Адамавічы - Унебаўзяцця НПМ

parafia i kosciół pw. Wniebowzięcia NMP, erygowana ok. 1754 r., obecny kościół zbudowany i poświęcony w 1854 r.
  • Пробашч: кс. Аляксандр Шэмет
  • Св. Імша: w niedzielę i święta o godz. 9.00 i 11.00
    w dni powszednie o godz. 9.00
  • Адпуст: 15 жніўня
  • Адрас: 231730, д. Адамовичи 6, п/о Подлабенье, Гродненский р-н
  • Тэлефон: (0152) 93-06-80
Гісторыя
Тэрыторыя будучай парафіі Адамавічы да 1795 г. уваходзіла ў склад парафіі і дэканата Гродна ў Віленскай дыяцэзіі. У 1582 г. у сувязі з наплывам усё большай групы католікаў лацінскага абраду была створана рыма-каталіцкая парафія ў Ліпску, да якой належалі вернікі з Адамавічаў. Пасля 24 кастрычніка гэтыя землі ўвайшлі ў склад Усходняй Прусіі. У 1799 г., калі колькасць вернікаў пачала ўсё больш расці, з заклапочанасці пра духоўнае дабро вернікаў паўстаў праект утварэння парафіі ў Адамавічах. Праект прадугледжваў аддаць ордэну дамініканаў у Клімоўцы новую парафію ў Адамавічах. Вернікі павінны былі забяспечыць утрыманне ксяндза. Святар К. Свяжынскі, прызначаны дзяржаўнымі і касцёльнымі ўладамі, клапаціўся пра выкананне праекта. У 1799 г. прускі кароль загадаў уключыць у парафію ў Адамавічах вёскі, якія да гэтага часу заставаліся ў Сакольскай, Адэльскай парафіях і Кузніцы. Жыхарам гэтых вёсак было далёка дабірацца ў касцёл і туды быў цяжкі даезд. Невядома дакладная дата стварэння парафіі ў Адамавічах. Толькі вядома, што парафія была створана біскупам Янам Клеменсам Галачэўскім (1805 – 1819). У парафіі Адамавічы першы касцёл Унебаўзяцця НПМ паўстаў у 1800 г., дзякуючы старанням кс. Свяжынскага і ахвярнасці парафіян. Гэты будынак быў узведзены з драўніны нізкай якасці і накрыты гонтамі. На даху касцёла знаходзіўся драўляны купал. На ім быў прымацаваны жалезны крыж, а ў сярэдзіне купала вісеў невялікі звон, названы званічкай.У франтоне касцёла быў бабінец, таксама накрыты гонтамі. У галоўным алтары знаходзіўся табэрнакулюм, выкананы з паліхраміраванай драўніны. У алтары размяшчаўся вялікі намаляваны абраз Унебаўзяцця НПМ. Паабапал галоўнага алтара на сценах віселі два абразы: св. Ганны і св. Казіміра. У бакавым алтары з правага боку быў маляваны абраз Укрыжаванага Хрыста. Абраз Ружанцовай Божай Маці вісеў у бакавым алтары з левага боку.

