cze
27

Убачыць сусвет у іншым чалавеку: у Гродне паказалі стужкі-лаўрэаты Фестывалю “Magnificat”

Tekst jest w trakcie tlumaczenia na polski

Перад самым паказам да гледачоў звярнуўся рэжысёр “Беларусьфільма” Юрый Гарулёў, старшыня Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм:

reha-magnificat3– Скажу шчыра, што як рэжысёр дакументальнага кіно я не вельмі часта бачу такія запоўненыя залы. Таму застаецца толькі парадавацца, што ў Гродне вось так цікавяцца дакументальным кіно. Фестываль праводзяць і ствараюць католікі, аднак абсалютна на аднолькавых умовах на ім прысутнічаюць стужкі рэжысёраў і праваслаўнай канфесіі, і пратэстантаў. Фестываль “Magnificat” з’яўляецца даволі ўнікальнай з’явай. Такіх міжнародных культурных падзей, якія збіраюць стужкі на духоўныя тэмы, паказваюць, як чалавек прыходзіць да веры, у свеце не так і шмат. Шмат гледачоў, якія чытаюць пра кінафестываль, хочуць таксама ўбачыць гэтыя карціны, аднак не маюць магчымасці трапіць на фестывальныя прагляды ў Глыбокае. Таму існуе такое мерапрыемства, як “Рэха фестывалю”. Сёння ўпершыню мы праводзім шырокі паказ стужак, якія ў розныя гады былі адзначаны на кінафестывалі “Magnificat”.

reha-magnificat1Гродзенскі двухдзённы паказ ладзіўся дзякуючы прадстаўнікам аргкамітэта фестывалю “Magnificat”:  Ганне Віткоўскай, Аляксандру і Юрыю Лавышам.

З-за штодзённых клопатаў мы рэдка звяртаем увагу на жыццё вакол нас. Тысячы людзей са сваімі разнастайнымі лёсамі абмінаюць нас, а мы збольшага ведаем, што набылі, куды паехалі ці якія праблемы на працы ў нашых сяброў і суседзяў. І штодзённы быт зацяняе нам яркія фарбы жыцця, якое сапраўды цікавае і каляровае. Дакументальныя фільмы могуць зрабіцца своеасаблівымі “вочкамі” ў суседнія, а можа, і вельмі далёкія чалавечыя лёсы і гісторыі. Пасля прагляду ўжо трошкі больш ведаеш, чым жывуць людзі за белым мурам гродзенскай турмы і навошта туды ходзіць кс. Казімір Жыліс. Стужка “Дзяўчаты, дзяўчаты” пра выхаванак Свята-Нікольскага манастыра на тэрыторыі Украіны не адрывае ад экрана ад самага пачатку і да канца. Маленькія дзяўчынкі трапляюць у прытулак пры манастыры найчасцей з праблемных сем’яў, за свой кароценькі век яны ўжо паспелі пабачыць гора. Імі ў манастыры апекуюцца манахіні, спрабуючы ахінуць іх хрысціянскай любоўю і клопатам.  І што цікава: рэжысёр спытаў дзяўчат, кім яны мараць стаць. Большасць дзяўчынак рознага ўзросту выказалася за тое, каб у прафесіі абавязкова служыць людзям. Атрымаўшы любоў, дзіця, а пасля дарослы чалавек гатовы дарыць яе іншым. Адваротнае можна было ўбачыць у фільме “Хлопец маёй сяброўкі”. Малады святар, былы скінхэд, нефармал, на прыміцыйнай св. Імшы якога замест аргана граў рокавы гурт, працуе з моладдзю. Малады чалавек сам перажываў падобныя праблемы, на могілках роднага мястэчка знаходзяцца некаторыя сябры юнацтва, якія памерлі ад наркотыкаў. І ён распавядае пра маладых праблемных хлапцоў, якія калісьці ў дзяцінстве недаатрымалі бацькоўскай і чалавечай любові, і таму зараз за ўвагу да сябе змагаюцца ўсімі спосабамі. Гэтая пустата, незапоўненая любоўю, штурхае хлопцаў да злачынстваў, алкаголю і наркотыкаў.

reha-magnificat4Вельмі кранальнай была стужка пра тэатр, у якім граюць людзі з сіндромам Даўна. Яна магла падацца цяжкай, а магла падацца і пазітыўнай: хворыя людзі пад апекай і пры падтрымцы так бы мовіць здаровых людзей здолелі рэалізаваць свае здольнасці – музычныя, акторскія... Яны адчуваюць сябе паўнавартаснымі асобамі.

Вось за гэтыя “вочкі” ў іншыя чалавечыя сусветы вялікі дзякуй рэжысёрам-дакументалістам і арганізатарам кінапрагляду. Хочацца спадзявацца, што паспяховыя паказы натхняць арганізатараў ладзіць такія вечары хрысціянскага дакументальнага кіно ў Гродне часцей.