жнів
27

У Шчучыне і Лідзе адбыліся “Канікулы з Богам”

Ці ведаеце вы, што такое дзіцячае шчасце? Адказ просты... Гэта ўсмешкі, гэта сэрцы, распаленныя верай у Бога, радасцю, шчырасцю, дабрынёй, любоўю, павагай, сілай волі. І ўсяго гэтага дасягнулі за два тыдні у парафіях св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе, дзякуючы арганізацыі “Канікул з Богам” айцамі піярамі.

Кожны дзень быў добра арганізаваны. Праводзіліся гутаркі па тэме дня, малітвы, песні, розныя гульні, танцы, у якіх удзельнічалі ўсе – ад малога да вялікага. Дзеці прымалі ўдзел у конкурсе малюнкаў на асфальце, у спартыўных спаборніцвах, за што атрымлівалі прызы. Кожная сустрэча заканчвалася малітвай і песнямі на Божую хвалу, а таксама падзякай за перажыты дзень.

Ва ўсім адчувалася дапамога клерыкаў і моладзі, якія калісьці таксама ўдзельнічалі ў “Канікулах з Богам” і таму выдатна ведаюць і разумеюць тую радасць, якую атрымліваюць дзеці ад такіх сустрэч. Яны прыклалі шмат намаганняў для падтрымкі і арганізацыі гэтых святочных дзён для дзяцей.

Падзякаваць за ўсё цяпло, ласку якую выпраменьваюць айцы піяры, мы змаглі ў святочны Дзень св. Юзафа Каласанса, які адзначаўся на гэтым тыдні, 25 жніўня.

Усе ўдзельнікі атрымалі сапраўднае задавальненне ад “Канікул з Богам”. Будзем чакаць наступнага года для таго, каб зноў перажыць тую радасць і ласку, якія можна атрымаць разам пад апекай Пана Бога.

Маша Васюк