30 чэрвеня 1818 г. папа Пій VI стварыў Аўгустоўскую ці Сэйнэнскую дыяцэзію. Парафія Адамавічы была ўключана ў яе склад. У 1824 г. дах касцёла ў Адамавічах накрылі чарапіцай, якая не была пакрыта вапнай, што прывяло да таго, што вада пранікла ўнутр будынка і разбурыла яго. Пазней з-за нядбайнасці і негрунтоўнага рамонту касцёл быў знішчаны да той ступені, што яго закрылі. У той час парафіяне хадзілі на набажэнствы ў капліцу, пабудаваную для гэтага на могілках. Праз некаторы час паўстаў праект па перанясенню касцёла з Адамавічаў у Лабна. Нарэшце, беручы пад увагу духоўную карысць вернікаў, было вырашана ў Адамавічах пабудаваць новы касцёл замест старога.
    Галоўным ініцыятарам будаўніцтва новага касцёла быў тагачасны пробашч кс. Себасцьян Баневіч. Неўзабаве стары касцёл быў разабраны, а 27 ліпеня 1854 г. быў умураваны вуглавы камень пад новую святыню. Новы касцёл павінен быць пабудаваны агульным коштам ураду і парафіян. У 1855 г. было закончана будаўніцтва касцёла.
    Новы касцёл Унебаўзяцця НПМ быў узведзены з каменняў у класічным стылі. Увесь будынак быў атынкаваны і меў наступныя памеры: даўжыня – 40 локцяў (1 локаць = 0,44 м), шырыня - 20 локцяў і вышыня да скляпення - 17 локцяў. Дах касцёла быў накрыты чарапіцай. У касцёле былі дзве вежы: меншая і большая, пабудаваныя з цэглы і атынкаваныя. Касцёл меў тры алтары: вялікі і два бакавыя. Вялікі алтар складаўся з двух ярусаў. У першым ярусе былі 4 калоны, пафарбаваныя белым колерам. Калоны заканчваліся пазалочанымі капітэлямі, на якіх быў асаджаны пазалочаны карніз. У гэтым ярусе знаходзіўся абраз з пазалочанымі рамамі, які прадстаўляў Божую Маці з Езусам, якая трымае Яго на левай руцэ. З правага боку абраза стаяла фігура св. Юзафа, Абранніка НПМ, а з левага – фігура св. Яна ад Крыжа. Другі ярус пачынаўся пазалочаным карнізам з дзвюмя пазалочанымі гладкімі калонамі па баках. У сярэдзіне знаходзілася круглае акно з фігурай укрыжаванага Езуса. Па баках з аднаго боку стаялі фігуры двух святых, з другога – дзве фігуры анёлаў. Ля алтара знаходзілася mеnsa (асноўная частка алтара ў форме пліты ці скрыні на ножках з паглыбленнем для рэліквій мучанікаў) на мураваным узвышэнні. Пасярэдзіне быў табэрнакулюм.
    У бакавым алтары з правага боку ў цэнтры быў абраз св. Тэклі, апраўлены ў пазалочаныя рамы, над ім вісеў меншы абраз з выявай св. Юрыя. З левага боку знаходзіўся алтар з абразом Ружанцовай Божай Маці. Над ім быў размешчаны ў залатых рамах абраз св. Антонія.
    Пасля Першай сусветнай вайны Сэйнэнская дыяцэзія была падзелена польска-літоўскай дзяржаўнай мяжой. 28 кастрычніка 1925 г. папа Пій XI утварыў Ломжынскую дыяцэзію, у склад якой увайшла парафія Адамавічы. Неўзабаве потым парафія прымала у якасці госця свайго ардынарыя ксяндза біскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага.
    Падчас Другой сусветнай вайны касцёл быў часткова знішчаны. Цалкам былі разбураны вежа, хоры і старадаўнія арганы. У 1950 – 1956 гг. у касцёле не было святара. Ксёндз-пробашч Казімір Арлоўскі знаходзіўся ў турме з 5 ліпеня 1950 г. да 16 кастрычніка 1955 г., а пасля выхаду з яе не меў дазволу на цэлебрацыю св. Імшы ў касцёле. З чэрвеня 1956 г. было ўзноўлена ажыццяўленне Эўхарыстыі, аднак, улады перашкаджалі ксяндзу выконваць душпастырскую паслугу.
    У 1988 г. парафію наведаў ксёндз біскуп Эдвард Самсэль, суфраган Ломжынскай дыяцэзіі. 26 ліпеня 1990 г. у фартах ля Навумавічаў адбылася ўрачыстасць устанаўлення помніка – Крыжа, прысвечанага забітым гітлераўцамі падчас Другой сусветнай вайны. У 1991 г. парафія была ўключана да новаўтворанай Гродзенскай дыяцэзіі. У 1994 г. касцёл быў адноўлены. З 1991 г. у былой плябаніі пасяліліся сёстры-кармелітанкі Дзіцяткі Езуса. У 1993 г. для патрэб дыяцэзіі быў прызначаны будынак былой школы.
    Сучасны выгляд касцёла крыху адрозніваецца ад першапачатковага. Над галоўным уваходам у святыню знаходзіцца статуя св. Тэклі. У галоўным алтары размяшчаецца абраз Божай Маці. У 1960 г. было выканана пасярэбранае адзенне на абраз. Вышэй размешчаны абраз св. Ганны. У 1991 г. быў пастаўлены пасабаровы алтар, а таксама зроблены новы мармуровы алтар.
    У адным з бакавых алтароў былі размешчаны абразы св. Тэклі і св. Юрыя, у другім – абразы св. Францішка з Асыжа, св. Алаізія Ганзага і фігурка св. Антонія з Дзіцяткам. Тут побач стаіць драўляная хрысцільня з барэльефамі апосталаў і анёлаў з іхнімі імёнамі. На вяршыні хрысцільні зроблена скульптурная кампазіцыя сцэны хрышчэння Езуса. У галоўным алтары знаходзіцца вітраж, які прадстаўляе Святога Духа. Ля галоўнага ўваходу ў касцёл ёсць каменная крапільніца (1861 г.). Да 1991 г. па левым боку ў прэзбітэрыі знаходзілася драўляная амбона з балдахінам, а прэзбітэрый быў аддзелены ад касцёла балясінамі. Аднак у 1991 г. амбона і балясіны былі ліквідаваны. Ля правага боку прэзбітэрыя знаходзіцца сакрыстыя, а з левага – пакой для міністрантаў.
Панарама


Парафія на Google Maps
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.