maj
07

Маці Божая на Узгорку Надзеі ў Капцёўцы цярпліва выслухоўвае ўсіх

Tekst jest w trakcie tlumaczenia na polski
Моцна пашанцавала з надвор’ем – не было вялікай спякоты і было яснае сонечнае неба. Зранку ў касцёле аа. францішканаў пілігрымы сабраліся на св. Імшу, якую правёў а. Юзаф Макарчык. Кс. бп Аляксандр Кашкевіч блаславіў пілігрымаў у дарогу, правёў іх, а затым паехаў у Індуру ўдзяляць сакрамант канфірмацыі. Пазней Яго Эксцэленцыя прывітаў пілігрымаў у санктуарыі на Узгорку Надзеі падчас св. Імшы. Галоўным арганізатарам традыцыйнай пілігрымкі ў Капцёўкі з’яўляецца кусташ санктуарыя ў Капцёўцы кс. Міхал Ластоўскі.

Пілігрымка можа быць адным з самых моцных сведчанняў бацькоўскай любові. Бо як мы звычайна выяўляем любоў да свайго дзіцяці? Кормім, апранаем не горш за іншых, даём грошы на экскурсію ці возім на мора, купляем сучасны гаджэт, тэлефануем 10 разоў на дзень. Але сын ці дачка патрабуе ад нас значна большага. Дзеці патрабуюць чуласці, мудрасці, цярпення і разумення з нашага боку ў тым, што для дзіцяці як асобы патрэбна найбольш. Што мы павінны рабіць штодня як бацькі, каб сын ці дачка выраслі паўнавартаснымі асобамі, не скрыўленымі эгаізмам, чэрствасцю, агрэсіяй, комплексамі? Гэта аказваецца значна цяжэй за тое, каб даць дзіцяці добрую вопратку, здаровую ежу і асобны пакой. Вось таму духоўныя разважанні падчас пілігрымкі, а галоўным чынам малітвы за дабро ўласных дзяцей робяцца адным з самых важных момантаў на шляху развіцця як мамы ці таты. “Маці Божая, навучы мяне разумець, што такое дабро для майго сына ці дачкі, навучы не прыўлашчваць сваё дзіця, а любіць ахвярнай любоўю, абарані маё дзіця ад зла, якое пануе ў гэтым свеце”. Такую малітву мамы Езус не можа не пачуць, а тым больш яе пачуе Маці Божая – Цярпліва Слухаючая. Як звычайна падчас пілігрымкі вернікі моляцца Ружанцам, а перад кожнай часткай зачытваюцца інтэнцыі, якія папярэдне пілігрымы напісалі на лісточках. Капялюш кс. Міхала Ластоўскага быў перапоўнены запісачкамі-інтэнцыямі:

- Сёння іду да Маці Божай Яснагурскай і прашу здароўя для сваіх бацькоў, для дачкі, пляменнікаў, брата і яго сям’і. Няхай Маці Божая заўсёды мае нас у апецы!
- Маці Божая, дзякую за ўсе ласкі, якімі Ты адорваеш нас, і прашу Тваёй апекі, здароўя і добрага мужа для дачкі Марыі.
- Маці Божая, выпрасі ў свайго Сына годнае выкананне Яго волі для Леакадзіі і Крысціны.
- Прашу кіраўніцтва ў жыцці для свайго сына.

Вернікі прасілі ўзмацнення веры, любові, навяртання, здароўя, паслухмянасці, вызвалення ад злога духа для ўсіх сваіх родных і блізкіх, аддаючы сваё цярпенне ў падарожжы.

У пілігрымцы пераважалі, канешне, жанчыны ўсіх узростаў. Так склалася ў нашым грамадстве, што жанчыны ў значна большай ступені адказваюць за выхаванне дзяцей у сям’і. Маме больш баліць, ці дачка добра выйдзе замуж, ці знойдзе добрую працу сын, ці паступяць унукі. Я падслухала размову, як удзельніцы пілігрымкі абмяркоўвалі, што татаў у Капцёўку вырушыла няшмат:
- Нашыя мужчыны хварэюць зараз моцна.
- Хварэюць іх духоўныя сэрцы...

Аднак прыгожае сведчанне навяртання даў падчас пілігрымкі адзін з татаў. Мужчына расказваў пра, бадай, самую распаўсюджаную бяду нашых сем’яў – хваробу на алкагалізм:

- Я піў з маладосці і лічыў, што ў любы момант магу спыніцца. Але так не атрымалася. Ад алкагалізму пачала пакутаваць мая сям’я. Часам я стаяў раніцай у касцёле ўжо выпіўшы. Было сорамна, але я разумеў, што калі выйду з касцёла – траплю ў яму, з якой ужо не выбрацца. Так працягвалася доўгі час, але аднойчы Езус асвятліў мой розум. За мяне маліліся жонка, можа, Бог яе пачуў. Зараз у маёй сям’і ўсё добра. Я пачаў іншае жыццё. Я не вылечыўся цалкам, з алкагалізмам гэта і немагчыма. Але я ведаю, што кожны дзень я мушу пільнаваць сябе. Таму я кожны раз іду ў пілігрымку на Узгорак Надзеі і прашу сілы ў гэтай штодзённай барацьбе.
Калі б таты ўсвядомілі, наколькі моцна яны ўплываюць на стварэнне вобраза Бога ў свядомасці сваіх дзяцей, то магчыма, іх было б больш у пілігрымках?.. Зрэшты, нам, жанчынам, таксама варта больш давяраць мужчынам і перакладаць на іх абавязак духоўнага выхавання. Ці не наша завялікая актыўнасць часам робіць мужчын слабымі і пасіўнымі?..

