sie
30

Кшыштаф Зануссі: Чалавек сам адказвае за тое, што глядзіць

Tekst jest w trakcie tlumaczenia na polski
Пра кірунак, у якім крочыць свет:

“Я перакананы, што Еўропа развіваецца ў слушным накірунку. Асабліва Заходняя Еўропа. Усходняя горш, але ідзе ў тым самым напрамку. Але хопіць зрабіць маленькую памылку і з добрага шляху мы сыдзем на кепскі. Я наогул вялікі аптыміст: усе кажуць, што свет ідзе ў дрэнным накірунку, а я – што ў добрым.”

Пра асаблівасці сучаснага жыцця:
“Свет губляе пачуццё святасці, sacrum, але адначасова і сумуе па ім. Няма чаго наракаць - мы жывем у вельмі асаблівых умовах надзвычайнай заможнасці. Мы ніколі не былі такімі багатымі і не жылі так добра і бяспечна. Праз гэтыя новыя ўмовы чалавецтва трошку згубіла арыентацыю. Знікла патрэба задаваць асноўныя экзістэнцыйныя пытанні. А яны існуюць далей, яны не змяніліся. Нашыя часы менавіта таму такія цяжкія, бо такія лёгкія. ”

Пра візіт Патрыярха Кірыла ў Польшчу:
“Гэта вельмі добры крок на шляху прымірэння паміж двума народамі і дзвюмя часткамі хрысціянства. Гэта мусіць у выніку прывесці да стану, у якім мы жылі тысячу год таму, калі былі розныя касцёлы, якія адрозніваліся і мусяць адрознівацца, але мы сябравалі. Ад моманту, калі Патрыярх Канстантынопаля і Папа Рымскі знялі з сябе наўзаем праклёны, ужо зробленыя агромністыя крокі наперад. Цяпер трэба адчуць, што мы браты на ўзроўні нашага нармальнага штодзённага жыцця. Што праўда, рыторыка прабачэння і яднання – не новая і сёння ўжо не выклікае столькі эмоцый, колькі паўстагоддзя таму.”

Пра сувязь з журналістыкай:
“Я меў у свой час прыгоду з журналістыкай – пісаў артыкул для “L’osservatore Romano” пра “павіннасць камунікацыі”. Я так і напісаў, што камунікацыя гэта абавязак кожнага хрысціяніна.”

Пра СМІ: “Сродкі камунікацыі існуюць для розных мэтаў: для заробку, каб падмануць ці звесці людзей, часцей за ўсё, каб ім штосьці прадаць або каб зняволіць іх. Гэта ўсё кепскія спосабы выкарыстання СМІ. Добры спосаб - гэта паказваць сэнс, які людзі шукаюць у жыцці. Мэта хрысціянскіх СМІ сёння такая ж, як і была заўсёды: несці праўду з перспектывы хрысціянства, асабліва туды, дзе яе не хапае. І рабіць гэта якасна, не быць нуднымі.”

Пра адказнасць чытача: “Кепскія не сродкі масавай інфармацыі. Кепскія гледачы, чытачы і слухачы. Чалавек сам адказвае за тое, што ён глядзіць.”

Пра ўплыў інтэрнэта: “Незалежна ад усіх кантраляваных медыяў, існуе агромная прастора новых медыяў, інтэрнэта, які не паддаецца кантролю і з’яўляецца зусім новай якасцю ў жыцці чалавецтва. Нічога такога раней не існавала. Гэта стварае новую якасць: змяняецца палітыка, дэмакратыя – усё змяняецца ад інтэрнэта. А ён жа насамрэч прыйшоў нейкіх дзесяць год таму.”

Пра новую евангелізацыю: “Новая евангелізацыя – тое самае, што і старая. Яна проста датычыць краін, якія ўжо даўно лічыліся евангелізаванымі. Цяпер іх трэба евангелізаваць ад пачатку. Але ж гэтаксама і з кожным новым пакаленнем усё трэба пачынаць з нуля.”

Пра цяжкасці ўтрымання аўдыторыі ў інтэрнэце: “Не варта паддавацца маркетынгавым уяўленням – людзі сёння нічым не адрозніваюцца ад сваіх прадзедаў. Іншая справа, што яны прысвячаюць усяму мала ўвагі, але гэта зразумела, бо ўсе навокал іх зануджваюць. Калі яны сапраўды чагосці шукаюць, дык у рэшце рэшт на нечым засяродзяць увагу, а калі іх ну зусім ужо ўсе нудзяць, то іх увагі нічым не ўтрымаеш. Дык няварта і хвалявацца аб гэтым.”

Пра мастацтва: “Любая рэклама і прапаганда ў мастацтве – гэта яго забруджванне. Нават прапаганда веры.”

Пра рэкламу веры: “Рэкламаваць веру можна, толькі я не ведаю, ці варта. Гэта ставіць веру на ўзроўні тавара, а гэта для яе не найлепшае месца. Можна людзям паказаць, што вера ёсць, але гэта акурат не надта вялікае адкрыццё. Людзям трэба дапамагаць зразумець веру, даведацца, чым яна ёсць.”

Пра моду ў кіно: “Кіно ў 3D гэта вельмі стары фармат – яно было такое ж, як і зараз, і дзесяцігоддзі таму. Гэта смешная прыдумка, разлічаная на тых, хто паверыць. Гэта не прымецца, бо гэта насуперак прыродзе – ад гэтага баляць вочы. [смяецца]”

Запісаў і апрацаваў Аляксей Шота