Пастырскі ліст ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча на пачатак новага школьнага і катэхетычнага года

Друк
list2
“Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім; бо да такіх належыць валадарства Божае (Мк 10,14)

Умілаваныя ў Хрысце Браты і Сёстры!


Хутка мінулі дні летняга адпачынку дзяцей і моладзі. Распачаўся чарговы школьны і катэхетычны год. Ва ўсіх школах нашай краіны прагучаў першы званок. Гэта быў знак пачатку чарговага перыяду ўзрастання вялікай колькасці дзяцей і моладзі ў мудрасці і ласцы ў Бога і людзей.

Сёлетні школьны і катэхетычны год – гэта час, калі наша Гродзенская дыяцэзія дзякуе Богу за 20-годдзе свайго існавання і за розныя ласкі, якія яна атрымала за гэты перыяд. 1 мая гэтага года мы былі сведкамі беатыфікацыі вялікага сябра моладзі, папы Яна Паўла ІІ. Тады ва ўсіх парафіях нашай дыяцэзіі распачалася перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага, якая працягваецца да сённяшняга дня. Падчас летніх месяцаў вялікая колькасць вернікаў удзельнічала ў пешых піліграмках у дыяцэзіяльны санктуарый у Тракелях і ў іншыя месцы культу. Пілігрымка нашай моладзі накіравалася таксама і ў Іспанію на Сусветную сустрэчу моладзі са Святым Айцом Бенедыктам XVI. Святы Ацец, прамаўляючы да поўных энтузіязму маладых людзей, заклікаў іх да пазнання і адкрыцця сапраўднага шчасця, якое вынікае з укаранення і будовы свайго жыцця ў Хрысце.

Мае дарагія! Гэтыя і іншыя падзеі нашага жыцця пацвярджаюць, што чалавеку недастаткова задаволіць толькі свае матэрыяльныя і фінансавыя патрэбы, дасягнуць высокага фізічнага і інтэлектуальнага ўзроўню, апанаваць ігру на розных музычных інструментах, авалодаць рознымі мовамі і г.д. Калі мы хацім дасягнуць паўнаты шчасця і чалавечай сталасці, неабходна развіваць у сабе найвышэйшыя каштоўнасці, а гэта значыць - весці глыбокае духоўнае жыццё. Бо чалавек створаны па вобразе і на падабенства самога Бога, і гэтага вобраза і падабенства яму ніколі нельга страціць.

Таму асаблівае значэнне мае катэхізацыя дзяцей і моладзі. А яна заключаецца не толькі ў здабыванні рэлігійных ведаў. Яе мэта - як гэта часта падкрэсліваў Блаславёны Ян Павел ІІ у Апостальскай Адгартацыі "Аб катэхізацыі ў нашы часы" (Catechesi Tradendae) - "...прывесці некага не толькі да спаткання з Езусам, але і да аб'яднання, а нават да блізкай, глыбокай сувязі з Ім. Бо толькі Ён сам можа весці да любові Айца ў Святым Духу і да ўдзелу ў жыцці Святой Тройцы" (СТ 5). Такім чынам, навучанне рэлігіі дапамагае адкрыць праўду і патэнцыял маладога чалавека, а таксама яго месца ў жыцці. Вучыць правільнаму рашэнню жыццёвых праблем. Вучыць уменню жыць у супольнасці людзей. Вядзе да аб'яднання з Хрыстом, які сам пра сябе сказаў, што Ён – "шлях, праўда і жыццё" (Ян 14.6).

