З ХІХ ст. да Лунненскай парафіі належалі капліцы ў Чарлёне і Яблонаве. У міжваенны час далучылася яшчэ і капліца св. Роха на мясцовых могілках. Яна пабудавана з жоўтай вонкавай цэглы з рысамі неакласіцызму над крыптай, дзе быў пахаваны доктар Антоні Барташэвіч (+13.03.1933, верагодна, ахвярадаўца будаўніцтва святыні). Гзымс і ўваходны партал атынкаваныя. Капліца прамавугольная ў плане, з невялікай сігнатуркай над уваходам, перакрытая двухсхільным чарапічным дахам. Інтэр’ер перакрыты сегментарным падшыўным дашчаным скляпеннем, у алтары быў змешчаны вялікі тытульны абраз (не захаваўся). Могілкавая брама – гэта два звычайныя атынкаваныя слупкі, дэкараваныя выявамі (труна, крыж) з маленькіх каменьчыкаў.
Колькасць парафіян у міжваенны час перавышала 2000 вернікаў. Касцёл дзейнічаў увесь час. Залічаны да помнікаў архітэктуры. Касцёл прамавугольны ў плане з пяціграннай апсідай, фланкаванай сакрыстыямі. Святыня бязвежавая, галоўны фасад дэкараваны пілястрамі і завершаны фігурным франтонам.
Інтэр’ер падзелены на 3 навы пяццю парамі размаляваных пад мармур круглых калон. Цэнтральная нава перакрыта драўляным падшыўным цыліндрычным скляпеннем, а бакавыя – плоскай падшыўной дашчанай столлю. У апсідзе скляпенне конхавае, на ім намаляваны сюжэт Сыходжання Святога Духа. Унутры тры драўляныя разьбяныя алтары ў стылі неаготыкі: галоўны – Укрыжавання (пры бакавых сценах прэсбітэрыя ўсталяваны такія ж неагатычныя алтарныя кампазіцыі з фігурамі Маці Божай (злева) і св. Юзафа), левы бакавы

– тытульны алтар св. Ганны (ён засланяе абраз Маці Божай Вастрабрамскай), наверсе знаходзіцца абраз св. Антонія, правы алтар – алтар Маці Божай Лунненскай (абраз і шата ў стылі рэнесансу) з абразом св. Францішка ў другім ярусе. Над нартэксам зроблены арганныя хоры з арганам у стылі станіславаўскага класіцызму. На сцяне хораў змешчаны мемарыяльныя пліты ў гонар Чахоўскіх.
Касцёльная тэрыторыя абнесена бутавай агароджай з уваходнай брамай у выглядзе дзвюх невысокіх атынкаваных слупкоў. Злева ад касцёла асобна пабудавана двух’ярусная цагляная і атынкаваная чацверыковая званіца. На касцёльным участку захавалася некалькі цікавых помнікаў-надмагілляў фундатараў касцёла.