Ліст Ксяндза Біскупа да ўдзельнікаў футбольнага турніру ў Слоніме

Друк

ПРЫВІТАЛЬНЫ ЛІСТ КС. БІСКУПА АЛЯКСАНДРА КАШКЕВІЧА

да арганізатараў і ўдзельнікаў футбольнага турніру ў Слоніме




Гродна, 23.11.2010

Узлюбленыя ў Хрысце!

Паважаныя арганізатары і ўдзельнікі футбольнага турніру, прысвечанага памяці Слугі Божага Яна Паўла II!

   Хачу з усяго сэрца прывітаць Вас і выказаць сваю радасць з той нагоды, што Вы збіраецеся ў Слоніме на гэтыя некалькі дзён, як адна хрысціянская сям’я, з розных мясцін Гродзеншчыны. Цешуся, што Вы сабраліся на гэтым турніры, каб праз спаборніцтва падкрэсліць сваю прыналежнасць да Хрыстуса, нашага адзінага Збаўцы.  Доказам гэтага для іншых няхай з’яўляюцца Ваш знак крыжа і ўзаемная малітва перад пачаткам кожнай гульні!

     Спорт, калі служыць пашане здароўя і ўмацаванню адносінаў паміж людзьмі, можа садзейнічаць развіццю хрысціянскіх і чалавечых каштоўнасцей. Сёння цяжка сабе ўявіць нашае здаровае жыццё без фізічнага выхавання. Як мы фарміруем нашае духоўнае нябачнае жыццё, так адначасова развіваем нашае цела, каб было здаровым і магло як мага больш доўга служыць чалавеку. Згодна з Божым наказам, мы клапоцімся і пра душу, і пра  цела. Яны служаць нам для выканання Божага Провіду.

    Сёння я заклікаю ўсіх Вас, каб праз фізічны клопат аб целы ўзрасталі Вашыя любоў і павага адзін да аднаго. Даверцеся Пану Богу, які хоча, каб здзейсніліся Вашыя добрыя намаганні! Памятайце, што гульня і паводзіны па правілах Божай Любові ніколі не раздзяляюць, але заўсёды яднаюць!

    Ваша прысутнаць на турніры - як асобнага футбаліста, так і кожнай каманды – няхай аб’яднае Вас яшчэ больш. Аб’яднае, перш за ўсё, у хрысціянскіх імкненнях да дабразычлівасці і ўзаемнай радасці за кожны атрыманы поспех і дасягненні. Годны ўспаміну сёння прыклад жыцця Яна Паўла II, які вельмі любіў спорт як духоўны адпачынак і спосаб паглыблення добрых адносінаў з іншымі. Умейце і Вы менавіта так перажываць гэты час хрысціянскага футбольнага турніру, а атрымаеце Божую дапамогу!

    Няхай гэты турнір спрыяе кожнаму ў яго духоўным і фізічным развіцці. Усім сэрцам жадаю Вам поспехаў. Памятайце, што самая важная для нас перамога – гэта духоўная перамога над тым, што адцягвае нас ад Бога. Будзьце ўдзельнікамі толькі Божых перамог.

    Памятаю пра ўсіх Вас, паважаныя арганізатары і ўдзельнікі турніру, у сваёй малітве і з усяго сэрца б л а г а с л а ў л я ю.

 

Аляксандр Кашкевіч, Біскуп Гродзенскі