Пастырскі ліст з нагоды Беатыфікацыі Cлугі Божага кс. Міхала Сапоцькі

Друк

Пастырскі ліст ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча

з нагоды Урачыстасці Беатыфікацыі Cлугі Божага кс. Міхала Сапоцькі, якая адбудзецца 28 верасня 2008 г у Беластоку 

Умілаваныя вернікі Гродзенскай дыяцэзіі! 

 Запрашаю Вас да падзякі Пану Богу за дар новага благаславёнага для нашай зямлі Слугі Божага кс. Міхала Сапоцькі. Дэкрэт аб гераічнасці яго цнотаў выдала Апостальская Сталіца ў снежані мінулага году, а ўрачыстасць беатыфікацыі адбудзецца 28 верасня бягучага года ў Беластоку. Ад гэтай хвіліны зможам афіцыйна прасіць аб заступніцтве Благаславёнага Сына нашай зямлі.

     Кс. Міхал Сапоцька нарадзіўся 1 лістапада 1888 г. у Навасадах каля Валожына, вучыўся ў Ашмянскай дзяржаўнай гімназіі, а пазней паступіў у Духоўную Семінарыю ў Вільні. Будучы святаром віленскай дыяцэзіі адзначаўся стараннасцяй у парафіяльнай працы і ў службе ў Віленскай Духоўнай Семінарыі. Дапамагаў усім патрабуючым душпастырскай апекі, але асаблівай яго заслугай была турбота аб распаўсюджванні культу Божай Міласэрнасці ў мясцовым і Паўсюдным Касцёле.  

     Пасля спаткання ў 1933 г. ў Вільні з сястрой Фаўстынай Кавальскай, памагае ёй адкрываць заданне ў службе Божай Міласэрнасці. Праз нейкі час сам становіцца жарлівым сведкам праўды аб Божай Міласэрнасці і  захоўвае таямніцы, якія Езус Міласэрны даверыў святой Фаўстыне. Яна так напісала аб ім у сваім дзённіку: ”Убачыла ў ксяндзу Сапоцьцы Божую дапамогу. Перад тым як прыехаць да Вільні, ведала яго з містычных спатканняў. Аднойчы бачыла яго ў нашай капліцы паміж алтаром і канфесіяналам. У душы я пачула голас: гэта відавочная дапамога  для цябе на зямлі. Ён дапаможа выканаць Маю волю на зямлі.” (Дзённік 53). Пад уплывам духоўных парад слугі Божага, сястра Фаустына спісала дзённік містычных аб’яўленняў, а ў Вільні быў намаляваны абраз Хрыста Міласэрнага. Кс. Міхал Сапоцька  дапамог с. Фаустыне правільна распазнаць пасланне Міласэрнага Езуса і аб’явіць яго свету. 

      Сёння абраз Езуса Міласэрнага ведаюць у розных кутках свету, а Вяночак да Божай Міласэрнасці з’яўляецца  ўзлюбленнай малітвай шматлікіх вернікаў. Знакам сапраўднасці містычных аб’яўленняў стала свята Божай Міласэрнасці, якое адзначаем у першую нядзелю пасля Урачыстасці Змартвыхпаўстання Езуса Хрыста, аб зацвярджэнні якога так трошчыўся кс. Міхал Сапоцька. 

      Пасланне аб Божай Міласэрнасці заўсёды жыло ў Касцёле, а яго вялікі сэнс для верных падкрэсліваў кс. Міхал. Гэта радасная вестка Евангелля, якую спасылае нам Езус праз выбраных для гэтай місіі. Дзякуючы прыняццю гэтага паслання грэшнікі знаходзяць сілы вяртання да Пана, а трывалыя ў веры атрымоўваюць ласкі з неба для ўсяго свету. 

      Каханыя! Праўда аб прыняцці і звароту асаблівай увагі на культ Божай Міласэрнасці ў Касцёле ўзрастала на нашай зямлі падчас святарскага служэння кс. Міхала Сапоцькі.  Слуга Божы застаўся да канца верны місіі распаўсюджання бязмежнага Божага Міласэрдзя ў Сакраманце Паяднання, праз шматлікія казанні, рэкалекцыі і тэалагічныя артыкулы. 

      У сваім дзённіку з 30-ых гадоў запісаў: ”Давер Божай Міласэрнасці, распаўсюджанне культу Міласэрнасці сярод іншых і бязмежнае самаахвяраванне яму ўсіх сваіх думак, слоў і ўчынкаў, без цені шукання сябе, будзе галоўным цэлем майго жыцця з дапамогай гэтай бязмежнай Міласэрнасці.” Бог падтрымліваў кс. Міхала ў гэтых намаганнях, а ў яго жыцці з’явілася надзвычайная  ласка Бога  і ўпэўненасць, што гэта ёсць справа Божая. Ён бясспрэчна верыў у сэнс сваіх намаганняў, негледзячы на розныя цяжкасці, жадаў абудзіць сярод верных большы давер у Божую Міласэрнасць. 

