Вялікія Эйсманты - Імя НМП і св. Яна Непамука

парафія п.н. Імя НМП i св. Яна Непамука, эрыгавана* ў 1650 -1660 г., сенняшні касцёл пабудаваны і кансэкраваны ў 1850 г.
  • Пробашч: кс. Мікалай Ціхановіч
  • Св. Імша: ў нядзелі i святы ў 11.30
    у звычайныя дні ў 18.00
  • Адпуст: 12 верасня, 21 мая
  • Адрас: 231785, д. Великие Эйсмонты, ул. Гагарина 48а, Берестовицкий р-н, Гродненская обл.
  • Тэлефон: (01511) 4-64-33
Гісторыя
Першы касцёл (драўляны) Найсвяцейшага Імя Марыі ў в. Вялікія Эйсманты быў уфундаваны ў 1659 г. Ганнай Эйсмант і яе сынам Якубам. У святыні было 9 алтароў. Галоўны – трох’ярусны: у першым ярусе знаходзіўся абраз Маці Божай Эйсмантаўскай у сярэбранай шаце (ужо ў сяр. XVII ст. абраз лічыўся цудадзейным, а касцёл меў статус Марыйнага санктуарыя), у другім ярусе - абраз НПМ Чанстахоўскай, у трэцім – абраз Імя Марыі. У левай частцы касцёла былі алтары: Пана Езуса, св. Антонія, св. Ануфрыя і двух’ярусны - Звеставання НПМ з абразом св. Адальбэрта ўверсе. У правай частцы стаялі алтары: св. Яна Непамука, св. Міхала Арханёла, св. Тадэвуша Апостала і двух’ярусны - св. Марыі Магдалены з абразом Маці Божай Заступніцы ўверсе. Касцёльная тэрыторыя была абнесена мураванай агароджай з брамамі сталярскай работы. Уваходную ад рынку браму вянчала статуя св. Яна Непамука, а браму з гасцінца на Бераставіцу - фігура Маці Божай з Дзіцяткам Езус. Паміж брамамі стаяла званіца на 6 слупах.
З 1660 года як найважнейшая святыня парафіі быў вядомы мініяцюрны абразок на камені з выявай Маці Божай Снежнай - гэта быў цудадзейны абраз на яшме, велічынёю з арэх. Абраз на палатне таксама лічыцца цудадзейным, на ім – сярэбраныя карона і сэрца, падараваныя Мікалаем Карасём.
    Старажытная драўляная святыня згарэла ў 1722 г., а на яе месцы ў 1728 г. была пабудавана новая, таксама драўляная. Трэці касцёл у Эйсмантах быў узведзены ў 1748 годзе. У 1825 г. стан касцёла быў плачэўны і святыня пагражала абвалам, таму ізноў прыйшлося будаваць новую, тым разам мураваную.
    Мураваны касцёл, які дзейнічае і сёння, ужо чацвёрты па ліку, быў пабудаваны ў 1843 – 1850 гг. у стылі класіцызму з рысамі неаготыкі намаганнямі кс. Міхала Сезяноўскага і парафіянаў. Ён быў чатырохвугольны ў плане, 50 аршынаў даўжынёю і 20 аршынаў шырынёю. Касцёл быў асвечаны 14 красавіка 1851 г., аб чым сведчыць закладны камень на апсіднай сцяне, пад падвойным тытулам: Найсвяцейшага Імя Марыі і св. Яна Непамука. У 1912 г. святыня была адноўлена.
    Касцёл уяўляе сабой бязвежавую, прамавугольную ў плане святыню з такой жа самай апсідай і дзвюма сакрыстыямі.
   Галоўны фасад вырашаны ў выглядзе чатырохкалоннага порціка, а магутны трохвугольны франтон з выявай Усёбачнага вока завершаны па вуглах невялікімі слупкамі з карункавымі крыжамі. Малітоўная зала накрыта двухсхільным бляшаным дахам (раней была дахоўка), апсіда - паніжаным вальмавым, сакрыстыі - двухсхільнымі.
