрнага і Міхала Арханёла; над хорамі злева – выява св. Максімільяна Кольбэ, справа – св. Ганны, вышэй па цэнтры – Святога Духа.
    Парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі вельмі любіць прымаць у сябе гасцей і праводзіць розныя мерапрыемствы. Яна двойчы (у 2009 і 2010 гг.) прымала дыяцэзіяльную моладзь падчас I і II Парафіяд дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Сёлета святыня ў Паўднёвым таксама прыгарне маладых вернікаў, якія прыбудуць на ўжо трэцюю Парафіяду. Дзякуючы такім спатканням, кожны можа не толькі сустрэцца з сябрамі і пазнаёміцца з кімсьці, але і праявіць сябе: духоўна, фізічна, інтэлектуальна.
    З 2002 г. стала традыцыйнай штогадовая пілігрымка да Езуса Журботнага ў Росі. Штогод колькасць удзельнікаў павялічваецца. Чалавек патрабуе духоўнага ўзбагачэння, шукае спаткання з Богам. А пілігрымка з’яўляецца такой магчымасцю для кожнага, хто мае жаданне ў ёй удзельнічаць.
    Моладзь з парафіі разумее сэнс дапамогі іншым, асабліва тым, хто знаходзіцца ў патрэбе. Таму ладзіць дабрачынныя акцыі, каб дапамагчы дзецям-сіротам з дома-інтэрната ў Парэччы.
    У парафіі існуе таксама 6 ружанцовых груп, у якіх вернікі заносяць свае малітвы да Маці Божай у розных патрэбах. Кожную першую нядзелю месяца адбываеца сустрэча, на якой тыя, хто належыць да групы, слухаюць канферэнцыю аб тым, як сваёй малітвай і працай несці дапамогу іншым.
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.