     У 1947 г. кс. Сапоцька пераехаў з Вільні ў Беласток, дзе заставаўся да канца свайго жыцця. Ён адышоў да Пана ў 1975 г. У Беластоку прасіў касцельныя ўлады і чыніў шматлікія старанні аб афіцыйным зацвярджэнні культу Божай Міласэрнасці. Сёння мы молімся ў нашых святынях словамі Навэнны да Божай Міласэрнасці і Вяночка ў Гадзіну Міласэрнасці. Слуга Божы прадбачыў што шмат ласк атрымае чалавек праз гэтыя малітвы. Захаваліся шматлікія вытлумачэнні і абгрунтаванні багаслужэння да Божай Міласэрнасці напісаныя кс. Міхалам. У сваёй кнізе “Божая Міласэрнасць надзеяй чалавецтва” Слуга Божы зазначыў, што праўда аб Божай Міласэрнасці, выяўленная праз Езуса Хрыста, яшчэ не зусім пазнаная і зразумелая.  

       Маі дарагія! Пасланне Апостала Міласэрнасці – кс. Сапоцькі, як яго называла с. Фаўстына Кавальская, усё яшчэ актуальна. “Гэта вялікая сіла, напамінае Слуга Божы, - праз распаўсюджанне якой магчыма аб’яднаць людзей у барацьбе супраць узрастаючага зла і ў будаванні сапраўднага прагрэсу і мірнага жыцця розных дзяржаў і народаў.” Словы кс. Сапоцькі сёння для многіх гучаць – як напамінанне – што ўсе мы з’яўляемся ўдзельнікамі Божай Міласэрнасці. Ніхто не выкрэслены з плану адвечнай Любові, а тое, як будзе выглядаць сённяшні свет, залежыць ад гатоўнасці прыняцця намі Божай Міласэрнасці. 

      Бачым як хутка сёння наступае тэхнічны прагрэс і развіццё навукі, але адначасова заўважаем у гэтым прагрэсе маральную ўбогасць грамадства і просьбу многіх людзей аб духоўным абнаўленні. Ад каго мае прыйсці духоўнае абнаўленне!  - трапна аб гэтым піша, Слуга Божы кс. Міхал Сапоцька, гаворачы аб Хрысце Міласэрным Выхавацелю, які ёсць крыніцай аднаўлення.  

     Добра будзе ўжо на распачацце новага школьнага года паглядзець на Хрыста так, як прапануе Слуга Божы: ”Таксама Бог- чалавек мае ў сабе прыклад унутранай гармоніі, да якой імкнецца выхаванне. Адпаведным настаўнікам усіх людзей і прыкладам для выхаваўцаў як рабіць уплыў на сваіх падапечных, а таксама для выхаванкаў у іх самавыхаванні. Падае ён найлепшыя метады выхавання, якімі з’яўляюцца ласкі сакрамантаў Пакаяння, а асабліва Эўхарыстыі. Яго школа, у якой навучае сваіх вучняў, ёсць найлепшая метода выхавання, а яго закліканне:” Езу, давяраю табе!” выражае праўдзівае выхаванне натуры і волі чалавека з ласкай Божай.” 

       Жадаю ўсім, хто распачынае новы год школьны  - выхаваўцам, настаўнікам, дзецям і моладзі, каб Хрыстос Міласэрны быў вашым сапраўдным Выхавацелем і Кіраўніком, каб расці ў мудрасці і ласцы Пана. Няхай чарговы год навукі і выпрабаванняў прынясуць плённае пазнанне Хрыста падчас катэхэзы і рэлігійных спатканняў. 

      Прашу таксама вас умілаваныя Дыяцэзіяне – душпастыры, асобы кансакраванага жыцця і люд верны, каб схіліліся над разважаннем вялікай Таямніцы Божай Міласэрнасці. Яна з’яўляецца асноўнай уласцівасцю Пана Бога, дзякуючы якому “жывем, рухаемся і існуем”, як напісаў св. Павел Апостал у пасланні да Рымлян. 

      Няхай беатыфікацыя Слугі Божага кс. Міхала Сапоцькі прынясе яшчэ большае распаўсюджанне культу Божай Міласэрнасці ў Касцёле і выклікае ў шматлікіх людзей жаданне выконваць ўчынкі міласэрнасці. Молімся аб гэтым разам і просім аб заступніцтва Слугу Божага Кс. Міхала Сапоцькі. 

            На духоўнае прыгатаванне да ўрачыстасці беатыфікацыі

            з сэрца б л а г а с л я ў л я ю 
 
 
 

                                                                                   Аляксандар Кашкевіч

                                                                                                    Біскуп Гродзенскі 
 

Гродна, 19.08. 2008 г., № 1154/B/2008  

     Прашу вялебных святароў зачытаць гэтае Пастырскае Пасланне ў  нядзелю 31 верасня на ўсіх святых Імшах падчас казання.