У канцы пілігрымкі, якая напаўнялася марыйнымі песнямі, малітвамі, спевамі семінарыйнага гурта “AVE”, вернікаў ля падножжа санктуарыя Маці Божай Яснагурскай сустрэлі кусташ кс. Міхал Ластоўскі і кс. прэлат Лешэк Дамагала. Пасля немалой дарогі людзі падымаліся па лесвіцы да цудадзейнага абраза і ўсміхаліся, махалі рукамі, віталі мясцовых вернікаў. І самы прыгожы момант – усе становяцца на калені ў касцёле, і кожны трымае напагатове сваю галоўную інтэнцыю, якую нёс усю пілігрымку, каб ціха яе аддаць Маці Божай Яснагурскай, абраз якой урачыста адкрываецца.

На св. Імшу ў санктуарый прыбылі кс. абп Клаўдыа Гуджэроці і кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Апостальскі нунцый шчыра дзякаваў за запрашэнне цэлебраваць св. Імшу ў пілігрымцы бацькоў і звярнуў увагу, які прыгожы прыклад жывой веры даюць удзельнікі пілігрымкі ў Капцёўку. Яго Эксцэленцыя прыехаў у Капцёўку з падарункамі ад папы Бенедыкта XVI.

- Для двух святароў, якія не шкадавалі свайго жыцця ў службе Касцёлу і ўзрастанюю супольнасці вернікаў, хочам выразіць асаблівую павагу з боку Святога Айца. Кс. Лешэк Дамагала і кс. рэктар Юзаф Станеўскі рашэннем папы Бенедыкта XVI былі менаваныя прэлатамі Яго Святаблівасці.

Адпаведныя пасведчанні ім урачыста ўручыў кс. абп. Клаўдыа Гуджэроці. Падчас пілігрымкі мам і татаў асаблівыя адзнакі атрымалі і “абраныя з Божага люду”.

- Тры асобы, якія ў асаблівы спосаб прычыніліся да жыцця і дзейнасці Касцёла, атрымалі ад Святога Айца адмысловыя медалі заслужаных, – з гэтымі словамі кс. абп Гуджэроці ўручыў адзнакі спадарам Стэфану Ядкоўскаму, Юзафу Дзеразінскаму і Паўлу Клімуку. Кс. бп Аляксандр адзначыў, што сп. Стэфан Ядкоўскі ў цяжкія часы бараніў гродзенскую катэдру, як і сп. Юзаф Дзеразінскі, які ўзначальваў касцёльны камітэт у складныя для касцёльнай супольнасці часы. Сям’я сп. Паўла Клімука выхоўвае траіх дзяцей, ён з уласных сэканомленых сродкаў пабудаваў капліцу, ключы ад якой урачыста перадаў на св. Імшы падчас асвячэння касцёла.

- Гэта людзі вялікай веры і прысвячэння. Дзякуючы такім людзям Касцёл у Беларусі быў уратаваны і вытрываў цяжкія часы, – дадаў Яго Эксцэленцыя.

Уручэнні папскіх адзнакаў вернікі ў касцёле сустракалі бурнымі авацыямі, радуючыся за такую ўвагу да суайчыннікаў ад Святога Айца.

Пасля літургіі ўдзельнікі пілігрымкі накіраваліся ў пачатак Капцёўкі, дзе кс. абп Клаўдыа Гуджэроці і кс. бп Аляксандр Кашкевіч асвяцілі прыдарожны крыж, зроблены і ўсталяваны мясцовымі майстрамі. Зараз уезд у Капцёўку ахоўваюць два крыжы – праваслаўны і каталіцкі.

Акурат як толькі скончыліся ўсе мерапрыемствы пілігрымкі, лінуў дождж. Чым не яшчэ адна асаблівасць?.. Кс. Лешэк, які разам з ахвярнымі парафіянамі аднавіў спустошаны касцёл у Капцёўцы і дзякуючы якому мы бачым сённяшні Узгорак Надзеі такім прыгожым, любіць паўтараць:

- Маліцеся да Маці Божай Яснагурскай і ўсяго прасіце: добра выйсці замуж, здароўя, працы – усяго, і Яна ўсё-усё вам дасць... Толькі прыйдзіце і шчыра памаліцеся.