Каранацыя МБ Гудагайскай

Друк

Пастырскі Ліст кс. Біскупа Аляксандра Кашкевіча
перад урачыстасцю каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Гудагайскай

Узлюбленыя дыяцэзіяне!

У набожнасці жыхароў нашага краю нямала часу і месцаў прысвячаецца Найсвяцейшай Панне Марыі. Вернікі разам са сваімі душпастырамі правяць у касцёлах спецыяльныя набажэнствы, вызнаючы веру ў магутнае заступніцтва Марыі ва ўсіх патрэбах людскога жыцця.

Кіруючыся Божым Провідам і спрадвечнай мудрасцю, Касцёл уклаў гадавы літургічны цыкл марыйных святаў і успамінаў. Божы люд паглыбляе сваю веры ў збаўчую рэчаіснасць неба, аддаючы сябе пад мацярынскую апеку Божай Маці. Яна вядзе нас і заступаецца за нас. У знак даверу і адданасці Найсвяцейшай Панне Марыі мы называем Яе нашай Каралевай і Пані.

Дарагія Браты і Сёстры! Зусім нядаўна - 2 ліпеня ў Будславе і 7 ліпеня ў Тракелях, у нашым дыяцэзіяльным санктуарыі, прайшлі ўрачыстасці ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. А неўзабаве, 15 ліпеня, актам урачыстай каранацыі ў Гудагаі мы ўшануем Божую Маці ў таямніцы святога Шкаплера.

У  сучаснай гісторыі Касцёла на Беларусі Божая Маці прымае пашану ў каранаваных абразах у Будславе, Брэсце, Гродне і Лагішыне. Гродзенскі Касцёл радуецца, што ў бягучым годзе да іх ліку далучыцца абраз Маці Божай Гудагайскай, якую мы ўшаноўваем як Шкаплерную. Кароны на абраз, якія паблагаславіў у 2003 годзе Слуга Божы Яна Павел ІІ, мы лічым яго дарам нашаму мясцоваму Касцёлу. Адначасова яны з’яўляюцца абяцаннем больш старанна клапаціцца пра сваё духоўнае жыццё, якое мы даём Найсвяцейшай Маці.

Абраз Маці Божай Гудагайскай – гэта копія слыннага і шанаванага ў праваслаўі і не толькі абраза Маці Божай Уладзімірскай. Гістарычныя крыніцы сведчаць, што католікамі абраз ушаноўваўся, як цудадзейны ўжо ў 17 стагоддзі. Яго з’яўленне ў Гудагаі авеяна таямніцай. Згодна з паданнем, невялікі паходны абраз памерамі 31х28 сантыметраў знайшоў у Ашмянскай пушчы тамашні пустэльнік і павесіў яго ў сваёй хаціне. Мясцовыя жыхары, якія прыходзілі да пустэльніка і прасілі яго памаліцца або даць параду, спазнавалі шмат ласкаў пры заступніцтве Божай Маці. Пры абразе пачалі адбывацца цуды, што яшчэ больш прыцягвала вернікаў. У 1764 годзе Юзаф Война і яго жонка Людвіка з роду Сулістроўскіх збудавалі ў Гудагаі касцёл і кляштар і запрасілі з Вільні, з Вострай Брамы, айцоў - манахаў босых кармелітаў для апекі над каштоўным скарбам.

У сувязі з тым, што дзейнасць босых кармелітаў накіравана ў значнай ступені на пашырэнне культу шкаплера Божай Маці, законнікі прыжывілі тут шкаплернае набажэнства і абраз паступова набыў новую назву – Маці Божая Шкаплерная, збіраючы на свае набажэнствы штораз большую колькасць мясцовага люду. На жаль, падзелы Рэчы Паспалітай адмоўна паўплывалі на развіццё святога месца, а ў 1832 годзе гудагайская парафія і кляштар былі ліквідаваны. Абраз жа быў перанесены ў Ашмяны, дзе прабыў да 1907 года. У той год ён быў зноў вернуты ў адноўленую гудагайскую парафію. На працягу наступных 83 гадоў апеку над парафіяй ажыццяўлялі руплівыя дыяцэзіяльныя душпастыры. Як успамінаюць сведкі, у міжваенны перыяд у Гудагай на штогадовае адпустовае набажэнства прыбывала да некалькіх дзесяткаў тысяч вернікаў.