Дарагія бацькі! Хрыстос перш за ўсё да Вас кіруе свой заклік: "Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім; бо да такіх належыць валадарства Божае (Мк 10,14). Таму што менавіта сям'я з'яўляецца першым і самым важным асяроддзем, у якім фарміруецца асабовасць дзіцяці. Бацькі – гэта першыя настаўнікі веры для сваіх дзяцей, іх выхаваўцы, а разам з тым – сведкі веры (гл. DOK 255). Таму дазвольце звярнуцца да Вас словамі Блаславёнага Яна Паўла ІІ: "Дарагія Бацькі, вы добра ведаеце, як нялёгка ў сучасным свеце стварыць хрысціянскія ўмовы для выхавання дзяцей. Вы павінны рабіць усё, каб Бог быў прысутны і шанаваны ў вашых сем'ях. Не забывайце пра супольную штодзённую малітву, асабліва вечаровую; пра святкаванне нядзелі і ўдзел у нядзельнай св. Імшы. Вы з'яўляецеся для сваіх дзяцей першымі настаўнікамі малітвы і хрысціянскіх цнотаў, і ніхто не можа замяніць вас у гэтым. Захоўвайце рэлігійныя звычаі і дбайце пра хрысціянскія традыцыі, вучыце сваіх дзяцей павазе да кожнага чалавека. Няхай вашым самым вялікім імкненнем стане выхаванне маладога пакалення ў лучнасці з Хрыстом і Касцёлам. Толькі так вы захаваеце вернасць вашаму бацькоўскаму пакліканню і духоўным патрэбам вашых дзяцей" (ЯП II, Ловіч 1999).

Ідучы за навучаннем Блаславёнага Яна Паўла ІІ, прашу Вас, каб Вашы дзеці сістэматычна ўдзельнічалі ва ўроках рэлігіі ў кожным класе, і не толькі падчас падрыхтоўкі да Першай Святой Камуніі, але ажно да часу заканчэння навучання ў сярэдняй школе. Ніякія абставіны не могуць вызваліць Вас ад гэтага абавязку, за які Вы адпавядаеце ў сумленні перад Богам.

Дарагая моладзь! Заставайся вернай ідэалам Евангелля! Фарміруй на ўроках рэлігіі сваю асабовасць і чалавечнасць. Умілаваны Вамі Блаславёны Ян Павел ІІ так горача заахвочваў Вас да еднасці з Хрыстом: "Маладосць шукае ўзораў і прыкладаў. З дапамогай прыходзіць Вам сам Езус, які прысвяціў усё сваё жыццё дзеля дабра іншых (...). Няхай ваша думка кіруецца да Хрыста, які вас любіць, які з'яўляецца вашым верным таварышам і які дапамагае пераадолець усе цяжкасці. Вы ведаеце, што Вы – не самотныя, што побач з вамі Той, які ніколі не падводзіць. Хрыстос разумее самыя патаемныя імкненні вашага сэрца. Ён чакае вашай любові і вашага сведчання" (Ловіч, 1999). З радасцю і энтузіязмам сістэматычна ўдзельнічайце ў катэхетычных занятках у Вашай парафіі.
Дарагія дзеці! Вы – скарб для вашых любімых бацькоў, для нашага Касцёла і ўсёй краіны. Звяртаюся да Вас з гарачай просьбай, каб вы яшчэ больш палюбілі навучанне рэлігіі, яшчэ больш старанна сёлета наведвалі ўрокі рэлігіі. Вы павінны шукаць і пазнаваць Бога ў вялікай працы. Таму бяжыце туды, дзе можна Яго знайсці. Можа, гэта будзе халодны касцёл або цёмная каплічка ці цесны пакоік у касцельным будынку. Няхайгэта не разахвочвае Вас. Памятайце, што добры Бог кахае Вас і прагне ісці з Вамі ў школу, а таксама на ўрокі рэлігіі і праз усё Ваша жыццё.

Напрыканцы звяртаюся да Вас, Вялебныя Браты Святары. Другі Ватыканскі Сабор назваў Вас "выхаваўцамі ў веры" (PO, 6). Навучанне давераных Вам вернікаў – гэта Ваша найважнейшае святарскае заданне і абавязак. Арганізуйце навучанне рэлігіі ў парафіі, у прыватных дамах і ў іншых даступных месцах. Супрацоўнічайце ў справе катэхізацыі з бацькамі, настаўнікамі, ордэнскімі сёстрамі і свецкімі катэхеткамі.

Заклікаючы Маці Міласэрнасці да заступніцтва і аддаючы ў апеку святых ахоўнікаў нашай дыяцэзіі і заступніцтву Блаславёнага Папы Яна Паўла ІІ бацькоў, настаўнікаў, душпастыраў і катэхетаў, а таксама дзяцей і моладзь нашай дыяцэзіі, усіх з сэрца бласлаўляю.

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 23.08.2011 г.