У 1919 г. святыня ізноў стала каталіцкай. 14 мая 1928 г. касцёл быў урачыста кансэкраваны віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім. У 1939 г. парафія налічвала больш за 1600 вернікаў. Капліца ў гэты час ужо не згадваецца.
З усталяваннем савецкай улады касцёл зноў зачынілі, а будынак стаў выкарыстоўвацца для розных гаспадарчых мэт. У будынку плябаніі зрабілі сталовую. У 1946 г. тагачасны пробашч парафіі быў прымушаны ўладамі пакінуць парафію і выехаць у Польшчу.
У 1948 г. камсамольцы падпалілі касцёл. Вернікам прыйшлося ездзіць на набажэнствы ў суседнія парафіі, дзе працавалі ксяндзы: у Макараўцы, Індуру, Гродна.
Пасля распаду СССР католікам вярнулі будынак святыні, пачалося яго аднаўленне. У 1994 г. касцёл быў рэкансэкраваны пад гістарычным тытулам св. Антонія Падуанскага. Святыня была адбудавана дзякуючы намаганням а. Казіміра Жыліса.
Першая св. Імша ў парафіі Малая Бераставіца была адпраўлена айцом Казімірам пад адкрытым небам ва ўрачыстасць Усіх Святых у 1990 г. З гэтага моманту св. Імша адпраўлялася рэгулярна. Людзі з вялікай узрушанасцю ўспамінаюць, як яны ўдзельнічалі ў св. Імшы на свята Божага Нараджэння ў знішчаным да падаконнікаў касцёле і як прыгожа былі ўпрыгожаны снегам елачкі каля алтара. Тады ніхто не скардзіўся на холад, нават снег не перашкаджаў.
У 1995 г. айцамі рэдэмптарыстамі перад касцёлам быў усталяваны высокі драўляны крыж у памяць святой Місіі ў парафіі. 12 чэрвеня 2004 г. адбылося святкаванне 10-годдзя паўторнага асвячэння касцёла. У 2005 г. парафіянам нарэшце вярнулі і будынак былой плябаніі. 13 чэрвеня 2009 г. у святыню былі ўрачыста ўведзены рэліквіі св. Антонія. Некаторыя крыніцы падаюць, што св. Антонія ўшаноўвалі ў гэтым касцёле па-асабліваму. Вернікі з суседніх парафій прыходзілі сюды на адпуст, а алтар з абразом св. Антонія быў зроблены так, што вернікі на каленях маглі абыходзіць яго навокал і праз заступніцтва гэтага святога выпрошваць у Бога патрэбныя ім ласкі.

Касцёл св. Антонія ўяўляе сабой аднавежавы прамавугольны ў плане безапсідны храм пад двухсхільным бляшаным дахам. Галоўны фасад завяршае невялікая чацверыковая шатровая вежа-званіца.
Залавы інтэр’ер перакрыты плоскай падшыўной дашчатай столлю. Алтарная частка вылучаецца дзвюмя ўнутранымі сакрыстыямі. Касцёл мае тры алтары. У галоўным алтары змешчаны тытульны абраз св. Антонія Падуанскага. Левы бакавы алтар змяшчае абраз Маці Божай Вастрабрамскай, правы – абраз св. Юзафа. Над уваходам размешчаны хоры.
Касцёльная тэрыторыя абнесена бутавай агароджай. Ад дарогі да ўвахода ў святыню вядуць высокія лесвіцы.
Пасля аднаўлення святыні ў 1991 г. у парафію прыязджалі розныя ксяндзы, між іншымі ўжо згаданы а. Казімір Жыліс, кс. Раман Цесляк, кс. Павел Беланос. Сёння там працуе кс. Андрэй Казлоўскі. Ён з’яўляецца першым пасляваенным пробашчам.