Заневічы - Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і св. Язафата Мучаніка

парафія п.н. Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i св. Ясафата Мучаніка, створана ў 1917 г., касцёл пабудаваны i асвечаны ў 1917 г.
  • Абслугоўвае: кс. Мікалай Ціхановіч, Вялікія Эйсманты
  • Св. Імша: ў нядзелі i святы ў 9.30
  • Адпуст: Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса; 12 лістапада
  • Тэлефон: (01511) 4-64-33
Гісторыя
Касцёл пад падвойным тытулам Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і св. Язафата Мучаніка пабудаваны 2 кіламетры на ўсход ад вёскі Заневічы (некалі яна была шляхецкай аколіцай), на могілках. Святыня з атынкаванай цэглы ў стылі неакласіцызму была ўзведзена, паводле дадзеных, у 1917 г. на сродкі пана Бажэнцкага паводле праекта, распрацаванага ў 1908 г. Магчыма, святыня была пабудавана ў першай палове ХIХ ст. Пасля паўстання 1863 г. яна была зачынена, набажэнствы аднавіліся толькі ў 1917г. Гэта пацвярджаецца і датай на крапідле, якое знаходзіцца ў святыні: “1854 год”.
    З часам фундатар быў пахаваны ў сваёй святыні. Яго жонка Цэліна (1833 – 1913 гг.) і дачка Ядзвіга (1863 – 1906 гг.) пераехалі ў Рым, дзе сталі заснавальніцамі новай манаскай супольнасці Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана Езуса (Змёртвыхпаўстанак). Абе­дзве пахаваны ў Кентах пад Кракавам, у галоўным доме супольнасці.
У міжваеннае дваццацігоддзе Зане­­вічы сталі цэнтрам парафіі нова­­ўтворанага дэканата Лунна. Першым пробашчам у ім стаў кс. Хлявінскі. Перад Другой сусветной вайной колькасць вернікаў складала тут амаль 1000 чалавек. Да парафіі належала таксама капліца ў маёнтку Абрэмшчызна. Упершыню яна ўзгадваецца ў другой палове ХIХ ст. як “араторыя” ад індурскай парафіі. На пачатку ХХ ст. гэтая хатняя капліца дзейнічала ўжо ад занявіцкай парафіі.
    Першым пробашчам заснаванай у 1917 г. занявіцкай парафіі стаў кс. Юзаф Бяляўскі. У 1918 – 1924 гг. пробашчам быў кс. Эдмунд Хлявінскі, затым кс. Антоній Аўдыцкі (1924 – 1932 гг.), а з 1932 па 1939 г. – кс. Нікадзім Пахалко, які на пачатку вайны выехаў у Літву. Праз два месяцы ў парафію прыехаў кс. Юзаф Мацяеўскі.    У савецкія часы святыня дзей­нічала, але ў перыяд з 1944 па 1954 г. у ёй не было святара. Кс. пробашч Юзаф Мацяеўскі быў вязнем савецкіх лагераў, але потым вярнуўся ў парафію і працягваў душпастырскую паслугу да сваёй смерці ў 1984 г. У Заневічы стаў прыязджаць а. Казімір Жыліс з Індуры, потым у парафію быў прызначаны а. Караль Барнась, рэдэмптарыст, які працаваў тут да мінулага года. Цяпер пробашчам з’яўляецца кс. Мікалай Ціхановіч.
    Савецкія ўлады забралі плябанію і дом арганіста. Мелі месца ўламанні ў святыню і крадзяжы, а таксама біццё вокнаў і г.д. Касцёл быў двойчы абрабаваны – у 1994 і 2004 г.
   Грунтоўны рамонт святыні быў праведзены ў 1993 г.
    У 1990 і 1999 гадах айцы рэдэмптарысты ўсталявалі перад касцёлам місійныя крыжы.
    Касцёл у Заневічах уяўляе сабой квадратны ў плане бязвежавы і безапсідны аб’ём пад двухсхільным дахам, арыентаваны алтаром на поўдзень. Галоўны фасад аформлены магутным чатырохкалонным порцікам утрыраванага тасканскага ордэра.
    Залавы інтэр’ер перакрыты плоскай падшыўной дашчатай столлю. Прэсбітэрый утвараюць два квадратныя ў плане памяшканні. У левым з іх змешчана сакрыстыя, у правым – пахавальня роду Бажэнцкіх (…1851 г., …1857 г., …1874 г.). У галоўным алтары раней было змешчана Укрыжаванне, цяпер тут знаходзіцца абраз Божай Міласэрнасці. У левым бакавым алтары раней знаходзіўся абраз св. Антонія, цяпер – абраз бласлаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. У правым алтары знаходзіўся абраз Святой Сям’і, а цяпер тут змешчаны абраз Беззаганнага Сэрца НМП. Над уваходам размешчаны хоры на двух слупах. На правай сцяне 31 мая 1999 г. сёстры змёртвыхпаўстанкі змясцілі мемарыяльную пліту ў гонар заснавальніц супольнасці.
Парафія на Google Maps
   Пры капіраванні абавязкова спасылацца на grodnensis.by.