    Інтэр'ер падзелены 4 парамі круглых калон на тры нефы, цэнтральны з якіх перакрыты цыліндрычным падшыўным дашчатым скляпеннем з арнаментальнай размалёўкай, а бакавыя – плоскай дашчатай столлю. Падлога касцёла выкладзена керамічнай пліткай (раней была цагляная). Арганныя хоры над уваходам абапіраюцца на дзве дарычныя калоны. Пад касцёлам няма крыпты. На сцяне святыні ў 1995 г. змешчана мемарыяльная пліта Яну Біспінгу (1880-1940), уладальніку масалянскага маярату і папскаму камергеру, і Марыі Біспінг з Замойскіх, дачкі Яна (1887-1961), у другім шлюбе - Радзівіл. Раней у касцёле было 5 алтароў: галоўны - чатырохкалонны, з пазалочанымі капітэлямі, абраз Маці Божай засланяецца абразом св. Юзафа; левы бакавы алтар прысвечаны св. Клары (пры ім - дзве фігуры святых), правы – Пакутам Хрыста, алтар у левым нефе - Езусу ў цярновым вянцы, у правым - св. Антонію.
    Цяпер у касцёле знаходзяцца тры алтары. Галоўны алтар - разьбяны, зроблены на мяжы ХIX - ХХ стст. у неараманскім стылі. У цэнтры - абраз Маці Божай Кангрэгацкай (першая пал. XVIII ст.) у сярэбранай шаце, які быў адзначаны шматлікімі вотамі. Ён засланяецца абразом Святой Сям’і і акружаны фігурамі св. Пятра і Паўла, уверсе – фігура Сэрца Пана Езуса ў акружэнні анёлаў. Каля сцен прэзбітэрыя ўсталяваны фігуры Маці Божай Каралевы і св. Казіміра. Бакавыя алтары – неабарочныя, двух’ярусныя, разьбяныя. У левым з іх над абразом св. Антонія размяшчаецца тытульны абраз св. Яна Непамука (XVIII ст.), у правым - абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі, над ім - абраз св. Францішка. Перад касцёлам, злева ад уваходнай брамы, знаходзіцца велічная магіла Аляксандры Светчынавай, уроджанай Біспінг (на помніку - Bispink), фундатаркі касцёла ў Вярэйках, і Юзэфы дэ Біспінг Вайчынскай, фундатаркі філіяльнага касцёла ў Масалянах. З правага боку ад уваходнай брамы знаходзіцца каменная грота НПМ, пабудаваная ў наш час, а злева ад яе - помнік папу Яну Паўлу II.
    Па-за касцёлам, злева і асобна, пабудавана цагляная атынкаваная двух’ярусная званіца - гэта чацверыковая пад чатырохсхільным дахам пабудова ў стылі класіцызму. Таксама па-за касцёлам у 1988 г. быў зроблены своеасаблівы мемарыял як даніна памяці знішчаным у 1940 – 1988 гг. парафіяльным могілкам. Справа ад касцёла, па-за агароджай, захаваўся драўляны і атынкаваны прадаўгаваты будынак былой плябаніі - цяпер тут размяшчаюцца аптэка і жылы дом. Новая цагляная плябанія ўзведзена побач. Касцёльны ўчастак абнесены бутавай агароджай (адноўленай у 1960-1970 гг.) з брамай у выглядзе двух слупкоў з неабарочным дэкорам і каванымі кратамі.
    Да парафіі ў ХIХ ст. належалі філіяльны касцёл у Красніку, капліцы ў Вялікай Бераставіцы (1866 – 1919 гг.), у Масалянах і на мясцовых могілках. У 30-х гадах XX стагоддзя капліца на могілках не згадваецца, затое ёсць капліца ў Жукевічах. Перад II Cусветнай вайной колькасць парафіянаў дасягала 3000 чалавек, а цяпер іх каля 1076.
    Касцёл у Вялікіх Эйсмантах дзейнічаў увесь час бесперапынна. З 1975 г. па 1990 г. парафія не мела пробашча, але з душпастырскай паслугай сюды даязджалі святары з суседніх парафій. З 70-х гадоў мінулага стагоддзя касцёл мае статус помніка архітэктуры. У 2010 годзе пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь эйсмантаўская святыня была залічана да помнікаў архітэктуры 3-й катэгорыі. Сёння касцёл Імя Марыі і св. Яна Непамука надалей выконвае сваю місію: з’яўляецца месцам Божага культу і сэрцам парафіі.
Парафія на Google Maps
Капліца
pw. bł. Celiny Borzęckiej w Gudziewiczach
odpust: 26.11
Msze św.: w niedzielę i święta o godz. 16.00 
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.