Макараўцы - Узвышэння Святога Крыжа

парафія п.н. Узвышэння Святога Крыжа, эрыгавана ў 1795 г., касцёл пабудаваны ў гадах 1793-1795, асвечаны 23.06.1795 г.
  • Пробашч: кс. Павел Беланос
  • Св. Імша: ў нядзелі i святы ў 10.00, 14.00 (зімой), 16.00 (летам)
    у звычайныя дні ў 18.00 (зімой), 19.00 (летам)
  • Адпуст: 14 верасня
  • Адрас: 231781, д. Макаровцы 50, Берестовицкий р-н, Гродненская обл.
  • Тэлефон: (01511) 3-75-41
Гісторыя
Дэканат Вялікая Бераставіца
Яшчэ ў 1767 г., калі маёнтак Уснарж належаў Ганне Вашчынскай, тут была пабудавана капліца ад Індурскай парафіі. Пазнейшы драўляны касцёл у стылі ранняга класіцызму пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа быў заснаваны ў 1795 г. як філія Індурскай парафіі. Святыню пабудавалі на ўзвышшы ў заходняй частцы вёскі, на могілках, побач з сядзібай паноў Хрусціцкіх. Фундатарамі касцёла былі маршалак гродзенскай шляхты Людвік Марцыян Панцэжыньскі і яго жонка Канстанцыя са Скірмунтаў, а таксама сем’і Сарокаў і Азажыцкіх. Да філіі былі далучаны вёскі, якія раней складалі паўднёвую частку парафіі Адэльск, а пасля Другой сусветнай вайны – частка вёсак і ваколіц парафіі Крынкі. У першай палове ХIХ ст. пры касцёле дзейнічала Ружанцовае брацтва.

Дазвол на пабудову ва Уснаржы касцёла 28 мая 1793 г. падпісаў віленскі біскуп Ігнацый Масальскі. Новазбудаваная святыня была асвечана 23 чэрвеня 1795 г. кс. канонікам Юзафам Свяржынскім.
   Прамавугольны ў плане касцёл быў пабудаваны з сасновага дрэва на падмурку, па баках апсіды знаходзіліся дзве квадратныя сакрыстыі. Касцёл бязвежавы, накрыты двухсхільным бляшаным дахам. Галоўны фасад завершаны трохвугольным франтонам, ашаляваным “елачкай”; у 1848 г. былі вертыкальна ашаляваны сцены. Інтэр’ер падзелены дзвюма парамі шасцігранных слупоў (цяпер – чатырохгранныя) на тры навы і перакрыты плоскай падшыўной столлю.
    У сярэдзіне ХIХ ст. унутранае ўбранства касцёла выглядала наступным чынам: галоўны алтар з сасновага дрэва змяшчаў абраз Укрыжавання ў пазалочанай раме. Яго акружалі маляваныя выявы: злева – Маці Божай і св. Пятра, справа – св. св. Яна і Паўла. Наверсе была выява Анёла з хусткай св. Веранікі. Левы бакавы алтар змяшчаў абраз НПМ Беззаганага Зачацця. Абраз акружалі выявы св. Казіміра (злева) і св. Людвіка, французскага караля. Вышэй знаходзілася выява Анёла, а над ім – выява Святога Духа ў воблаку. У алтары былі рэліквіі святых. Справа стаяў алтар св. Юзафа з адпаведным абразом у акружэнні выяваў св. Алены (злева), св. Канстанцыі і Анёла (зверху). Завяршала алтар выява Усёвідушчага Вока.