Другая сусветная вайна і затым камуністычны рэжым не здолелі знішчыць культ Божай Маці, якім быў акружаны гудагайскі абраз, аднак значна абмежавалі яго. Галоўную ролю ў аднаўленні і развіцці культу зноў адыгралі ў канцы мінулага стагоддзя зноўжа айцы босыя кармеліты. Ад 1990 года, гэта значыць, ад часу, калі вярнуліся ў Гудагай, яны здзяйсняюць апеку над цудадзейным абразом. Сёння на адпустовую ўрачыстасць у гонар Маці Божай Шкаплернай збіраюцца шматлікія вернікі не толькі з бліжэйшых ваколіц. У Гудагай прыбываюць пілігрымы з розных куткоў Беларусі і замежжа; асаблівай пашанай акружаюць гэтае месца тыя, хто носіць святы шкаплер. Яны прыбываюць сюды, каб выпрошваць у сваёй Каралевы ласкі, патрэбныя ў паўсядзённым імкненні да яднання з Богам на дарозе рэалізацыі свайго жыццёвага паклікання.

Гледзячы на абраз Маці Божай Гудагайскай, заўважаем чуласць Марыі і поўную даверу паставу Дзіцяці Езуса, Які туліцца да сваёй Маці. Бачым натуральныя людскія пачуцці: матчыну любоў, сардэчнасць, спачуванне, міласэрнасць, клапатлівасць. Марыя ў задуме як быццам углядаецца ў будучыню: Яна бачыць пакуты свайго ўлюбёнага Сына і адначасова бляск Яго будучай хвалы, які напаўняе Яе супакоем. Найсвяцейшая Маці ў Гудагайскім абразе дае пачуццё бяспекі, цяпла і заспакоенасці тым, хто позіркам і малітвай звяртаецца да Яе. Марыя, указваючы на свайго Сына як на Адкупіцеля чалавека, хоча, каб усе прынялі Яго бясцэнныя дары. З клопатам пра кожнага з нас – як некалі ў Кане Галілейскай – Яна выразна і настойліва, шануючы нашу свабоду, схіляе нас слухаць словы Езуса Хрыста і выконваць Яго навуку.

 

Найсвяцейшая Панна Марыя, шанаваная ў гудагайскай святыні, хоча сабраць вакол сябе ўсіх хрысціян. Як жа важна і надалей актуальна ў сучасным свеце пасланне, увасобленае ў абразе Маці Божай Гудагайскай! Увянчанне галавы Марыі і Езуса папскай каронай будзе падзякай Пану Богу, Які ўзвысіў сваю верную Служку і ўчыніў Яе Валадаркай зямлі і неба, а таксама прызнаннем Яе ўладарання над намі і аказаннем нашай удзячнасці за розныя ласкі, атрыманыя пры заступніцтве Маці, бо “ніколі не здаралася, каб Яна пакінула таго, хто да Яе ўцякае, Яе на дапамогу кліча, Яе апекі просіць”.

Духоўнай падрыхтоўкай да каранацыі была дзевяцітыднёвая навэнна, якую мне выпала распачаць 19 мая. У паасобныя дні малітоўных стацый пад кіраўніцтвам біскупаў нашай краіны і вызначаных святароў узносіліся просьбы і падзякі да Маці Божай Гудагайскай. Малітва агортвала ўвесь Касцёл, нашу дыяцэзію, а таксама канкрэтныя патрэбы паасобных паклоннікаў Марыі.

 

Запрашаю ўсіх – святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў прыняць 15 ліпеня ўдзел у каранацыі ў Гудагаі. Няхай Маці Божая Гудагайская, ушанаваная ў таямніцы святога Шкаплера, бяспечна вядзе ўсіх нас па звілістых дарогах жыцця да свайго Сына, а пасля заканчэння зямной пілігрымкі няхай як літасцівая Маці сустрэне нас на парозе дома Айца Нябеснага.

Усім удзельнікам урачыстай каранацыі і паклоннікам Маці Божай Шкаплернай з усяго сэрца благаслаўляю


Аляксандр Кашкевіч

Біскуп Гродзенскі

Гродна, 27.06.2007 г.

№ 995/B/07


Прашу вялебных святароў прачытаць прыведзены Ліст у рамках казання ў нядзелю 8 ліпеня на кожнай святой Імшы.