Касцёл Божай Міласэрнасці ў Гродне (м-н Вішнявец)

Друк
Знешні выгляд касцёлаДэканат Гродна-Захад: г. Гродна (Вішнявец)
Парафія Божай Міласэрнасці ў гарадскім мікрараёне Вішнявец была заснавана 5 снежня 1995 г. (дата рэгістрацыі), шляхам адлучэння часткі тэрыторыі ад парафіі францішканскага касцёла. Гэта самая вялікая парафія горада - больш за 50 тысяч вернікаў. Спачатку вернікі арандавалі пад правядзенне набажэнстваў розныя памяшканні. 12 ліпеня 1999 г. кс. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяцілі крыж і месца пабудовы касцёла па вул. Кабяка, 14. 4 лістапада 1999 г. распачалося будаўніцтва, і ўжо ў 2000 г. фундамент святыні быў скончаны. Пакуль ішло будаўніцва, св. Імша адпраўлялася спачатку на складзе агародніны, потым – у ніжніх памяшканнях святыні. Дарэчы, зараз там знаходзяцца катэхетычныя класы.
    Парафіяй апекуюцца ксяндзы-сэрцане – ордэн Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса (SCJ). Вельмі шмат сіл і намаганняў у будаўніцтва святыні і аб'яднанне парафіяльнай супольнасці ўклалі ксяндзы Станіслаў Росек SCJ, Павел Кубік SCJ. 21 чэрвеня 2003 г. у сан святара быў пасвечаны першы сэрцанін у Беларусі – кс. Віктар Сівіцкі. У 2003 г. парафія налічвала ўжо больш за 7 тысяч вернікаў.
25 мая 2005 г. кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч і кардынал Станіслаў Нагі асвяцілі вуглавы камень будучага касцёла. Праект святыні ў 1998 г. распрацаваў праектны інстытут «Гроднаграмадзянпраект» (галоўны архітэктар праекта – Штэн А. А.), там жа ў 2004 г. была выканана і карэктура праекта плябаніі (архітэктар – Баяк А. В.).
    Комплекс касцёла, збудаваны з вонкавай чырвонай цэглы ў стылі неаканструктывізму, мае складаны план. Дамінантай архітэктурнага ансамбля з’яўляюцца сам касцёл, малітоўная зала якога мае рамбавідны план, і высокая чацверыковая вежа-званіца. Да алтарнай часткі касцёла дабудаваны 2-павярховы аб’ём плябаніі і парафіяльнага цэнтра. Тэрыторыя касцёла ўвосень 2006 г. была абнесена металічнай агароджай на каменных слупах.
 Алтар у капліцы Галоўны алтар  Залавы інтэр’ер касцёла перакрыты сістэмай маналітных бетонных плоскіх і рабрыстых скляпенняў. Галоўны алтар касцёла прысвечаны Божай Міласэрнасці. Велічны тытульны абраз Езуса Міласэрнага ўфундаваў парафіі кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, а намаляваў яго гродзенскі мастак Валерый Эталь. 23 красавіка 2006 г. абраз быў асвечаны кс. біскупам Аляксандрам. Каля табэрнакулюму змешчаны рэліквіі св. Піо, св. Фаустыны Кавальскай, св. Яна Боска і бл. Міхала Сапоцькі. Злева ад алтара знаходзіцца фігура Маці Божай Фацімскай. Вернікі парафіі ажыццяўляюць пры ёй набажэнствы кожны 13-ты дзень месяца. Па баках алтарнай апсіды змешчаны абразы св. Фаустыны Кавальскай і бл. Міхала Сапоцькі. Справа ад сходаў прэзбітэрыя (пад абразом бл. Міхала Сапоцькі) знаходзіцца фігура св. айца Піо. Злева, пры ўваходзе ў касцёл, прыбудавана капліца, у якой адпраўлялася св. Імша, калі яшчэ ішлі будаўнічыя працы ў галоўнай зале святыні. На алтарнай сцяне над табэрнакулюмам змешчана разьбяное Укрыжаванне на фоне алябастравых промняў, у нішах бакавых сцен усталяваны фігуры Маці Божай (злева) і св. Юзафа. У капліцы знаходзіцца фігура св. Фаустыны Кавальскай. 17 чэрвеня 2010 г. кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў каплічку ў манаскім доме айцоў-сэрцанаў. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел правінцыяльны вікарый SCJ ксёндз Дарый Саламон і браты-сэрцане, якія працуюць у Беларусі. У гэты дзень пробашч вішнявецкай парафіі Божай Міласэрнасці кс. Эрнэст Будын SCJ святкаваў 50-гадовы юбілей святарскай паслугі. Касцёл Божай Міласэрнасці пакуль не кансэкраваны ксяндзом біскупам. Святыня яшчэ не абсталявана належным чынам: засталося зрабіць асвятленне, а таксама новыя лаўкі для вернікаў.
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.