Масты - Маці Божай Тройчы Цудоўнай

парафія п.н. МБ Тройчы Цудоўнай, створана ў 1992 г., касцёл пабудаваны ў 1997 г., кансэкраваны 22.07.2000 г.
  • Пробашч: кс. Рышард Якубец, Мікелеўшчына
  • Св. Імша: у нядзелі і святы ў 10.00, 12.00; (19.00 - летам)
    у звычайныя дні ў 8.30 (зімой), 19.00 (летам)
  • Адпуст: 24 кастрычніка
  • Тэлефон: (01515) 2-42-34
Гісторыя
mosty1Да 1940-х гг. паселішча мела назву Зэльвяны, а мясцовыя католікі хадзілі на набажэнствы ў касцёл св. Яна Хрысціцеля ў суседніх Мастах (цяпер – Масты Правыя). У пасляваенны час абедзве гэтыя святыні былі знішчаны, а вёска Зэльвяны і чыгуначная станцыя Масты сталі шматтысячным горадам Масты, цэнтрам аднаго з раёнаў Гродзенскай вобласці. У 1992 г. у Мастах была заснавана парафія, дзе з 21 верасня таго ж года ў часовай капліцы пачала адпраўляцца святая Імша.
   Будаўніцтва новага касцёла з чырвонай вонкавай цэглы ў неагатычным стылі пачалося 2 красавіка 1993 г. (аўтар праекта – гродзенскі архітэктар Штэрн). 28 мая 1993 г., на свята Унебаўшэсця Пана, гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяцілі вуглавы камень, які быў узяты з падмуркаў знакамітага Шэнштацкага санктуарыя. Сярод ахвярадаўцаў на будаўніцтва касцёла асабліва вылучылася сям’я Кораняў з в. Дубна – сп. Васіль і яго жонка Ганна, у гонар якіх у нартэксе касцёла была змешчана мемарыяльная пліта.
   З 1992 г. набажэнствы ў парафіі сталі штодзённымі. 
Будаўніцтва святыні скончылася ў 2000 г. А 22 ліпеня таго ж года новы касцёл пад тытулам Маці Божай Тройчы Цудоўнай быў урачыста кансэкраваны тагачасным Апостальскім нунцыем у Беларусі Дамінікам Грушоўскім, гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам і пінскім біскупам Казімірам Велікасельцам. Сёння ў парафіі працуюць сёстры з Шэнштацкага Інстытута Сясцёр Марыі, якія, дарэчы, працуюць і ў Гродне.
   Касцёл прамавугольны ў плане з пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма невялікімі сакрыстыямі. Галоўны фасад святыні пазначаны стромкай пяціграннай вежай-званіцай, фланкаванай падобнымі да яе спічастымі пінаклямі. Аб’ём апсіды аддзелены ад малітоўнай залы шчытом, завершаным стромкай сігнатуркай. Галоўны аб’ём святыні накрыты двухсхільным бляшаным дахам, а трошкі ніжэйшая апсіда – вальмавым.
   Залавы інтэр’ер, перакрыты рабрыстымі бетоннымі плітамі, апсіда – плоскім маналітным перакрыццем. У галоўным алтары змешчаны тытульны абраз Маці Божай Тройчы Цудоўнай – копія абраза італьянскага мастака Л. Красіо 1893 г. Левы бакавы алтар прысвечаны св. Юзафу, правы – Божай Міласэрнасці. Над нартэксам зроблены арганныя хоры.
   Касцёльны ўчастак абнесены карункавай металічнай агароджай. Уваход пазначаны курданёрнай пляцоўкай з дзвюмa брамамі і бронзавай фігурай Пана Езуса, нясучага крыж (копія фігуры, змешчанай перад уваходам у гродзенскую катэдру), на пастаменце паміж імі. Справа ад касцёла, за агароджай, яшчэ захаваўся драўляны будынак часовай капліцы.
Парафія на Google Maps
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.