    Сёння святыню ўпрыгожваюць тры разьбяныя барочна-класіцыстычныя двух’ярусныя алтары “карынфскай будовы”, дэкараваныя накладной арнаментальнай разьбой. Пасля апошняга рамонту сцены, столь і слупы былі ашаляваны. Галоўны алтар акружаны паліхромнымі фігурамі св. св. апосталаў Пятра і Паўла, у цэнтры – велічнае разьбянае Укрыжаванне, зверху – абраз св. Францішка. Кампазіцыю завяршае выява Сэрца Пана Езуса ў аблоках і промнях. Галоўныя абразы ў бакавых алтарах упрыгожваюць касцёл ад самага пачатку яго існавання: у левым – абраз Маці Божай Беззаганага Зачацця (наверсе – абраз св. Казіміра), у правым – абраз св. Юзафа (наверсе – абраз св. Антонія). Над уваходам – арганныя хоры, абгароджаныя балюстрадай (раней там стаяў 10-галосны арган фундацыі Панцэжыньскіх, цяпер – 6-галосны, зроблены ў 1913 г. у Вільне на арганнай фабрыцы Вацлава Бярнацкага ў стылі неакласіцызму). Крыпта пад касцёлам, у якой пахаваны астанкі фундатараў, была амаль цалкам засыпана ў 1960 г. па загаду тагачасных уладаў.
    На поўдзень ад касцёла асобна стаіць мураваная званіца, пабудаваная з цэглы і бутавага каменя ў 1841 г. Яна змяшчае 3 званы: вялікі (100 кг, адліты ў 1850 г. Вінцэнтам Уладкоўскім), сярэдні (32 кг, набыты ў праваслаўных, адліты ў Маскве) і малы (8 кг, XVIII ст.). Перад касцёлам стаяць высокія драўляныя крыжы, усталяваныя айцамі аблатамі (1937 г.) і рэдэмптарыстамі (1991 г.) у памяць святых місій у парафіі, а таксама мемарыяльны помнік у гонар 1600-годдзя прыняцця хрысціянства Рымскай Імперыяй з лічбамі “313 – 1913”. Касцёльная тэрыторыя разам з могілкамі абнесена бутавай агароджай; галоўны ўваход пазначаны трохарачнай брамай, на франтоне якой усталявана ў нішы фігура св. Яна Непамука.
    У пачатаку ХХ ст. Уснарж атрымаў статус самастойнай парафіі. Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіянаў ужо перавышала 2300 чалавек. З адменай прыватнай маёмасці знік і маёнтак Уснарж. З таго часу парафія, як і вёска, мае назву Макараўцы.
    У 1950 г. пробашч касцёла кс. Алаізій Тамковіч быў арыштаваны (на шчасце, ён вярнуўся праз 5 гадоў), а плябанію ўлады прыстасавалі пад ашчадную касу і жыллё для школьных настаўнікаў. Касцёл у Макараўцах дзейнічаў увесь час, нават тады, калі тут не было свайго пробашча (прыязджаў ксёндз з Адэльска). З 2011 г. касцёл мае статус помніка архітэктуры 3 катэгорыі.
    У 1989 – 1991 гг. касцёл быў адноўлены дзякуючы намаганням тагачаснага пробашча кс. Венантыя Вількаша CSsR, потым – кс. Яраслава Грынашкевіча.
    Пад плябанію цяпер выкары­стоўваецца дом былой парафіянкі, якая пасля сваёй смерці завяшчала будынак для гэтай мэты. Ён стаіць насупраць плябаніі, якую ў 2001 – 2002 гг. вярнулі парафіі; сёння тут знаходзяцца класы для катэхетычных заняткаў.
    29 чэрвеня 2004 г. адбылася прамая радыётрансляцыя святой Імшы, арганізаваная “Радыё Марыя”. У 2006 – 2008 гг. касцёл і парафіяльныя будынкі былі газіфікаваны. У 2009 – 2011 гг. адбыўся ўнутраны рамонт святыні з заменай дзвярэй і вокнаў. У 2010 г. быў грунтоўна адрамантаваны арган.
    Пробашч парафіі кс. Павел Беланос і парафіяне рыхтуюцца да знешняга рамонту будынка касцёла.
Парафія на Google Maps
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.